Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТАМНЫ ЛЕДАКО́Л,
судна з ядзернай энергетычнай устаноўкай, прызначанае для плавання сярод ільдоў і падтрымкі навігацыі ў замярзальных басейнах.
Першы атамны ледакол «Ленін» пабудаваны ў СССР (1959), водазмяшчэнне 16 тыс.т, магутнасць 32,4 МВт, скорасць ходу па чыстай вадзе 33 км/гадз, у лёдзе таўшчынёй 2,5 м — 3,7 км/гадз. Ядзерная энергет. ўстаноўка з 3 вода-вадзянымі рэактарамі на уране. Водажалезная біял. ахова засцерагае ад радыеактыўнага выпрамянення. Кіраванне дыстанцыйнае. Атамны ледакол «Арктыка» (водазмяшчэнне 23 тыс.т, магутнасць 55 МВт) у 1977 дасягнуў Паўн. полюса. Аднатыпныя Атамныя ледаколы «Сібір» (1978) і «Расія» (1985).
Атамны ледакол «Арктыка»: асноўныя пазіцыі пры наступленні ледакола на льды (схемы): 1 — напаўзанне на льдзіну; 2 — працісканне; 3 — наступнае напаўзанне.Да арт. Атамны ледакол. Схема энергетычнай устаноўкі і размяшчэння яе асноўных агрэгатаў на ледаколе «Арктыка»: 1 — дыферэнтная цыстэрна; 2 — аддзяленне грабных электрарухавікоў; 3 — кармавая электрастанцыя; 4 — памяшканне атамнай параўтваральнай устаноўкі; 5 — аддзяленне галоўных турбагенератараў; 6 — аддзяленне дапаможных механізмаў; 7 — грабныя вінты; 8 — сярэдні электрарухавік; 9 — бартавыя электрарухавікі; 10 — электрашчыт; 11 — электрагенератары; 12 — турбіна; 13 — помпы; 14 — парагенератар; 15 — стабілізатар ціску; 16 — атамны рэактар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТАМНЫ РА́ДЫУС,
характарыстыка атама, якая дазваляе ацэньваць міжатамную адлегласць у малекулах і крышталях. Паводле квантавай механікі атаму прыблізна прыпісваюць некаторы памер — атамны радыус (каля 0,1 нм); адлегласць паміж 2 атамамі вызначаюць як велічыню, блізкую да сумы іх радыусаў (т.зв. адытыўнасць атамнага радыуса).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТАМНЫ ФЛОТ (ваен.),
сукупная назва караблёў і суднаў рознага класа з ядзернымі энергет. ўстаноўкамі. Уключаюць атамныя падводныя лодкі і надводныя караблі. Развіваецца з 1950-х г. (першая атамная падводная лодка ў ЗША здадзена ў эксплуатацыю ў 1954). Атамныя падводныя лодкі ёсць у ЗША, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, КНР. Надводныя караблі (авіяносцы, крэйсеры і інш.) уваходзяць у склад ВМС ЗША і ВМФ Расіі. Атамны флот валодае значна большым энергетычным і баявым патэнцыялам у параўнанні з караблямі такога класа са звычайнымі энергет. ўстаноўкамі.