Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІ́НАВЫЯ ЛЯСЫ́, асіннікі,
драбналістыя лясы, аснову дрэвастою ў якіх складае асіна. Пашыраны ва ўмеранай зоне Паўн. паўшар’я, гал. чынам у Еўропе і Азіі. На Беларусі сустракаюцца часцей на ПнУ, радзей на ПдЗ; агульная пл. 151,7 тыс.га (1,96% лесапакрытай плошчы, 1994). Тут яны з’яўляюцца вытворнымі лясамі, якія растуць на месцы высечак дубовых, радзей ялова-хваёвых і хваёвых лясоў. Займаюць пераважна багатыя супясчаныя і сугліністыя глебы нармальнага ўвільгатнення. Вылучаюць асіннікі: бруснічны, імшысты, арляковы, кіслічны, сніткавы, крапіўны, папарацевы, прыручайна-травяны, чарнічны, даўгамошны. Асінавыя лясы спрыяюць павышэнню ўрадлівасці глебы. Пасля высечак асінавыя лясы выкарыстоўваюць для аднаўлення хваёвых, яловых і дубовых лясоў. Асіннікі — кармавыя ўгоддзі для лася, аленя, зубра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЖА́НСКАЯ ПУ́ШЧА,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл. Створаны ў 1986 з мэтаю захавання прыроднага комплексу з гасп.-каштоўных, рэдкіх і знікаючых відаў раслін. Пл. 2778 га. Рэльеф хвалісты. Складаныя шыракалістыя і мяшаныя лясы: ялова-грабава-ляшчынава-чарнічныя і кіслічныя дубровы, хвойнікі, асіннікі; на ўзвышшах хвойнікі і бярэзнікі імшыстыя і верасовыя. У расл. покрыве каля 400 відаў раслін, у т. л.лек., дэкар. і гасп.-каштоўныя: ворлікі звычайныя, званочак персікалісты, гладыш шыракалісты, ландыш майскі, наперстаўка буйнакветкавая, чараўнік двухлісты, чына гладкая; жаўтазель германскі, кадзіла сармацкае, купальнік горны занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРО́КА (Мікалай Фёдаравіч) (н. 2.1.1949, в.Асіннікі Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне тэрапіі і рэўматалогіі. Д-рмед.н. (1992), праф. (1995). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1972). З 1978 у Мінскім мед. ун-це (з 1994 заг. кафедры, адначасова ў 1987—91 дэкан, з 1991 прарэктар).
Навук. працы па механізмах патагенезу, ранняй дыягностыцы, метадах лячэння і прафілактыцы сістэмных захворванняў злучальнай тканкі і суставаў, тэрапеўт. праблемах у галіне кардыялогіі, пульманалогіі і гастраэнтэралогіі.
Тв.:
Остеопороз: Практич. руководство для врачей. Мн., 1997;
Глюкокортикостероидные гормоны в клинике внутренних болезней. Мн., 2000;
Ревматоидный артрит: Пробл. диагностики и лечения. Мн., 2000 (разам з В.Я.Ягурам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАДПАЛЕ́СКАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,
фізіка-геаграфічная правінцыя на ПдУ Мінскай, Пн Гомельскай і ПдЗ Магілёўскай абл. Мяжуе на З з Заходне-Беларускай правінцыяй, на Пн і ПнЗ з Беларуска-Валдайскай правінцыяй, на ПнУ і У з Усходне-Беларускай правінцыяй, на Пд і ПдУ з Беларускім Палессем. Працягнулася з 3 на У на 257 км, з Пн на Пд на 175 км, пл. 36,4 тыс.км². Падзяляецца на фізіка-геагр. раёны: Цэнтральна-бярэзінская раўніна і Чачорская раўніна. Паверхня П.п. — раўніна, слабанахіленая на Пд, выш. да 150—180 м. У рэльефе вылучаюцца пласкахвалістыя водна-ледавіковыя і доннамарэнныя раўніны, згладжаныя марэнныя грады, хвалістыя, часткова ярыстыя ўчасткі на лёсападобных пародах. Трапляюцца дзюнна-ўзгорыстыя пясчаныя формы рэльефу. Тэрасаваныя рачныя даліны ўрэзаны на 15—25 м, даліна р. Дняпро на глыб. да 50 м. У тэктанічных адносінах тэр. П.п. прымеркавана да паўд. і ўсх.ч. Беларускай антэклізы, паўд. ускраіны Аршанскай упадзіны і Жлобінскай седлавіны. Асадкавыя пароды — верхнепратэразойскія, дэвонскія, мелавыя, палеагенавыя і неагенавыя, перакрытыя адкладамі антрапагенавай сістэмы. Карысныя выкапні: калійныя і каменныя солі (частка Старобінскага радовішча), мел, гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, мінер. воды. Клімат умерана кантынентальны, вільготны. Сярэдняя т-растудз. ад -6,3 °C да -7,5 °C, ліп. 18—18,5 °C. Вегетац. перыяд 187—193 сут. Ападкаў 580—640 мм за год. Найб. рэкі: Дняпро, Сож, Бярэзіна, Пціч. Азёры пераважна ў далінах рэк (старычныя). Вадасховішчы: Салігорскае (часткова) на р. Случ, Любанскае на р. Арэса, Чыгірынскае на р. Друць, Асіповіцкае на р. Свіслач. Глебы дзярнова-падзолістыя слабаападзоленыя пясчаныя, сфарміраваныя на флювіягляцыяльных пясках, сярэдне- і моцнаападзоленыя супясчаныя і сугліністыя на марэне і лёсападобных пародах. У далінах рэк поймавыя (алювіяльныя) глебы, у паніжэннях рэльефу — тарфяна-балотныя, пераважна нізіннага тыпу. Лясы займаюць 40% тэр., належаць да Бярэзінска-Перадпалескай геабатанічнай акругі падзоны грабава-дубова-цемнахвойных лясоў. Значную плошчу займаюць вытворныя бярэзнікі і асіннікі. Вял. балотныя масівы пашыраны ў сярэднім цячэнні р. Пціч, у міжрэччы Бярэзіны і Свіслачы, Бярэзіны і Друці. Пад ворывам каля 35% тэрыторыі. У П.п. заказнікі: паляўнічыя Чэрыкаўскі (часткова) і Чачэрскі; гідралагічны Заазер’е; біялагічныя Амяльнянскі, Копыш, Мацеевіцкае, Фаліцкі Mox і інш.