«АСТО́Я»,

прыватнаўласніцкі герб у ВКЛ: на чырвоным полі 2 залатыя месяцы рагамі ў розныя бакі, паміж месяцамі меч без похвы, рукаяткай уверх; клейнод — на прылбіцы 5 страусавых пёраў. Паводле паданняў, узнік на пач. 11—12 ст. На тэр. ВКЛ пашыраны пасля прыняцця Гарадзельскага прывілея 1413. Гербам «Астоя» карысталіся больш за 200 шляхецкіх родаў на Беларусі, Украіне, у Літве і Польшчы.

Герб «Астоя».

т. 2, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАТЫ́НСКІЯ,

княжацкі род герба «Астоя». Заснавальнік роду князь Аляксандр Андрэевіч (15 ст.), старэйшы сын удзельнага князя Андрэя Усеваладавіча Шуціхі Мезецкага з роду чарнігаўскіх князёў. Прозвішча паходзіць ад с. Баратынь паблізу Мезецка (Калужская вобл.). Аляксандр Андрэевіч і яго сыны служылі папераменна то вял. князям маскоўскім, то вял. князям ВКЛ. У час руска-літ. войнаў пач. 16 ст. ўнук Аляксандра Андрэевіча, Іван Львовіч, не пажадаў заставацца ў сваёй вотчыне, якая трапіла пад уладу Масквы, і з’ехаў у ВКЛ. Ён стаў заснавальнікам лукомскай галіны роду Баратынскіх, асн. уладаннем якой была частка Лукомскага княства. Ад Мікалая, сына Івана Львовіча, пайшла аршанская лінія роду Баратынскіх, якія з 17 ст. ўсё радзей карысталіся княжацкім тытулам. У Польшчы жылі Баратынскія герба «Корчак» і «Сякера».

т. 2, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)