СЛУ́ШКІ, Служкі,
шляхецкі род герба «Астоя» (першапачаткова «Волга») у ВКЛ. Родапачынальнік Ян (Іван; ? — пасля 1472), які ў пач. 15 ст. падлеткам вывезены ў Польшчу, каля 1429 стаў бургграфам Ольштына, у 1436 атрымаў польскую набілітацыю. Яго сын Амяльян вярнуў спадчынныя маёнткі на Беларусі, меў сыноў Рыгора (? — пасля 1517), намесніка цырынскага, і Івана — родапачынальніка Амельяновічаў (Цяпінскіх). Найб. вядомыя С.:
Іван (? — да 1560), сын Рыгора, гараднічы кіеўскі, дзяржаўца любецкі і новагародскі. Мікалай (? — каля 1583), сын Івана, староста крычаўскі з 1577. Аляксандр (каля 1580 — ліп. 1647), староста рэчыцкі, прапойскі, гомельскі, менскі, кашталян менскі ў 1618—28 і жамойцкі ў 1628—38, ваявода новагародскі ў 1638—42 і трокскі з 1642. Зыгмунт Адам (? — 2.12.1674), сын Аляксандра, староста гомельскі, прапойскі, рэчыцкі (1658—72), надворны харунжы ВКЛ у 1649—56, вял. харунжы ВКЛ з 1656. Багуслаў Юрый (? — пасля студз. 1658), сын Аляксандра, староста рэчыцкі з 1639, стольнік ВКЛ у 1643—45, падскарбі надворны ВКЛ з 1645. На яго дзецях род С. згас. Юзаф Багуслаў (22.10.1652—8.10.1701), сын Багуслава Юрыя, староста рэчыцкі ў 1672—88, лоўчы ВКЛ у 1673—76, вял. харунжы ВКЛ у 1676—83, маршалак надворны ў 1683—85, кашталян трокскі ў 1785 і віленскі з 1785, адначасова гетман польны ВКЛ з 1685. Дамінік Міхаіл (каля 1655—31.1.1713), сын Багуслава Юрыя, палкоўнік, староста рэчыцкі, суражскі, барысаўскі, ваявода полацкі з 1686.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 15, с. 35
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)