Астача (матэм.) 4/217

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЎНІ́ННАЯ СМАЛА́,

сумесь арган. рэчываў, якая ўтвараецца пры піролізе драўніны. Адрозніваюць адстойную (вылучаецца пры распластаванні вадкага піралізату), растваральную (знаходзіцца ў водным слоі) і экстракцыйную (вылучаюць з воднага слоя арган. растваральнікамі).

Адстойная Д.с. вязкая цёмна-рудая вадкасць з рэзкім пахам, пры перагонцы дае 30—60% дыстыляту, які мае фенолы (50—60%), нейтральныя рэчывы (20—30%), к-м (5—15%), і 30—50% драўніннага пеку — кубавая астача, у якой 60—80% высокамалекулярных фенолакіслот. Растваральная Д.с. мае вугляводы (25—30%), лактоны гідроксікіслот (да 30%), лятучыя к-ты (10—20%), фенолы і іх вытворныя (15—25%), а экстракцыйная — да 50—60% фенолаў. Выкарыстоўваюць як змякчальнік пры рэгенерацыі гумы, сувязнае для актываваных вуглёў, экстракцыйную — для атрымання паніжальнікаў вязкасці свідравінных раствораў.

Я.Г.Міляшкевіч.

т. 6, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЙКАЗЛУЧЭ́ННІ,

прадукты аднаўлення многіх арган. фарбавальнікаў.

Звычайна пры пераходзе фарбавальнікаў (напр., трыфенілметанавых, індыгоідных, хінонімінавых, сярністых) у Л. аднаўляюцца экзацыклічныя падвойныя (напр., С=О, С=С) ці дысульфідныя (S—S) сувязі, што прыводзіць да змены характару сувязей у араматычных астачах і, як правіла, колеру. Л. бясколерныя або слабаафарбаваныя, лёгка акісляюцца (многія пад уздзеяннем кіслароду паветра) да зыходных фарбавальнікаў. Воданерастваральныя кубавыя, сярністыя, індыгоідныя фарбавальнікі пры аднаўленні (напр., дытыянітам натрыю Na2S2O4) у шчолачным асяроддзі ўтвараюць солі Л., якія добра раствараюцца ў вадзе або асновах, вызначаюцца павышанай роднасцю да цэлюлозных валокнаў (гл. Кубавыя фарбавальнікі). Устойлівыя да акіслення алкілсульфаты Л. агульнай ф-лы R(OSO3Na)x (дзе R — арган. астача, x = 2—4) выкарыстоўваюць у кубавым фарбаванні. Гл. таксама Індыга.

Я.Г.Міляшкевіч.

т. 9, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯЛЕ́ННЕ,

арыфметычнае дзеянне, адваротнае множанню. Падзяліць лік a (дзеліва) на b (дзельнік адрозны ад нуля) — значыць знайсці такі лік x (дзель), што здабытак bx = a (або xb = a). Для абазначэння Дз. выкарыстоўваюць знакі двукроп’я (a:b), гарыз. (ab) або нахільнай (a/b) рысы.

Для рацыянальных лікаў (цэлых, дробных і нуля) Дз. адназначнае і заўсёды магчымае (акрамя Дз. на нуль, што немагчыма). У межах цэлых лікаў — адназначнае, але не заўсёды магчымае, напр., 6 дзеліцца на 2 і 3, але не дзеліцца на 5. Абагульненнем звычайнага Дз. з’яўляецца Дз. з астачай. Падзяліць цэлыя неадмоўныя лікі a на b — знайсці такія цэлыя неадмоўныя лікі x і y, якія задавальнялі б патрабаванні a = bx + y, y < b, дзе x — няпоўная дзель (пры y ≠ 0) ці дзель (пры y = 0); y — астача. Гл. таксама Падзельнасць.

т. 6, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫАЗАЗЛУЧЭ́ННІ,

арганічныя злучэнні, якія маюць групоўку з 2 атамаў азоту (N2 — дыазагрупа), звязаную з адной арган. астачай. Вынайдзены ням. хімікам І.П.Грысам у 1857. Паводле хім. уласцівасцей адрозніваюць Д. аліфатычныя і араматычныя.

Аліфатычныя Д. — дыазаалканы (агульная ф-ла RR′CN2; дае R, R′ — алкіл ці вадарод) раскладаюцца пры награванні, дзеянні каталізатараў, кіслот; рэагуюць з вадой, галагенамі, галагенавадародамі з вылучэннем азоту. Найпрасцейшы прадстаўнік — дыазаметан. Выкарыстоўваюць як алкіліруючыя рэагенты (гл. Алкіліраванне). Атрутныя. Араматычныя Д. маюць агульную ф-лу ArN2X, дзе Ar — арыл, X — гідраксільная група ці кіслотная астача. Найб. важныя — солі дыазонію (напр., бензолдыазонійхларыд C6 H5 N+2 Cl ), бясколерныя цвёрдыя рэчывы, раскладаюцца пры награванні і мех. уздзеянні. Д. ўступаюць у рэакцыі з захаваннем дыазагрупы (напр., азаспалучэнне) і з вылучэннем азоту (абменьваюць дыазагрупу на інш.). Атрымліваюць узаемадзеяннем першасных араматычных амінаў пры т-ры 0—20 °C з азоцістай к-той (дыазатаванне). Выкарыстоўваюць у вытв-сці азафарбавальнікаў, лек. сродкаў, як святлоадчувальныя матэрыялы для вырабу фотарэзістараў і ў дыазатыпіі.

Я.Г.Міляшкевіч.

т. 6, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСТЫЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. distillatio сцяканне кроплямі),

перагонка, раздзяленне вадкіх сумесей на фракцыі рознага саставу. Засн. на адрозненні саставу вадкасці і пары, што ўтвараецца з яе. Ажыццяўляюць частковым выпарэннем вадкасці з наступнай кандэнсацыяй пары.

Пры Д. атрымліваюць кандэнсат (дыстылят) — вадкасць, якая мае большую колькасць, адносна зыходнай сумесі, нізкакіпячых (больш лятучых) кампанентаў, і неадагнаную вадкасць (кубавая астача), у якой больш высокакіпячых рэчываў. Д. наз. фракцыйнай (дробнай), калі з зыходнай сумесі адганяюць некалькі фракцый. У залежнасці ад умоў працэсу (ціск, т-ра) адрозніваюць Д. простую і малекулярную, якую ажыццяўляюць пры т-рах, ніжэйшых за т-ры кіпення вадкасці, і нізкім ціску (менш за 0,13 Па). Простую Д. робяць пры паступовым ці аднаразовым выпарэнні. Пры паступовым выпарэнні пара, што ўтвараецца над вадкасцю, бесперапынна адводзіцца з апарата, пры аднаразовым — увесь час награвання да вызначанай т-ры застаецца ў сістэме ў кантакце з вадкасцю (пара-вадкасную сумесь раздзяляюць у сепаратары). Прысутнасць пары зніжае парцыяльны ціск высокакіпячых фракцый у сістэме і дазваляе весці перагонку пры больш нізкай т-ры (параўнальна з т-рай Д. пры паступовым выпарэнні). Пры неабходнасці зніжэння т-ры працэсу робяць Д. з вадзяной парай ці інертным газам. Выкарыстоўваюць у хім., нафтаперапрацоўчай, фармацэўтычнай прам-сці, у лабараторнай практыцы. Гл. таксама Рэктыфікацыя, Перагонка нафты.

Я.І.Шчарбіна.

т. 6, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)