Астанкіна 1/530; 8/37

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АСТА́НКІНА,

архітэктурна-мастацкі ансамбль канца 18 ст. ў Маскве. Былая падмаскоўная сядзіба графаў Шарамецевых, з 1918 палац-музей творчасці прыгонных. Аснову арх. ансамбля складае комплекс у стылі позняга класіцызму (1791—98, арх. Ф.Кампарэзі, П.Аргуноў і інш.; ляпныя рэльефы Ф.Гардзеева і Г.Замараева). Цэнтр комплексу — палац-тэатр, злучаны невысокімі галерэямі з канцэртнай залай у «Егіпецкім» і з банкетнай — у «Італьянскім» павільёнах. У інтэр’ерах — калекцыі жывапісу, гравюры, скульптура, мэбля, фарфор і інш. Часткова захаваўся пейзажны парк, Троіцкая царква (1678—92) са званіцай у псеўдарускім стылі. У раёне Астанкіна ў 1967 пабудавана унікальная вежа (537 м) Маскоўскага тэлецэнтра (арх. Дз.Бурдзін, Л.Батанаў, В.Мілашэўскі, інж. М.Нікіцін, Б.Злобін).

т. 2, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ ВЯЛІ́КІ СІМФАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР ІМЯ П.І.ЧАЙКО́ЎСКАГА Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі.

Створаны ў 1930 у Маскве як Сімф. аркестр Усесаюзнага радыё, з 1937 вялікі, з 1964 Усесаюзнага радыё і тэлебачання, з 1974 Вял. акадэмічны сімф. аркестр Усесаюзнага тэлебачання і радыё, з 1994 аркестр Рас. дзярж. тэлерадыёкампаніі «Астанкіна», з 1996 сучасная назва. Аркестрам кіравалі А.Арлоў (з 1930), М.Галаванаў (з 1937), А.Гаўк (з 1953), Г.Раждзественскі (з 1961). З 1974 гал. дырыжор і маст. кіраўнік У.Федасееў. У розны час з аркестрам працавалі дырыжоры В.Сук, Л.Штэйнберг, С.Самасуд, Я.Мравінскі, А.Мелік-Пашаеў, Н.Рахлін, К.Іваноў, Э.Клайбер, О.Фрыд, Ф.Штыдры, Г.Себасцьян, Л.Стакоўскі, Ф.Канвічны, Дж.Джарджэску, В.Ферэра, А.Клюітэнс і інш. У ансамблі з аркестрам выступалі выдатныя айч. і замежныя інструменталісты і спевакі. У рэпертуары аркестра буйныя сімф. і вак.-сімф. творы кампазітараў-класікаў, сучасных зарубежных і айч. аўтараў. Калектыў — першы выканаўца многіх твораў П.Чайкоўскага, С.Пракоф’ева, Р.Гліэра, М.Мяскоўскага, Ю.Шапорына, Дз.Шастаковіча, А.Хачатурана, Дз.Кабалеўскага, Ц.Хрэннікава, К.Караева, В.Мурадэлі, А.Баланчывадзе, А.Такгакішвілі, Р.Шчадрына, Б.Чайкоўскага, М.Вайнберга, Г.Свірыдава і інш., удзельнічаў у пастаноўцы многіх опер класічнага і сучаснага рэпертуару.

т. 6, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)