Асматычны ціск, гл. Осмас

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АСМАТЫ́ЧНЫ ЦІСК, дыфузны ціск,

лішкавы гідрастатычны ціск раствору, які перашкаджае дыфузіі растваральніку праз паўпранікальную перагародку; тэрмадынамічны параметр. Характарызуе імкненне раствору да зніжэння канцэнтрацыі пры сутыкненні з чыстым растваральнікам пры сустрэчнай дыфузіі малекул растворанага рэчыва і растваральніку. Абумоўлены змяншэннем хімічнага патэнцыялу растваральніку ў прысутнасці растворанага рэчыва. Роўны лішкаваму вонкаваму ціску, які неабходна прыкласці з боку раствору, каб спыніць осмас. Вымяраецца ў паскалях.

Вымярэнні асматычнага ціску пачаў у 1877 ням. батанік В.​Пфефер у растворы трысняговага цукру. Па яго даных галандскі хімік Я.​Х.​Вант-Гоф устанавіў у 1887, што залежнасць асматычнага ціску ад канцэнтрацыі цукру па форме супадае з Бойля-Марыёта законам для ідэальных газаў. Асматычны ціск вымяраюць з дапамогай асмометраў. Статычны метад вымярэння асматычнага ціску заснаваны на вызначэнні лішкавага гідрастатычнага ціску па вышыні слупка вадкасці H пасля ўстанаўлення стану раўнавагі пры роўнасці вонкавых ціскаў PА і PБ; дынамічны метад зводзіцца да вымярэння скорасці V усмоктвання і выціскання растваральніку з асматычнай ячэйкі пры розных значэннях лішкавага ціску P = PА – PБ з наступнай інтэрпаляцыяй атрыманых даных да V=0 пры лішкавым ціску Δp, роўным асматычнаму ціску. Па велічыні асматычнага ціску распазнаюць: ізатанічныя, або ізаасматычныя, растворы, якія маюць аднолькавы асматычны ціск (незалежна ад саставу), гіпертанічныя з больш высокім Асматычным ціскам і гіпатанічныя растворы з больш нізкім асматычным ціскам.

Асматычны ціск адыгрывае важную ролю ў жыццядзейнасці жывых клетак і арганізмаў. У клетках і біял. вадкасцях ён залежыць ад канцэнтрацыі раствораных у іх рэчываў. Па велічыні асматычнага ціску вадкасцяў унутр. асяроддзя арганізма (кроў, гемалімфа і інш.) водныя арганізмы падзяляюцца на гіпер-, гіпа- і ізаасматычныя. Сярэдняя велічыня і дыяпазон асматычнага ціску ў розных арганізмаў розныя і залежаць ад віду і ўзросту арганізма, тыпу клетак і асматычнага ціску навакольнага асяроддзя (напр., асматычны ціск клетачнага соку наземных органаў балотных раслін 0,2—1,6 МПа, у стэпавых 0,8—0,4, у дажджавых чарвякоў 0,36—0,48, у прэснаводных рыб 0,6—0,66, у акіянічных касцістых рыб 0,78—0,85, акулавых 2,2—2,3, млекакормячых 0,66—0,8 МПа). У гіперасматычных арганізмаў (прэснаводныя жывёлы, некаторыя марскія храстковыя рыбы — акулы, скаты; усе расліны) унутр. Асматычны ціск перавышае асматычны ціск навакольнага асяроддзя, таму іоны могуць актыўна паглынацца арганізмам і ўтрымлівацца ў ім, а вада паступае праз біял. мембраны пасіўна, у адпаведнасці з асматычным градыентам. У гіпаасматычных жывёл (касцістыя рыбы, некаторыя марскія паўзуны, птушкі) асматычны ціск крыві меншы за асматычны ціск навакольнага асяроддзя. Адноснае пастаянства Асматычнага ціску забяспечваецца водна-салявым абменам праз осмарэгулявальныя органы (гл. ў арт. Осмарэгуляцыя).

Літ.:

Курс физической химии. Т. 1—2. 2 изд. М., 1970—73;

Пасынский А.Г. Коллоидная химия. 3 изд. М., 1968;

Гриффин Д., Новик Эл. Живой организм: Пер. с англ. М., 1973.

Вымярэнне асматычнага ціску асмометрам: А — камера для раствору; Б — камера для растваральніка; М — мембрана. Узроўні вадкасці ў трубках пры асматычнай раўнавазе: а, в — пры роўнасці вонкавых ціскаў PА = PБ; б — пры роўнасці рознасці PАPБ асматычнага ціску.

т. 2, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОСМАРЭГУЛЯ́ЦЫЯ (ад осмас + лат. regulo накіроўваю),

сукупнасць фіз.-хім. працэсаў, якія забяспечваюць адноснае пастаянства асматычна актыўных рэчываў ва ўнутр. асяроддзі арганізма жывёл. Уласціва большасці жывёл. Існуюць 2 крайнія тыпы рэакцыі на асматычны стрэс. Пойкіласматычныя жывёлы асматычна лабільныя, асматычная канцэнтрацыя вадкасцей іх цела залежыць ад асяроддзя. Гамойасматычныя жывёлы асматычна стабільныя, пры змене навакольнага асяроддзя асматычны ціск іх унутр. вадкасцей застаецца адносна пастаянным. Адрозніваюць таксама гіперасматычных жывёл (прэснаводныя жывёлы, марскія храстковыя рыбы), якія падтрымліваюць больш высокую канцэнтрацыю асматычна актыўных рэчываў ва ўнутр. вадкасцях, чым у навакольным асяроддзі, і гіпаасматычных жывёл (марскія касцістыя рыбы, марскія паўзуны і некат. ракападобныя), што маюць ніжэйшую за асяроддзе канцэнтрацыю рэчываў. У млекакормячых асн. орган О. — ныркі, здольныя выдзяляць гіпатанічную мачу пры лішку вады і асматычна канцэнтраваную — пры яе недахопе. Прыстасаванне сістэм О. да ўмоў арыднай зоны ўключае шэраг механізмаў — павелічэнне канцэнтрацыйнай здольнасці нырак, што дазваляе абыходзіцца без пітной вады (кенгуровы пацук), павелічэнне трываласці да абязводжвання (асёл), выкарыстанне мачавой к-ты як канчатковага прадукту азоцістага абмену (паўзуны, птушкі), наяўнасць насавых залоз, якія выдзяляюць соль (некат. яшчаркі) і інш. У О. прымаюць удзел гіпаталамус, гіпофіз, наднырачнікі, шчытападобная і падстраўнікавая залозы, а таксама сенсорныя органы і рухальныя сістэмы. Эвалюцыя О. спрыяла асваенню разнастайных умоў існавання.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНАЯ КУЛЬТУ́РА,

спосаб вырошчвання раслін на водных растворах пажыўных рэчываў. Упершыню прапанаваў англ. вучоны Дж.​Вудвард (1699). Дэталёвая распрацоўка пачалася з сярэдзіны 19 ст. У Расіі водную культуру выкарыстаў К.​А.​Ціміразеў (1872). Асяроддзе — раствор пажыўных сумесей на дыстыляванай вадзе. Выкарыстоўваецца ў даследаваннях жыўлення, росту і развіцця раслін, а таксама ў вытв. умовах (гл. Гідрапоніка). У воднай культуры рэгулююцца аб’ём, састаў, канцэнтрацыя, асматычны ціск, рэакцыя і інш. ўласцівасці пажыўнага раствору. Метад воднай культуры даў магчымасць устанавіць элементы, неабходныя для жыўлення і развіцця раслін, высветліць ролю мікраэлементаў у жыцці раслін. Ва ўмовах воднай культуры добра развіваюцца ўсе с.-г. расліны. Асобныя даследчыкі пашыраюць паняцце воднай культуры на прамысл. аквакультуру.

т. 4, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПРАСНЕ́ННЕ ВАДЫ́,

апрацоўка марской вады ці вады моцнамінералізаванай крыніцы з мэтай зніжэння канцэнтрацыі раствораных соляў да ступені (звычайна да 1 г/л), пры якой вада становіцца прыдатнай на піццё ці гасп. мэты. Робіцца ў апрасняльніках.

Пры апрасненні вады выпарэннем салёную ваду награваюць, пару кандэнсуюць. Пры апрасненні вады вымарожваннем выкарыстоўваюць уласцівасць салёнай вады пры замярзанні ўтвараць крышталі прэснага лёду, паміж якімі знаходзяцца крышталі салёнага лёду. Пры раставанні ў вадкі стан спачатку пераходзяць крышталі салёнага лёду, што і дазваляе аддзяліць салёную ваду ад прэснай. Пры электролізным спосабе катыёны і аніёны раствораных у вадзе соляў пад дзеяннем пастаяннага эл. поля выдаляюцца праз спец. мембраны, якія не прапускаюць прэснай вады. Гіперфільтрацыйны метад заснаваны на ўласцівасці мембран, зробленых з ацэтылцэлюлозы ці паліамідных смолаў, пры ціску, вышэйшым за асматычны, прапускаць малекулы вады, але затрымліваць гідратызаваныя іоны раствораных у вадзе соляў.

Апрасненне вады ў многаступеньчатым дыстыляцыйным апрасняльніку з імгненным закіпаннем: I—IV, N — камеры выпарэння; 1 — падагравальнік; 2 — кандэнсатар эжэктара; 3 — паравыя эжэктары; 4 — кандэнсатары; 5 — пырскаўлоўнікі; 6 — паддоны для збору кандэнсату; 7 — помпы.

т. 1, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)