СІМПАТАЛІТЫ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ (лац. sympatholytica здольны раствараць, аслабляць),

лекавыя сродкі, якія парушаюць перадачу нерв. імпульсаў з сімпатычных нерваў на выканаўчыя органы. Да С.с. адносяцца рэзерпін, метылдопа, актадзін, арнід, якія ўздзейнічаюць на канцы сімпатычных нерваў. Асн. эфекты С.с. звязаны з прыгнечаннем сімпатычнай нервовай сістэмы і дамінаваннем актыўнасці парасімпатычнай нерв. сістэмы: змяншэнне артэрыяльнага ціску, узмацненне маторнай і сакраторнай функцый страўніка, кішэчніка і інш. Выкарыстоўваюць для лячэння артэрыяльнай гіпертаніі, пры глаўкоме, сардэчных арытміях.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТА́НДЭР (ад франц. détendre аслабляць),

машына для ахаладжэння газаў шляхам іх расшырэння з аддачай знешняй работы. Бываюць поршневыя (падобныя да кампрэсара або паравой машыны) і турбінныя (актыўныя ці рэактыўныя турбадэтандэры). Выкарыстоўваюцца ў прамысл. устаноўках для звадкавання газаў (азоту, кіслароду, гелію і інш. з нізкай т-рай кіпення), раздзялення газавых сумесей метадам глыбокага ахаладжэння, у крыягенных рэфрыжэратарах, у некаторых сістэмах кандыцыянавання паветра і інш.

Да арт. Дэтандэр. Схема цэнтраімклівага рэактыўнага турбадэтандэра: 1 — спіральны падвод газу; 2 — накіравальны соплавы апарат; 3 — ротар; 4 — адвадны дыфузар.

т. 6, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЛІНАЛІ́ТЫКІ (ад халін + грэч. lytikos здольны раствараць, аслабляць), халіналітычныя сродкі, халінаблакатары,

група лекавых сродкаў расл. і сінт. паходжання, якія блакіруюць халінарэцэптары. Адрозніваюць м-Х. (напр., атрапін, скапаламін, метацын), н-Х.—2 групы (гангліяблакатары і міярэлаксанты) і м-н-Х. (напр., спазмаліцін, цыкладол, паркапан).

Некат. Х. блакіруюць пераважна перыферычныя (напр., метацын, гігроній), інш. — цэнтр. халінарэцэптары (напр., амізіл, цыкладол). М-Х. і м-н-Х. пераважна перыферычнага дзеяння выкарыстоўваюць пры спазмах гладкай мускулатуры органаў брушной поласці, для агляду вочнага дна і інш.); Х. цэнтр. дзеяння — для лячэння паркінсанізму і інш. Уласцівасцямі Х. валодаюць некат. транквілізатары, антыгістамінныя прэпараты і інш.

І.​М.​Семяненя, А.​М.​Шадко.

т. 16, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)