АСКЕ́РКА Сцяпан Міхаіл
(12.9.1712, Навагрудчына — ?),
эканаміст, юрыст. Вучыўся ў Слуцкай гімназіі. Працягваў адукацыю ў Кёнігсбергу і Берліне, але з-за ганенняў езуітаў на яго бацькоў вымушаны вярнуцца на радзіму і прыняць каталіцкую веру. З 1733 зноў у Прусіі, саветнік юстыцыі караля Фрыдрыха II. У 1760 напісаў эканам. трактат «Неабавязковы план хутчэйшага асваення абложных зямель Брандэнбургскай маркі» (захоўваецца ў Рас. нац. б-цы ў С.-Пецярбургу, у бел. перакладзе выдадзены ў 1995). Аскерка ўпершыню ўвёў у навук. ўжытак слова «план», выказаў ідэі, якія адыгралі важную ролю ў фарміраванні т.зв. «прускага» шляху развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы.
Літ.:
Янченко С. Не все могут короли: Прусский монарх прислушивался к советнику-белорусу // Дело. 1993. № 4.
С.Я.Янчанка.
т. 2, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКЕ́РКА Аляксандр Уладзіслававіч
(1830, б. маёнтак Рудакова Хойніцкага р-на Гомельскай вобласці — 24.1.1911),
грамадскі дзеяч ліберальнага кірунку, удзельнік паўстання 1863—64. Скончыў Пецярбургскі ун-т. Чл. Мінскага губ. к-та па ўладкаванні побыту сялян. Удзельнічаў у распрацоўцы праектаў сял. рэформы 1861, у рабоце Віленскай археал. камісіі. У 1862 арганізаваў у Варшаве выданне бел. буквара-катэхізіса («Элементаж для добрых дзетак каталікоў»). Адзін з кіраўнікоў партыі «белых», уваходзіў у склад паўстанцкага Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы (загадваў вайсковымі справамі, начальнік г. Вільні). 12.6.1863 арыштаваны, сасланы на катаргу ў Сібір. З 1872 жыў у Варшаве, рэдагаваў час. «Ateneum». У 1885—1904 у Вільні. Памёр у Відзах Лаўчынскіх (Браслаўскі р-н).
Г.В.Кісялёў.
т. 2, с. 35
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКЕ́РКА Міхаіл Андрэевіч
(1836, Мінск — 10.5.1864),
удзельнік паўстання 1863—64. Скончыў Слуцкую гімназію, мед. ф-т Маскоўскага ун-та (1860). Працаваў урачом у Магілёве. У 1862 пакінуў дзярж. службу, удзельнічаў у стварэнні рэв. арг-цый у Магілёўскай губ. Належаў да партыі «чырвоных», трымаў сувязь з віленскім паўстанцкім цэнтрам, з К.Каліноўскім. Як камісар Магілёўскага ваяводства (губерні) разам з Л.Звяждоўскім узначаліў там узбр. паўстанне. Улетку 1863 прызначаны камісарам Мінскага ваяв. (губерні). Па заданні Каліноўскага ў кастр. разам з І.Ямантам рэарганізаваў паўстанцкую адміністрацыю на Міншчыне. Ратуючыся ад рэпрэсій, выехаў у Пецярбург, 3.11.1863 арыштаваны на ст. Востраў Пскоўскай губ. Расстраляны ў Магілёве паводле прыгавору ваен. суда.
Г.В.Кісялёў.
т. 2, с. 35
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКЕ́РКІ,
шляхецкі род герба «Мурдэлія», прадстаўнікі якога займалі дзярж.-адм. пасады ў ВКЛ. Мелі зямельныя ўладанні ў Мінскім і Полацкім ваяводствах, у Мазырскім, Наваградскім, Ашмянскім пав. У крыніцах згадваюцца з 16 ст. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:
Рыгор, удзельнік Ульскай бітвы 1564. Самуэль (1600 ? — 1675 ?), палкоўнік войска ВКЛ, войт мазырскі (1633), пасол соймавы, дэпутат трыбунала ВКЛ (1666), удзельнік вайны 1654—67. Антоні (1670 ?—1734), пасол соймавы, кашталян наваградскі (1726). Рафал Алоіз (1708—67), сын Антонія, маршалак мазырскі, пасол соймавы. Гервазы Людвік (1700 ?—71), сын Антонія, пасол соймавы, кашталян наваградскі (1724), войт мазырскі. Ян Мікалай (1735—96), сын Рафала, пасол соймавы, дэпутат трыбунала ВКЛ (1781), удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63, з’езда шляхты 1793 у Хойніках па падрыхтоўцы паўстання 1794. Баляслаў (1822—96), маршалак павятовы (1860), удзельнік паўстання 1863—64. Аляксандр, гл. Аскерка А.У. Міхаіл, гл. Аскерка М.А.
т. 2, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДДЗЕ́Л КІРАЎНІ́ЦТВА ПРАВІ́НЦЫЯМІ ЛІТВЫ́
(Wydział zarządzający prowincjami Litwy),
орган кіравання паўстаннем 1863—64 у Літве і на Беларусі. Створаны ў сак. 1863 у Вільні замест скасаванага Часовага правінцыяльнага ўрада Літвы і Беларусі. Узнік у выніку змовы памешчыцкай групоўкі «белых» з камісарам варшаўскага паўстанцкага ўрада ў Літве і на Беларусі Н.Дзюлёранам. У склад аддзела ўвайшлі «белыя»: Я.Гейштар (старшыня), А.Аскерка, Ф.Далеўскі, І.Лапацінскі, А.Яленскі. 27.2.1863 аддзел абвясціў несапраўднымі ўсе мандаты Часовага ўрада. «Белыя» імкнуліся звузіць сац. базу паўстання, паставіць на камандныя пасады сваіх аднадумцаў. Аддзел выдаваў загады і адозвы (у т. л. маніфест да бел. сялян ад 3.5.1863 на бел. мове), газеты. У канцы мая — пач. чэрв. 1863 Аскерка, Далеўскі і Яленскі арыштаваны, замест іх уведзены прадстаўнікі «чырвоных» К.Каліноўскі і У.Малахоўскі, намаганнямі якіх выдадзены дакументы радыкальнага характару, у т. л. «Прыказ... да народу зямлі літоўскай і беларускай» (11.6.1863), № 7 «Мужыцкай праўды» 26.6.1863 аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы перайменаваны ў Выканаўчы аддзел Літвы.
Г.В.Кісялёў.
т. 1, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)