АСКЕ́РКА Сцяпан Міхаіл

(12.9.1712, Навагрудчына — ?),

эканаміст, юрыст. Вучыўся ў Слуцкай гімназіі. Працягваў адукацыю ў Кёнігсбергу і Берліне, але з-за ганенняў езуітаў на яго бацькоў вымушаны вярнуцца на радзіму і прыняць каталіцкую веру. З 1733 зноў у Прусіі, саветнік юстыцыі караля Фрыдрыха II. У 1760 напісаў эканам. трактат «Неабавязковы план хутчэйшага асваення абложных зямель Брандэнбургскай маркі» (захоўваецца ў Рас. нац. б-цы ў С.-Пецярбургу, у бел. перакладзе выдадзены ў 1995). Аскерка ўпершыню ўвёў у навук. ўжытак слова «план», выказаў ідэі, якія адыгралі важную ролю ў фарміраванні т.зв. «прускага» шляху развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы.

Літ.:

Янченко С. Не все могут короли: Прусский монарх прислушивался к советнику-белорусу // Дело. 1993. № 4.

С.Я.Янчанка.

т. 2, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)