Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́НЦІМ,
ням.Аўшвіц, найбуйнейшы ням.-фаш. канцэнтрацыйны лагер і лагер смерці ў 2-ю сусв. вайну. Створаны ў 1940 каля г.Асвенцім (Польшча), у 1941—42 пашыраны. Пл. 500 га. Складаўся з трох лагерных комплексаў: асн. лагера, лагера смерці Біркенаў (польск. Бжазінка; існаваў у студз. 1942—ліст. 1944 на месцы пабудаванага ў кастр. 1941 лагера для ваеннапалонных) і лагера, што выкарыстоўваў працу вязняў на ваен. патрэбы Германіі. У ліст. 1942 — маі 1944 у Асвенцім былі вывезены каля 5700 вязняў з Гродна, Мінска і Віцебска. За гады вайны нацысты загубілі ў газавых камерах і спалілі ў 4 крэматорыях Асвенціма каля 1,5 млн.чал. амаль з усіх краін Еўропы і акупіраванай тэр.СССР. У Асвенціме дзейнічала падп.арг-цыя Супраціўлення, у кастр. 1944 адбылося няўдалае ўзбр. выступленне вязняў. Уцалелых 7500 зняволеных вызваліла Чырв. Армія 27.1.1945. На тэр.б. лагера створаны дзярж. музей Асвенцім-Бжазінка, у 1967 адкрыты Міжнар. помнік пакутніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́НЦІМ (Oświęcim),
горад на Пд Польшчы, на р. Сола, паблізу яе ўпадзення ў р. Вісла. 45,5 тыс.ж. (1987). Прам-сць: хімічная (камбінат арган. сінтэзу), харч., гарбарная, машынабудаванне. З 1272 горад. У 1317—1564 — цэнтр Асвенцімскага княства. У 1940—45 у прадмесці Асвенціма існаваў ням.-фаш. канцэнтрацыйны лагер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУФКО́ (Эдуард Станіслававіч) (4.3.1921, с. Славоціна Селіжараўскага р-на Цвярской вобл., Расія —17.10.1998),
бел. жывапісец. Вучыўся ў Яраслаўскім маст. вучылішчы (1938—39). У 1946—53 рэпрэсіраваны і зняволены. Працаваў у жанрах сюжэтна-тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Творчай манеры ўласцівы экспрэсіўнасць, выразнасць каларыту, арыгінальнасць кампазіцыйнай пабудовы, шырокае выкарыстанне сімволікі. Героіка-трагедыйным гучаннем вызначаюцца творы антыфаш. цыкла: «Праклён фашызму» (1960), «Уцёкі» (1961), «Правда» (1963), «Няскораны» (1969), «Асвенцім» (1974), «Памяці вязняў Ламсдорфа» (1977) і інш. Аўтар партрэтаў («Маці партызана», 1957; Ф.Дастаеўскага, 1972; партызана М.А.Хлебнікава, 1979; пісьменніка У.А.Калесніка, 1980; ганаровага грамадзяніна Брэста В.П.Ласковіча, 1988), шэрагу краявідаў Прыбалтыкі і Каўказа, нацюрмортаў, карцін на сучасныя тэмы. Сталінскім лагерам прысвяціў карціны «Іван Дзянісавіч» (1984), «У памяці маёй» (1987), «Аўтапартрэт» (1989) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЗЕЛ, Вісель (Wisel) Элі (н. 30.9.1928, г. Сігету-Мармацыей, Румынія), амерыканскі грамадскі дзеяч, пісьменнік. Праф. іудаістыкі Сіці-каледжа ў Нью-Йорку (з 1972). Скончыў Сарбону. У 2-ю сусв. вайну вязень канцлагераў Асвенцім, Бухенвальд. З 1956 у ЗША. Піша пераважна па-французску. Большая ч. яго твораў («І свет маўчаў», 1956; «Дзень», 1961; «Песня мёртвых», 1966 і інш.) звязана з тэмай катастрофы еўрап. яўрэйства. Аўтар тэрміна «халакост» (татальнае знішчэнне яўрэяў у 2-ю сусв. вайну). Нобелеўская прэмія міру 1986.
польскі паліт. дзеяч, журналіст. Чл. Польскай сацыяліст. партыі (з 1918). У 1919—21 удзельнічаў у Сілезскіх паўстаннях. Адзін з заснавальнікаў Саюза незалежнай сацыяліст. моладзі (1922). У 1928—30 дэпутат сейма. У 1929 адзін са стваральнікаў «Цэнтралеву» (блок 6 цэнтрысцкіх і левых партый). Быў арыштаваны і зняволены ў Брэсцкай крэпасці, у 1932 асуджаны на 3 гады. З 1934 прыхільнік саюзу сацыялістаў з камуністамі, у 1936—37 сузаснавальнік і нам.гал. рэдактара газ. «Dziennik Popularny» («Папулярны штодзённік»), якая выступала за адзіны фронт. У перыяд фаш. акупацыі чл. канспіратыўнай групоўкі «Барыкада свабоды». У 1940 арыштаваны гестапа, вывезены ў Асвенцім і расстраляны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКО́ЎСКІ ((Makowski) Юзаф Тадэвуш) (29.1.1882, г.Асвенцім, Польшча — 1.11.1932),
польскі жывапісец. Вучыўся ў АМ у Кракаве (1903—08) у Я.Станіслаўскага і Ю.Мехофера і ў Парыжы (1908) у А. Ле Факанье. Жыў пераважна ў Францыі. У ранні перыяд пад уплывам П.Пюві дэ Шавана ствараў манум. сімвалічныя карціны («Хрышчэнне ў Іардані», 1909), пазней зазнаў уплыў кубізму («Партрэт мужчыны ў белым капелюшы», 1912). З 1920-х г. рабіў геаметрызаваныя кампазіцыі, пераважна на тэмы з жыцця дзяцей, у якіх спалучаў рысы сімвалізму, кубізму і прымітывізму. Сярод твораў: «Дзіцячая капэла» (1922), «Дзеці і ліхтарыкі» (каля 1928), «Шавец» (1930), «Скнара» (1932), «Двое дзяцей з сабакам» (каля 1932) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКІЁНАК (Данат Адамавіч) (15.5.1891, в. Тамбоўка Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 18.6.1941),
адзін з першых расійскіх лётчыкаў-асаў. Кавалер Георгіеўскіх крыжоў 3 ступеней. Скончыў Севастопальскую шкалу авіяцыі (1914). У арміі з 1911, пасля авіяшколы накіраваны ў авіяатрад 3-га корпуса ў Ліду. У 1-ю сусв. вайну на Зах. фронце. Вёў паветр. разведку, з 1916 — у першым у Рас. арміі знішчальным авіяатрадзе І.А.Арлова. За баявыя заслугі ўзнагароджаны многімі ордэнамі, атрымаў чын афіцэра (1915). З 1918 у Войску Польскім, у складзе якога ўдзельнічаў у баях (1918—20). У 1919—25 камандзір авіяэскадрыллі. Пасля вайны служыў у Варшаве, Вільні. У 1925—29 камендант парку самалётаў авіяц. школы ў Быдгашчы. З 1929 у адстаўцы ў званні маёра. Загінуў у канцлагеры Асвенцім.
Літ.:
Соболев Д. Воздушные асы — кто они? // Крылья Родины. 1994. № 8;
Pawlak J. Polskie eskadry w latach 1918—1939. Warszawa, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬБЕ ((Kolbe) Максімілян Марыя) (свецкае імя Раймунд; 8.1.1894, г. Здунска-Воля, Польшча — 14.8.1941),
польскі рэліг. дзеяч. Д-р філасофіі (1915), д-р тэалогіі (1919). Скончыў Грэгарыянскі ун-т у Рыме. З 1914 манах ордэна францысканцаў, з 1918 ксёндз. З 1919 выкладаў у Кракаўскай францысканскай семінарыі. У 1922—27 служыў у Гродзенскім кляштары францысканцаў. У 1927 заснаваў у в. Папротня Лодзінскага ваяв. францысканскі комплекс Непакалянаў (адзін з найбольшых у свеце) і быў яго кіраўніком. У 1931—35 місіянер у Японіі, арганізатар ордэна францысканцаў у г. Нагасакі, выдавец каталіцкага часопіса на яп. мове. Заснавальнік і рэдактар каталіцкіх выданняў, у т. л.час. «Rycerz Niepokalanej» («Рыцар Бязгрэшна Зачаўшай», з 1922) і газ. «Mały Dziennik» («Малая газета», з 1935). У Час герм. акупацыі Польшчы хаваў асоб, якіх расшуквалі ням.-фаш. ўлады. Арыштаваны гестапа і вывезены ў канцлагер Асвенцім, добраахвотна прапанаваў сябе замест аднаго з прызначаных да пакарання смерцю вязняў. У 1982 кананізаваны. Культ К. папулярны ў Польшчы і сярод католікаў Зах. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЬСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Bielskie),
на Пд Польшчы. Мяжуе з Чэхіяй і Славакіяй. Пл. 3704 тыс.км², нас. 906,2 тыс.чал. (1992). Адм. ц. — г.Бельска-Бяла. Большая ч. тэрыторыі гарыстая, занятая Карпатамі (Зах. Бяскіды, найб.выш. 1557 м, гара Пільска), на Пн ад іх — Шлёнскае узв. і Асвенцімская катлавіна. Клімат умерана кантынентальны, сярэдняя т-растудз. ад -4,9 да 2,2 °C, ліп. 14,9—18,2 °C, ападкаў 720—1200 мм за год. Гал. рэкі — Вісла з прытокамі Сола і Скава. Глебы пераважна малаўрадлівыя горныя, месцамі трапляюцца буразёмы. Лясы займаюць 37% тэрыторыі, найб. захаваліся ў Зах. Бяскідах. У гаспадарцы пераважае прам-сць, значная роля турызму. Найб. развіты машынабудаванне (транспартнае, у т. л.аўтамаб.), тэкст., хім., гарбарная, футравая, дрэваапр., папяровая, харч. (піваварная, цукровая), энергет.прам-сць. Найб.прамысл. цэнтры: Бельска-Бяла, Асвенцім, Цешын, Андрыхаў, Жывец, Кэнты, Хэлмек, Скочаў, Вадавіцы. Пад с.-г. ўгоддзямі 49% тэрыторыі. Вырошчваюць бульбу, пшаніцу, ячмень, цукр. буракі, каля гарадоў — агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак. Цэнтры турызму і адпачынку (Вісла, Шчырк, Устрань з Яшоўцам, Завоя).