ГЕДАНІ́ЗМ (ад грэч. hēdonē асалода),

этычнае вучэнне, якое сцвярджае асалоду найвышэйшым шчасцем і крытэрыем паводзін чалавека. Тэарэт. геданізм з’яўляецца разнавіднасцю натуралізму ў этыцы. У стараж. Грэцыі прадстаўніком геданізму ў этыцы быў Арыстып і яго паслядоўнікі. Найб. развіцця дасягнуў у Эпікура і наблізіўся ў яго да эўдэманізму. Геданічныя матывы сталі пашыранымі ў эпоху Адраджэння, у этычных тэорыях асветнікаў. Т.​Гобс, Дж.​Лок, П.​Гасендзі, франц. матэрыялісты 18 ст. проціпастаўлялі геданізм рэліг.-аскетычнай маралі. Пазней прынцып геданізму знайшоў адлюстраванне ў этычнай тэорыі утылітарызму. Ідэі геданізму падзялялі філосафы амер. Дж.​Сантаяна, Дз.​Дрэйк, аўстр. М.​Шлік і інш. У рэальным жыцці геданізм можа існаваць у форме эстэцтвуючага арыстакратызму і пагоні за пачуццёвай асалодай (гл. таксама Эпікурэізм).

т. 5, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮЛЕ́Н ((DuUin) Шарль) (12.5.1885, г. Ен, Францыя — 12.12.1949),

французскі рэжысёр, акцёр, педагог. У 1907—21 удзельнічаў у спектаклях парыжскіх т-раў пад кіраўніцтвам рэжысёраў А.​Антуана, Ж.​Капо, Ф.​Жэм’е, Г.​Баці і інш. У 1922 заснаваў у Парыжы т-р «Атэлье», дзе працаваў да 1940. У 1940-я г. акцёр і рэжысёр «Тэатра дэ Пары» і «Тэатра Сары Бернар» (Парыж), «Тэатра Селесцінцаў» (Ліён). Сярод пастановак: «Марыя Магдаліна» Ф.​Гебеля (1912), «Асалода жыцця» Л.​Пірандэла (1922), «Вальпоне» Б.​Джонсана (1928; і гал. роля). З лепшых акцёрскіх работ: Гарпагон («Скупы» Мальера), Смердзякоў («Браты Карамазавы» паводле Ф.​Дастаеўскага). Выхаваў плеяду выдатных акцёраў і рэжысёраў франц. т-ра (Ж.​Вілар. Ж.​Баро, М.​Марсо, Р.​Руло і інш.). Аўтар кн. «Успаміны і нататкі акцёра» (1946).

т. 6, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯВО́Й (Мікалай Аляксеевіч) (3.7.1796, г. Іркуцк, Расія — 6.3.1846),

рускі пісьменнік, крытык, журналіст, гісторык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1831). Выдаваў час. «Московский телеграф» (1825—34, забаронены), у якім выступаў у абарону правоў купецтва, асуджаў дваранскую арыстакратыю за адсутнасць нац. пачуцця, асн. умовай прагрэсу краіны лічыў пашырэнне асветы. Аповесць «Сімяон Кірдзяпа. Руская быль XIV ст.» (1828, апубл. 1832), раман «Клятва каля труны Гасподняй» (1832), п’есы «Дзядуля рускага флоту» (1838), «Кастрамскія лясы» (1841, пра Івана Сусаніна) і інш. на гіст. тэматыку. У аснове аповесцей «Жывапісец», «Асалода вар’яцтва» (абедзве 1833), «Эма» (1834) і інш. канфлікт «мары» і «рэальнага жыцця» ў духу рамантызму. «Гісторыя рускага народа» (т. 1—6, 1829—33, незавершана) палемічна скіравана супраць «Гісторыі дзяржавы Расійскай» М.​Карамзіна. Аўтар вершаў, рамана «Абаддона» (1834), празаічнага перакладу «Гамлета» У.​Шэкспіра (1837), артыкулаў пра рус. і замежную л-ру, на сац.-эканам. тэмы і інш.

Тв.:

Избр. произв. и письма. Л., 1986;

Избр. историческая проза. М., 1990;

Клятва при Гробе Господнем. М., 1994;

История русского народа. Т. 1—3. М., 1997.

Літ.:

Шикло А.Е. Исторические взгляды Н.​А.​Полевого. М., 1981.

т. 12, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЫ́С ((Matisse) Анры Эміль Бенуа) (31.12.1869, г. Ле-Като, Францыя — 3.11.1954),

французскі жывапісец, графік і скульптар. Вучыўся ў Парыжы ў акадэміі Жуліяна (з 1891), Школе дэкар. мастацтваў (з 1893) і Школе прыгожых мастацтваў (1895—99). Зазнаў уплывы імпрэсіянізму, неаімпрэсіянізму, пуантылізму, П.​Сезана, А.​Радэна, усх. мастацтва. У 1905—07 адзін з лідэраў фавізму. У сваіх карцінах стварыў новы тып маст. выразнасці праз экзальтаваныя, яркія кантрастныя колеры, у якіх знікаюць лініі контураў выявы: «Жанчына ў зялёным капелюшы», «Расчыненае акно. Каліўр», «Асалода, цішыня і раскоша» (усе 1905), «Нацюрморт на чырвоным дыване», «Радасць быцця» (абодва 1906), «Марго» (1907), «Пустыня, чырвоная гармонія», «Чырвоны пакой» (абедзве 1908), «Танец» (1910) і інш. Пад уражаннем падарожжаў у Марока, Туніс, Паўд. Іспанію ствараў работы, у якіх пераважалі манахромныя фарбавыя плоскасці, выразныя колеравыя кантрасты, арабескі: «Чырвоная майстэрня» (1911), «Чырвоныя рыбы» (1914), «Мараканцы на тэрасе», «Тры сястры», «Мастак і мадэль» (усе 1916), «Дзяўчаты на пляжы» (1916—17), «Урок ігры на піяніна» (1917), серыя «Адаліскі» (1920-я г.), «Дэкаратыўная фігура на арнаментальным фоне» (1927—28), «Румынская блуза» (1940), «Маладая дзяўчына ў белай хустцы» (1941), «Азія» (1946), «Маладая англічанка» (1947), «Вялікі чырвоны інтэр’ер» (1948) і інш. Аўтар пано «Танец» і «Музыка» для асабняка С.​Шчукіна ў Маскве (1911), фрыза «Танец» у фондзе Барнса ў Мерыёне (ЗША, 1931—33), афармлення інтэр’ера (у т. л. вітражы) «Капэлы ружанцаў» у Вансе каля Ніцы (Францыя, 1953), скульптур «Дэкаратыўная фігура» (1908), «Венера ў ракавіне» (1931), рэльефу «Аголеная жаночая фігура са спіны» (1930) і інш. Вытанчанасцю лініі вызначаюцца графічныя творы: серыя «Тэмы і варыяцыі» (1941—42), ілюстрацыі да твораў А.​Мантэрлана, С.​Малармэ, П.​Рансара, Шарля Арлеанскага і інш.

Літ.:

Алпатов М.В. Матисс. М., 1969;

Зубова М.В. Графика Матисса. М., 1977;

Эсколье Р. Матисс: Пер. с фр. Л., 1979.

В.​Я.​Буйвал.

А.Матыс. Танец. 1910.
А.Матыс. Чырвоны пакой. 1908.

т. 10, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОТАДРУКАВА́ННЕ,

паліграфічнае размнажэнне нотных тэкстаў.

Вядома з 2-й пал. 15 ст. У першых друкаваных царк. кнігах тэкст песнапенняў набіралі, а ноты ўпісвалі ад рукі. Пазней друкавалі і нотныя лініі, упісвалі толькі ноты. Часам друкавалі ноты з тэкстам, а лініі прачэрчвалі ад рукі. Так друкаваліся творы, запісаныя харальнай (зрэдку і неўменнай) натацыяй (гл. Нотнае пісьмо). Нотныя шрыфты з квадратнымі нотамі для харальнай натацыі, дзе ноты друкавалі чорным колерам на чырвоных лініях, увёў У.​Хан («Рымская меса», 1476, Рым). Старэйшае выданне з мензуральнай натацыяй — «Кароткая граматыка» Ф.​Нігера (1480, Венецыя). Да 17 ст. адным са спосабаў была гравіроўка на дрэве (ксілаграфія), пры якой нотныя прыклады выраблялі ў выглядзе гравюр па прынцыпу высокага друку («Рымскія месы» О.​Скота, 1481, 1482, Венецыя). У 1498 А.​Петручы вынайшаў рухомыя метал. шрыфты, удасканаліў метад Хана і выкарыстаў для друкавання мензуральнай натацыі. У 1528 франц. друкар П.​Атэньян выкарыстаў вынайдзены, верагодна, П.​Атэнам друк, калі адразу друкавалася нота і невял. частка 5-лінейнага нотнага стану, што давала магчымасць набіраць і шматгалосую музыку. У 1754 І.​Брайткопф (Лейпцыг) вынайшаў наборны спосаб, дзе кожны нотны знак складаўся з 3 частак (галоўкі, штылю і вязкі), што дазволіла ўзнаўляць любыя акорды. З ускладненнем муз. фактуры ў 18 ст. выкарыстоўвалі спосаб гравіроўкі на медзі па прынцыпу глыбокага друку (упершыню выкарыстаў С.​Веровіо ў выданні «Духоўная асалода», 1586, Рым). Да канца 18 ст. ноты друкавалі непасрэдна з метал. дошак. З вынаходніцтвам літаграфіі (1796) з кожнай дошкі сталі рабіць адбітак для пераносу на літаграфскі камень або на метал. формы для плоскага друку. У Расіі маскоўскі арганіст 17 ст. С.​Гутоўскі надрукаваў ноты з гравіраваных медных дошак. У 1766 С.​Бышкоўскі распрацаваў дасканалы шрыфт, якім надрукаваны богаслужэбныя нотныя кнігі «Ірмалог», «Актоіх», «Абіход», «Святы» (1770—72). Свецкія муз. творы да 1770-х г. друкавалі спосабам гравіроўкі на медзі або наборным шрыфтам Брайткопфа. Літаграфскі спосаб упершыню ў Расіі выкарыстаў І.​Дабравольскі для выдання «Азиатского музыкального журнала» (1816—18, Астрахань).

На Беларусі Н. вядома з сярэдзіны 16 ст. Ноты друкаваліся ў Брэсце (1553), Нясвіжы (1561), Заблудаве (1568), Лоску (1574), Слуцку (1580), Цяпіне (каля 1580), Вільні (канец 16—1-я чвэрць 18 ст.), Куцейне, Буйнічах, Магілёве (1630-я г.), Супраслі (першае ноталінейнае выданне — «Паследаванне пострыгу», 1697). У 17 ст. ўзор новага нотнага запісу — «Псалтыр» Яна Гуса — распаўсюджвалі брацкія друкарні. Першы друкаваны нотны зборнік на Беларусі і адзін з найб. ранніх у Еўропе — «Брэсцкі канцыянал» («Песні хвал боскіх», 1558) Яна Зарэмбы. У канцы 16 — пач. 17 ст. надрукаваны шэраг інш. падобных зборнікаў (гл. Канцыяналы). У 17—19 ст. друкаваліся віленскія, гродзенскія, жыровіцкія, супрасльскія, холмскія «Багагласнікі», канты, псальмы, ірмалагіёны. У 1850 — пач. 1860-х г. А.​Валіцкі літаграфскім спосабам выдаваў у Мінску свецкія муз. творы бел. кампазітараў-рамантыкаў, у т. л. паланэзы і мазуркі К.​Марцінкевіч, Ф.​Міладоўскага, яго ж зб. «Польскія песні» і інш.

Існуюць розныя спосабы вырабу друкаваных форм для Н.: гравіраванне на свінцовых дошках, набор спец. знакамі, фотамех. спосабы рэпрадукцыі, ксеракапіраванне і інш. Нотныя арыгіналы часцей пішуцца ад рукі. Для іх падрыхтоўкі выкарыстоўваюць таксама спосабы гравіроўкі, штампоўкі, пераносу нотных знакаў на нотную паперу паводле прынцыпу пераводных карцінак, нота- і фотанаборам. Друкуюцца нотныя выданні на афсетных машынах і машынах высокага друку.

Літ.:

Кунин М.Е. Нотопечатание: Очерки. 2 изд. М., 1966;

Иванов Г.К. Нотоиздательское дело в России: Ист. справка. М., 1970;

Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975.

Л.​П.​Касцюкавец.

Да арт. Нотадрукаванне. Тытульныя лісты зборніка «Польскія песні» і «Паланэза» Ф.​Міладоўскага.

т. 11, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)