АСАДЖЭ́ННЕ,

выдзяленне цвёрдай фазы з газаў ці суспензій; выдзяленне аднаго ці некалькіх кампанентаў з раствораў у выглядзе асадку. Можа працякаць адвольна пад дзеяннем сілы цяжару (адстойванне), цэнтрабежнай сілы (цэнтрыфугаванне) ці сіл электрастатычнага поля. Асаджэнне з раствораў робіцца з дапамогай хім. рэакцый (комплексаўтварэння, акіслення-аднаўлення і інш.) пры дабаўленні рэагентаў. Выкарыстоўваецца ў хім. аналізе і прам-сці пры атрыманні чыстых рэчываў, ачыстцы газаў. Мае месца ў геал. працэсах утварэння платформавага чахла і асобных геахім. комплексаў (у т. л. радовішчаў многіх карысных выкапняў; гл. таксама Асадканамнажэнне).

т. 2, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

электралітычнае асаджэнне

т. 18, кн. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЁНАЧНАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,

1) танкаплёначная тэхналогія — сукупнасць спосабаў атрымання тонкіх плёнак металаў, дыэлектрыкаў і паўправаднікоў пры вырабе элементаў інтэгральных схем, паўправадніковых прылад і інш.

Тонкія плёнкі атрымліваюць фіз. (напр., выпарэннем у вакууме), хім. (эл.-хім. асаджэнне, тэрмічнае вырошчванне, анадзіраванне) і камбінаванымі (тэрмаіоннае і плазмахім. асаджэнне, газавае анадзіраванне) метадамі. Канфігурацыя элементаў мікрасхем ствараецца асаджэннем праз маскі, фоталітаграфіяй, электроналітаграфіяй і інш. спосабамі.

2) Таўстаплёначная тэхналогія — сукупнасць метадаў стварэння праводных, рэзістыўных, дыэл. і ізаляцыйных слаёў (тоўстых плёнак) пры вырабе інтэгральных схем, мантажных плат, токаправодных плёнак на керамічных карпусах інтэгральных схем і інш. Найб. пашыраны трафарэтны спосаб, пры якім плёначныя элементы ствараюцца нанясеннем праз трафарэт слоя спец. пасты з наступнай яе тэрмічнай апрацоўкай.

т. 12, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЁМНЫ АНА́ЛІЗ,

сукупнасць метадаў хім. колькаснага аналізу, заснаваных на вымярэнні аб’ёмаў раствораў, газаў, асадкаў для вызначэння колькасці (канцэнтрацыі) пэўнага рэчыва. Уключае метады тытрыметрычнага аналізу, газавага аналізу, ультрахімічнага аналізу, а таксама асаджэнне. Раней да аб’ёмнага аналізу адносілі толькі тытрыметрыю.

т. 1, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬЦЫ́Т [ад лац. calx (calcis) паленая вапна],

вапнавы шпат, мінерал класа карбанатаў, карбанат кальцыю, CaCO3 Гал. пародаўтваральны мінерал мелу, вапняку, мармуру; часта змяшчае прымесі магнію, жалеза, марганцу. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, ромбаэдрычныя, пласціністыя і інш. Агрэгаты зярністыя, сталактытападобныя, зямлістыя, валакністыя. Бясколерны ці белы, прымесямі можа быць афарбаваны ў розныя колеры. Бляск шляпы. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 2,7—2,8 г/см³. Крохкі. Разнавіднасці: ісландскі шпат, антраканіт — чорны К. Паходжанне — арганічнае, хім. асаджэнне ў вадаёмах, гідратэрмальнае, метамарфічнае. Выкарыстоўваецца для вытв-сці партландцэменту, вапнавання глеб, як флюс пры выплаўцы жалеза і інш. металаў, у буд-ве і інш. На Беларусі трапляецца па ўсім разрэзе асадкавага чахла.

У.​Я.​Бардон.

Кальцыт.

т. 7, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАМЕТАЛУ́РГІЯ (ад гідра... + металургія),

здабыванне металаў з руд, рудных канцэнтратаў і адходаў вытв-сці воднымі растворамі хім. рэагентаў.

Асн. тэхнал. працэсы гідраметалургіі: мех. апрацоўка сыравіны (драбленне, «мокрае» і «сухое» здрабненне, класіфікацыя, згушчэнне), змена хім. саставу руды або канцэнтрату (абпал, спяканне, раскладанне хім. рэагентамі), вышчалочванне, абязводжванне і прамыўка, асвятленне раствораў і выдаленне шкодных прымесей, асаджэнне металаў ці іх злучэнняў з раствораў, перапрацоўка асадкаў. Спосабы гідраметалургіі выкарыстоўваюцца ў вытв-сці цынку, медзі, нікелю, кобальту, алюмінію, высакародных і рэдкіх металаў, рэдказямельных элементаў. У адрозненне ад піраметалургіі гідраметалургія забяспечвае выбарачнае і комплекснае вылучэнне металаў з бедных і цяжкаабагачальных руд.

Гідраметалургію пачалі прымяняць у сярэдзіне 19 ст. для здабычы золата і серабра. З пач. 20 ст. стала выкарыстоўвацца для атрымання медзі, цынку, свінцу і інш.

т. 5, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)