АСАБІ́СТЫЯ НЕМАЁМАСНЫЯ ПРАВЫ́,

суб’ектыўныя правы грамадзян, якія не маюць матэрыяльнага зместу і неаддзельныя ад асобы чалавека. Адрозніваюць 2 іх разнавіднасці: звязаныя з маёмаснымі правамі (напр., прадукцыя інтэлектуальнай творчасці, якая пры пэўных абставінах можа пераходзіць да іншых асоб па дагаворы з аўтарам, у парадку атрымання ў спадчыну; гл. Аўтарскае права, Спадчыннае права) і не звязаныя (іх адчужэнне ад асобы немагчымае, напрыклад, права на імя, гонар, годнасць).

т. 2, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНАРО́ВЫ ГРАМАДЗЯНІ́Н,

1) прывілеяванае званне, устаноўленае ў Рас. імперыі ў 1832 для асобных груп гараджан. Ганаровы грамадзянін вызваляўся ад падушнага падатку, рэкруцкай павіннасці, цялесных пакаранняў.

2) Званне, якое ў Рэспубліцы Беларусь і некаторых інш. краінах надаецца мясц. органамі дзярж. улады асобам за іх асабістыя заслугі перад пэўным горадам.

т. 5, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТЭ́НТНАЕ ПРА́ВА,

галіна заканадаўства, нормы якой рэгулююць маёмасныя і звязаныя з імі асабістыя немаёмасныя правы на стварэнне, прававую ахову і выкарыстанне вынаходстваў, карысных мадэлей і прамысл. узораў; састаўная частка заканадаўства аб інтэлектуальнай уласнасці. Сістэма аховы правоў — выдача патэнта. У Рэспубліцы Беларусь гал. крыніцай П.п. з’яўляецца Закон «Аб патэнтах на вынаходствы і карысныя мадэлі» (1997).

т. 12, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ПАРТ, у ВМФ рапо́рт (польск. raport ад франц. rapport паведамленне),

1) вусны або пісьмовы даклад ваеннаслужачага начальніку па службовых пытаннях. У выглядзе Р. афармляюцца таксама заявы, прапановы і асабістыя просьбы ваеннаслужачых. Ва Узбр. сілах Беларусі і шэрагу інш. краін парадак аддання (падання) Р. вызначаецца Статутам унутранай службы.

2) Справаздача аб выкананні задання або абавязацельства.

т. 13, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРО́СІМАЎ Пётр, разьбяр і цясляр канца 17 ст. Выхадзец з Беларусі. Працаваў у Палаце разьбярскіх і сталярскіх спраў Маскоўскага Крамля, «новым пацешным двары цара» ў Аляксандравай Слабадзе. У 1682—83 кіраваў арцеллю бел. разьбяроў, якая з арцеллю К.Міхайлава выконвала разная іканастасы для Новадзявочага і Данскога манастыроў, у 1686 — для царквы Пятра і Паўла ў Маскве. Выконваў асабістыя заказы цара і царыцы (крэслы, ківоты, шуфляды, шкатулкі, падносныя сталы).

т. 1, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАРДА́Н (Jordanes, Jordanis),

остгоцкі гісторык 6 ст. Служыў у аланскага военачальніка, пазней, як мяркуюць, стаў епіскапам. Гал. праца І. «Пра паходжанне і дзеянні гетаў» (даведзена да 551) — важная крыніца па гісторыі готаў, Паўн. Прычарнамор’я і перыяду Вялікага перасялення народаў. Пераказаў падзеі, апісаныя гоцкім гісторыкам Касіядорам, выкарыстаў таксама эпас готаў, асабістыя назіранні. Праца мае каштоўныя звесткі з гісторыі інш. народаў і плямён, у т. л. стараж. славян.

т. 7, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫЯ ЗЕ́МЛІ (абеленыя, абельныя),

землі феадалаў у Рус. дзяржаве 16—17 ст., насельніцтва якіх вызвалялася ад дзярж. падаткаў і павіннасцяў.

Белыя землі лічыліся асабістыя панскія ўгоддзі і землі памешчыкаў, якія неслі вайск. службу. У гарадах двары феадалаў і служылых людзей былі аб’яднаны ў «белыя слабоды», прывілеяванае становішча якіх выклікала незадаволенасць насельніцтва пасадаў. Пасля Маскоўскага паўстання 1648 паводле Саборнага ўлажэння 1649 «белыя слабоды» ўключаны ў пасады, а іх насельніцтва прыраўнавана ў правах да пасадскіх людзей.

т. 3, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІ́ТВА,

1) рэліг. містычны зварот да Бога, святых, звышнатуральных сіл з просьбай аб літасці або адхіленні зла, з ухваленнем, падзякай; частка рэліг. культу, абавязковы атрыбут абрадаў, набажэнстваў, царк. свят і штодзённага жыцця вернікаў. Бываюць вусныя (чытаюцца ў голас) і мысленныя (лічацца як узыходжанне розуму да Бога). Вусныя малітвы бываюць агульныя (царкоўны малебен) і асабістыя. У час М. вял. значэнне надаецца рытуальным дзеянням (стаянне на каленях, узняцце рук і г.д.).

2) Вызначаны, кананізаваны тэкст такога звароту.

т. 10, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́КАЗЫ СУДО́ВЫЯ,

фактычныя звесткі пра акалічнасці, якія маюць значэнне для правільнага вырашэння крымінальнай або цывільнай справы. Такія звесткі ёсць у паказаннях сведак, пацярпелага, падазронага, абвінавачанага, у рэчавых доказах, заключэннях экспертаў, пратаколах следчых і суд. дзеянняў. Адрозніваюць Д.с.: асабістыя (зыходзяць ад людзей) і рэчавыя; прамыя (устанаўліваюць якую-н. акалічнасць) і ўскосныя (устанаўліваюць толькі прамежкавы факт); тыя, што сцвярджаюць факт або абвяргаюць яго; непасрэдныя і вытворныя. Парадак атрымання Д.с., іх замацавання і прадастаўленне суду вызначаецца працэсуальным заканадаўствам.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 6, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ МУЗЕ́Й у Ляймене.

Засн. ў 1982 у г. Ляймен (каля г. Гайдэльберг, Германія) бел. эмігрантам Ю.​Попкам у яго кватэры. У арганізацыі музея дапамагалі мэр горада Г.​Эрбар і Б.Кіт. У аснове экспазіцыі — асабістыя калекцыі і зборы Попкі. Дэманструюцца бел. адзенне, старыя пячаткі, манеты, маркі, вырабы майстроў-умельцаў, сувеніры, памятныя рэчы з асяродкаў бел. эміграцыі ў Англіі, Аўстраліі, ЗША, кнігі, перыяд. эміграцыйныя выданні (сярод іх рукапісныя часопісы, якія выдаваліся беларусамі ў лагерах для перамешчаных асоб у Нямеччыне). Пасля смерці Попкі (1992) музей знаходзіцца пад апекай мэрыі Ляймена.

М.​Іваноў.

т. 2, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)