Арэапаг 1/493

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭАПА́Г

(грэчаскае Areios pagos літаральна ўзгорак Арэса),

1) орган улады ў Старажытных Афінах (назва ад месца яго пасяджэнняў на ўзгорку Арэса каля Акропаля). Узнік у эпоху родаплемяннога ладу як савет старэйшын. Складаўся з пажыццёвых членаў, з 8 стагоддзя да нашай эры папаўняўся з ліку былых архонтаў. Валодаў шырокай палітычнай, судовай і рэлігійнай уладай. Рэформа Эфіяльта (462 да нашай эры) ліквідавала палітычную ўладу і ўплыў арэапага.

2) У пераносным сэнсе — сход аўтарытэтных асоб.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХО́НТ, архант (грэч. archōn),

вышэйшая службовая асоба ў стараж.-грэч. полісах. У Афінах гэтая пасада з’явілася ў 11 ст. да н.э., калі замест басілея (цара) тут пачалі правіць пажыццёвыя архонты. З 8 ст. да н.э. іх улада скарацілася да 10 гадоў, з 7 ст. да н.э. — да 1 года. Кандыдатаў у архонты вызначаў арэапаг. З 487—486 да н.э. архонта выбіралі па жэрабю. З 7 ст. да н.э. ўлада належала 9 архонтам: эпанім кіраваў выканаўчай уладай, басілей выконваў рэліг. функцыі, палемарх быў военачальнікам, 6 фесмафетаў займаліся суд. справамі. Усе разам складалі калегію архонта. У 5 ст. да н.э. пасада архонта страціла паліт. значэнне.

т. 1, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІ́НЫ (Athēnai) Старажытныя, горад-дзяржава (поліс) у Паўд. ч. Атыкі, адзін з важнейшых эканам., паліт. і культ. цэнтраў Стараж. Грэцыі. Поліс утварыўся ў выніку аб’яднання радавых абшчын Атыкі вакол Афінскага акропаля. Унутры абшчын існаваў падзел на аўпатрыдаў, геамораў і дэміургаў. Савет знаці, арэапаг, меў вышэйшую суд., адм. і рэліг. ўладу. У 621 да нашай эры правіцель Драконт запісаў законы, якія прызнавалі прыватную ўласнасць на рухомую маёмасць. Да канца 6 ст. да нашай эры зямля лічылася абшчыннай уласнасцю, але паступова апынулася ў руках радавой знаці, а частка абшчыннікаў — у даўгавым рабстве. У 594 да нашай эры правіцель Салон Правёў рэформы, якія адмянялі даўгавое рабства, уводзілі савет 400; грамадзян падзялялі на 4 разрады ў адпаведнасці з маёмасным цэнзам; вышэйшыя пасады ў дзярж. органах маглі займаць толькі самыя багатыя людзі. Народны сход і Гелія (суд прысяжных) складаўся з усіх грамадзян. Узнікла дэмакратыя. Каля 560 да нашай эры адбыўся паліт. пераварот, у выніку якога ўстанавілася тыранія Пісістрата. Пры Пісістратыдах (560—510 да нашай эры) разгарнулася храмавае і свецкае буд-ва, праведзены водаправод; Афіны кантралявалі марскі шлях у Прычарнамор’е, пашырылі свой уплыў на шэраг а-воў Эгейскага м. Пасля падзення тыраніі і грамадз. вайны 508 да нашай эры праведзены новыя рэформы, у выніку якіх знішчаны перажыткі радавога ладу; закон аб астракізме ахоўваў дэмакратыю. Афіны сталі самай вял. дзяржавай Стараж. Грэцыі. У перыяд грэка-персідскіх войнаў 500—449 да нашай эры Афіны дасягнулі найб. росквіту: некалькі разоў перамагалі персаў, узначальвалі антыперс. Дэлоскі саюз, які пазней ператварыў Афіны ў марскую дзяржаву (гл. Архе Афінская). Гады праўлення Перыкла атрымалі назву «залатога веку Перыкла». З увядзеннем аплаты дзярж. пасад дэмасу забяспечаны ўдзел у кіраванні дзяржавай. Праца свабодных земляробаў і рамеснікаў спалучалася з працай рабоў, Афіны ператварыліся ў буйны гандлёва-рамесніцкі поліс. Расквітнелі філасофія, рэлігія, тэатр, л-ра, архітэктура і скульптура. Аднак шматлікія супярэчнасці ўнутры Афінскай дзяржавы з яе полісамі-саюзнікамі прывялі да Пелапанескай вайны 431—404 да нашай эры і паражэння Афін. У ходзе Карынфскай вайны 395—387 да нашай эры Афіны часткова аднавілі сваё становішча, але былой магутнасці ўжо не дасягнулі. У 338 да нашай эры Македонія ўключыла Афіны ў Элінскі саюз пад сваёй гегемоніяй. У 86 да нашай эры Афіны заваяваны Рымам. У 3 ст. нашай эры Афіны перажылі нашэсце варвараў і прыйшлі ў заняпад.

Літ.:

Колобова К.М. Древний город Афины и его памятники. Л., 1961;

Корзун М.С. Социально-политическая борьба в Афинах в 444—425 гг. до нашей эры. Мн., 1975;

Фролов Э.Д. Социально-политическая борьба в Афинах в конце V в. до нашей эры: (Материалы и документы). Л., 1964.

М.С.Корзун.

т. 2, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)