Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТРА́Ў (ад архі... + лац. trabs бэлька),
бэлька, якая абапіраецца на капітэлі калон і пілястраў, слупы, інш. апоры і нясе фрыз і карніз; ніжняя частка антаблемента.
Узнік з фарміраваннем стоечна-бэлечнай канструкцыі ў архітэктуры Стараж. Грэцыі; выконваў ролю канструкцыйнага нясучага элемента, на які клалі бэлькі перакрыцця. З развіццём ант. ордэрнай сістэмы з’явіліся варыянты архітрава: у выглядзе гладкай бэлькі ў дарычным і тасканскім, з 3 невял. гарыз. ўступамі (фасцыямі) у іанічным і карынфскім ордэрах. Найб. пашыраны ў архітэктуры класіцызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАБЛЕМЕ́НТ (франц. entablement),
верхняя частка збудавання, якая падтрымліваецца калонамі, пілястрамі або завяршае сцяну; элемент арх.ордэра. Падзяляецца на архітраў, фрыз, карніз. Узнік на аснове драўлянага бэлечнага перакрыцця, у сваіх формах адлюстроўвае яго структуру. Сфарміраваўся ў класічных ордэрах манум. мураванай архітэктуры Стараж. Грэцыі і Рыма, дзе выпрацаваны яго прапорцыі. Антаблемент — адзін з важнейшых элементаў паяруснага члянення алтароў і іканастасаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНІ́ЧНЫ О́РДЭР,
адзін з трох галоўных грэч.арх.ордэраў. Мае стройную калону з базай і ствалом, аздоблены верт.жалабкамі-канелюрамі; капітэль складаецца з 2 завіткоў (валют). Антаблемент уключае архітраў з трох гарыз. палос; фрыз часта пакрываўся рэльефам. І.о. склаўся ў каменным дойлідстве іанічных абласцей Стараж. Грэцыі (600—590 да н.э.). Ад дарычнага ордэра адрозніваецца больш лёгкімі прапорцыямі і больш багатым дэкорам усіх частак. Асабліва быў пашыраны ў Грэцыі ў эпоху элінізму. Класічныя ўзоры захаваліся ў Прапілеях, Эрэхтэёне, храме Нікі Аптэрас у Афінах.
Да арт.Іанічны ордэр. Паўночны порцік Эрэхтэёна ў Афінах. 421—406 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПАЗІ́ТНЫ О́РДЭР,
адзін з арх.ордэраў. Склаўся ў архітэктуры Стараж. Рыма. На Беларусі з 18 ст. вядомы яго разнастайныя варыяцыі. Нясучыя часткі — ствол калоны (аздоблены канелюрамі) з капітэллю і базай. Капітэль К.о. спалучае ніжнюю частку капітэлі карынфскага ордэра і іанічнай валюты. Над капітэллю — прафіляваная пліта абак, квадратная ў плане са зрэзанымі вугламі і ўвагнутымі бакамі. Над абакам — бэлька (архітраў), падзеленая на З паласы (фасцыі). Над архітравам фрыз, над якім выступаюць адна над адной паліцы карніза, дэкарыраванага мадульёнамі. Выкарыстоўваўся ў грамадз., культавай, палацавай архітэктуры барока, класіцызму і архітэктуры 1950-х г.
В.Ф.Валошын, С.А.Сергачоў.
Кампазітны ордэр. Капітэль порціка Гомельскага палаца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЫ́ЧНЫ О́РДЭР,
адзін з трох асноўных грэч.арх.ордэраў. Нясучыя часткі — ствол калоны (аздоблены канелюрамі) з капітэллю. У ніжняй частцы (1/3 агульнай вышыні) ствол мае невял. выпукласць — энтазіс. Капітэль складаецца з шыйкі, што злучае капітэль са ствалом калоны, эхіна (паўвала) і верхняй квадратнай у плане пліты — абака. Над абакам — бэлька (архітраў), завершаная палічкай, над архітравам — фрыз, расчлянёны трыгліфамі на роўныя часткі (метопы), упрыгожаныя размалёўкай або скульптурай. Верхняя частка складалася з прамавугольных пліт — мутул («сухарыкі», дэнтыкулы), высунутай пліты слязніцы і ўвянчальнай часткі — сімы.
Як мастацка выразная форма Д.о. склаўся ў Стараж. Грэцыі і дарыйскіх абласцях пры буд-ве храмаў і інш. грамадскіх збудаванняў з каменю (600—590 да н.э.). Класічныя ўзоры Д.о. захаваліся ў Парфеноне, на Прапілеях, на Акропалі ў Афінах.
Да арт.Дарычны ордэр. Храм Парфенон у Афінах. 447—438 да н.э.