АРЛО́ЎСКІ ((Orłowski) Аляксандр Восіпавіч) (9.3.1777, Варшава — 13.3.1832),

польскі і рускі жывапісец і графік. Прадстаўнік рамантызму. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1809). Каля 1793—1802 вучыўся і працаваў у Варшаве ў Я.​П.​Норбліна. З 1802 у Пецярбургу. Аўтар жанравых («Сцэна ў карчме», 1795—96) і батальных («Бітва пад Рацлавіцамі», 1798 або каля 1801) твораў, партрэтаў герояў вайны 1812 (М.​І.​Платава, Д.​Давыдава), «Аўтапартрэта», пейзажаў, малюнкаў. Арлоўскі — адзін з заснавальнікаў шаржа («Ш.​Л.​Дзідро», каля 1810) і паліт. карыкатуры («Французскі эмігрант Дзю-Селон», 1806) у рус. графіцы. Адзін з першых пачаў працаваць у тэхніцы літаграфіі («Рамізніцкая біржа», 1820).

Літ.:

Ацаркина Э.Н. А.​О.​Орловский, 1777—1832. М., 1971.

А.Арлоўскі. Рамізніцкая біржа. 1820.

т. 1, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́ЎСКІ (Уладзімір Данатавіч) (1.2.1842, Кіеў — 19.2.1914),

украінскі жывапісец-пейзажыст. У 1861—68 вучыўся ў Пецярбургскай АМ, з 1874 яе акадэмік, з 1878 прафесар. Удасканальваў майстэрства ў Францыі, Германіі, Швейцарыі, Італіі. Пісаў рамант. пейзажы з эфектамі асвятлення: «Крымскі пейзаж» (1868), «У стэпе» (1874), «Сенакос», «На моры перад навальніцай» (абедзве 1878), «Зацішша» (1890) і інш.

т. 1, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́ЎСКІ (Восіп Данілавіч) (?, Віцебшчына — 1926),

бел. пісьменнік. Выдаў зб. вершаваных апавяданняў і вершаваных драм. абразкоў «Беларускія народныя апавяданні» (Полацк, 1908). Сюжэты іх заснаваны пераважна на мясц. паданнях, былічках, незвычайных гісторыях, розных здарэннях. Асуджаў бытавыя і маральныя заганы ў жыцці сялян, сац. несправядлівасць, грамадскія пераўтварэнні і тэхн. прагрэс, ідэалізаваў прыгонныя парадкі, веру ў бога і цара.

Літ.:

Вашко П. Загады Восіпа Арлоўскага // Першацвет. 1995. № 10.

т. 1, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́ЎСКІ (Канстанцін Іванавіч) (15.12.1913, г. Быхаў — 22.7.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1934. Скончыў Бабруйскае танк. вучылішча (1939). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941. Вызначыўся ў ліп. 1944 пры вызваленні Латвіі: танк. батальён пад яго камандаваннем двойчы прарываў умацаванні ворага, за 8 дзён наступлення прайшоў каля 300 км, знішчыў 12 танкаў, 8 танкетак, каля 50 гармат. Загінуў у баі.

т. 1, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́ЎСКІ (сапр. Смірноў) Барыс Іванавіч

(1796, с. Сталбецкае Пакроўскага р-на Арлоўскай вобл. — 28.12.1837),

рускі скульптар. Прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў скульпт. майстэрнях С.​Кампіёні ў Маскве (з 1809) і П.​Трыскорні ў Пецярбургу (з 1816), у Пецярбургскай АМ (1822), з 1836 яе прафесар. Пенсіянер АМ у Рыме (1823—28). У творах Арлоўскага («Парыс», 1824, помнікі М.​І.​Кутузаву і М.​Б.​Барклаю-дэ-Толі ў Пецярбургу, 1828—37) велічная строгасць класіцыстычных формаў, часам не пазбаўленая рысаў патэтыкі, спалучаецца з рамант. прыўзнятасцю.

Б.Арлоўскі. Помнік М.​І.​Кутузаву ў Санкт-Пецярбургу. 1837.

т. 1, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́ЎСКІ (Яўстафій Філарэтавіч) (26.4.1863, в. Славенск Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 15.12.1913),

гісторык, краязнавец і педагог. Скончыў Пецярбургскі гісторыка-філал. ін-т (1885), выкладаў гісторыю ў Гродзенскай гімназіі. Аўтар прац па гісторыі нас. пунктаў Гродзеншчыны, нар. адукацыі, правасл. царквы. Вывучаў ролю беларусаў у гісторыі ВКЛ. У дакладзе на 9-м археал. з’ездзе (Вільня, 1893) даказаў тоеснасць летапіснага Городенъ і сучаснага Гродна. Рабіў захады для археал. даследавання на Замкавай гары. У кн. «Гродзенская даўніна» (ч. 1, 1910) даследаваў гісторыю Гродна ад часоў заснавання да пач. 20 ст.

А.​П.​Госцеў.

т. 1, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́ЎСКІ (Кірыла Пракопавіч) (30.1.1895, в. Мышкавічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 13.1.1968),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, гасп. дзеяч. Герой Сав. Саюза (1943), Герой Сац. Працы (1958). Скончыў Камуніст. ун-т меншасцяў Захаду імя Мархлеўскага ў Маскве (1930). З 1915 у арміі, з 1918 у Аршанскай і Бабруйскай надзвычайнай камісіях (ЧК), камандзір атрада на Бабруйшчыне, на падп. рабоце ў Коўне. У 1922—25 камандзір партыз. атрада ў Зах. Беларусі. У 1930—36 у органах ДПУ—НКУС Беларусі. Удзельнік нац.-вызв. вайны ў Іспаніі 1936—39. У 1940—42 у Кітаі. У 1942—43 камандзір спец. атрада НКДБ СССР «Сокалы». З 1944 старшыня калгаса «Рассвет» на радзіме. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—51, Вярх. Савета СССР з 1950. Імя Арлоўскага прысвоена калгасу «Рассвет», у в. Мышкавічы ўстаноўлены бюст Арлоўскаму.

Літ.:

Ражкоў І. Чалавек з легенды. Мн., 1976.

К.П.Арлоўскі.

т. 1, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Арлоўскі Г. 3/113

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Арлоўскі І. (пісьменнік) 12/546

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Арлоўскі У. (архітэктар) 11/329

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)