БАГРАМЯ́Н Маўсес, дзеяч армянскага вызв. руху 18 ст. Нарадзіўся ў Карабаху, жыў у Расіі. У 1763 прыняў удзел у спробе І.​Эміна арганізаваць паўстанне ў Арменіі супраць ірана-тур. няволі. З 1768 жыў у Індыі. Аўтар «Новай кнігі, названай павучаннем» (1773), у якой заклікаў армян змагацца за вызваленне радзімы. Удзельнічаў у складанні праекта канстытуцыі незалежнай арм. бурж. дзяржавы з рэсп. ладам.

т. 2, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ КААЛІЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т, Віцебская кааліцыйная камісія,

орган кіраўніцтва рэв. барацьбой працоўных Віцебска ў час Кастр. усерас. паліт. стачкі і Снеж. ўзбр. паўстання ў Маскве 1905. Утвораны з прадстаўнікоў мясц. арг-цый Бунда і РСДРП. Арганізаваў міліцыю, падтрымліваў парадак у горадзе, некалькі дзён кантраляваў чыг. вузел, выдаваў адозвы і лістоўкі з заклікам да ўзбр. барацьбы 21—22 снеж. спрабаваў арганізаваць забастоўку рабочых чыг. станцыі і прамысл. прадпрыемстваў. Выконваў некат. функцыі Савета рабочых дэпутатаў. Пасля паражэння Снеж. ўзбр. паўстання ў Маскве паліт. стачка ў Віцебску спынена.

т. 4, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННАЯ АКРУ́ГА,

ваенна-адм. адзінка, тэр. агульнавайсковае аб’яднанне, у якое ўваходзяць злучэнні, часці, ваенна-навучальныя і розныя мясц. ваенныя ўстановы. Падзел тэр. краіны на ваенныя акругі практыкуецца ў многіх дзяржавах і мае на мэце забяспечыць правядзенне мерапрыемстваў, звязаных з падрыхтоўкай краіны і ўзбр. сіл на выпадак вайны, больш мэтанакіравана арганізаваць падрыхтоўку войск і штабоў. Бываюць прыгранічныя і ўнутраныя В.а., звычайна іх называюць па найменнях гарадоў або мясцовасці, дзе дыслацыруюцца іх упраўленні. У СССР (паводле стану на 1991) існавала 16 ваенных акруг, адной з якіх была Беларуская ваенная акруга, на базе якой створаны Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь.

т. 3, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫЯ́Т (у хрышчэнні Міхаіл; каля 1306 — паміж 1358 і 1366),

князь у ВКЛ. Сын вял. кн. ВКЛ Гедзіміна і княгіні Еўны, дачкі полацкага кн. Івана Усеваладавіча. Ад бацькі атрымаў г. Новагародак і Новагародскую зямлю. У прыпісцы 1329 у Лаўрышаўскім евангеллі названы вял. князем. У 1345 прысягнуў Альгерду як вял. князю ВКЛ. У 1349 пасланы ў Арду з мэтай арганізаваць кааліцыю супраць Маскоўскага княства. Пасольства было няўдалым, К. быў выдадзены вял. князю маскоўскаму, у 1350 адпушчаны на радзіму. Пры К. ў г. Новагародак актыўна вялося буд-ва, горад стаў цэнтрам правасл. Літоўскай мітраполіі.

т. 8, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНІ́ЧНА ДАПУШЧА́ЛЬНАЯ РЭКРЭАЦЫ́ЙНАЯ НАГРУ́ЗКА,

разліковая колькасць наведвальнікаў для пэўнай рэкрэацыйнай тэр., пры якой захоўваецца магчымасць рацыянальна арганізаваць масавы адпачынак без прычынення шкоды ахове прыроды. Ад прысутнасці на рэкрэацыйных тэр. вял. колькасці адпачываючых у прыродных комплексах узнікаюць змены, што выклікаюць з’явы дыгрэсіі рэкрэацыйнай. Рэкрэацыйныя нагрузкі да пэўнай мяжы маюць зваротны характар і кампенсуюцца здольнасцю біягеацэнозаў да самаўзнаўлення; пры высокіх нагрузках біягеацэнозы трацяць устойлівасць і змены могуць станавіцца неабарачальнымі. Разліковая велічыня нагрузкі для Беларусі з уласцівымі для яе травяністымі біягеацэнозамі — да 300 чал/га. Дапушчальныя рэкрэацыйныя нагрузкі вызначаны для ўсіх зон адпачынку рэсп. значэння, напр., для Мінскага мора 130 тыс. чалавек (пл. 165 км²).

т. 5, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВАБЛО́ЦКІ (Уладзімір Васілевіч) (н. 17.2.1952, в. Хвалава Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. мастак-манументаліст, жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). З 1997 выкладчык каледжа мастацтваў у Мінску. Працуе ў тэхніцы вітража, мазаікі, размалёўкі. Творчасць вызначаецца філасафічнасцю, уменнем арганізаваць вял арх. асяроддзе: вітраж «Чалавек і прырода» (1978) y НВА «Цэнтрсістэм» у Мінску, размалёўка «У імя жыцця на зямлі» (1985) у Музеі нар. славы ў г.п. Ушачы Віцебскай вобл., мазаікі на тарцах жылых дамоў у Брэсце (1985) і Салігорску (1986, 1997) і інш. Сярод станковых карцін: «Дыялог», «Песня пра зубра» (абедзве 1982), трыпціх «Маці зямлі» (1985), «Дрэва жыцця» (1997) і інш.

Г.​А.​Фатыхава.

У.Крываблоцкі. Фрагмент мазаікі «Дрэва жыцця». 1997.

т. 8, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1973,

пагадненне аб спыненні вайны і аднаўленні міру ў В’етнаме. Падпісана 27 студз. ў Парыжы міністрамі замежных спраў Дэмакр. Рэспублікі В’етнам (ДРВ), часовага ўрада Рэспублікі Паўд. В’етнам (РПВ), Рэспублікі В’етнам (РВ) і дзярж. сакратаром ЗША У.​Роджэрсам пры асабістым удзеле Г.А.Кісінджэра і Ле Дык Тхо. Прадугледжвала спыненне агню ў Паўд. В’етнаме; ЗША абавязаліся спыніць усе ваен. аперацыі супраць ДРВ і вывесці свае войскі з Паўд. В’етнама. Паводле дагавора ствараўся Савет нац. прымірэння з прадстаўнікоў урадаў РПВ і РВ, які павінен быў арганізаваць на Пд В’етнама свабодныя, дэмакр. выбары. Аднак падпісанне дагавора не спыніла сутыкненняў паміж бакамі, у чым яны абвінавачвалі адзін аднаго. У сак.крас. 1975 войскі ДРВ і РПВ устанавілі кантроль над усёй тэр. Паўд. В’етнама, што фактычна скасавала П.п., але прывяло да аб’яднання краіны.

т. 12, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМБЕ́ТА ((Gambetta) Леон Мішэль) (2.4.1838, г. Каор, Францыя — 31.12.1882),

французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Італьянец па паходжанні. Адвакат. У гады Другой імперыі адзін з лідэраў рэсп. партыі. У 1869 абраны ў Заканад. корпус. Пасля разгрому франц. арміі пад Седанам (2.9.1870) у франка-прускую вайну 1870—71 разам з Ж.​Фаўрам абвясціў Трэцюю рэспубліку. У 1870—71 міністр унутр. спраў і міністр абароны ў часовым урадзе нац. абароны; 7.10.1870 пакінуў на паветр. шары абложаны Парыж, каб арганізаваць супраціўленне Прусіі з дапамогай нанава арганізаванай арміі. Пасля капітуляцыі Парыжа (28.1.1871) выйшаў у адстаўку. На парламенцкіх выбарах 1876 разам з рэсп. партыяй атрымаў перамогу. У 1879—81 старшыня палаты дэпутатаў. У 1881—82 прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў. Сузаснавальнік Лігі патрыётаў, прыхільнік саюзу з Расіяй; падтрымліваў калан. экспансію. Абвінавачаны ў намерах распачаць вайну ў Егіпце, выйшаў у адстаўку.

т. 5, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕРАНІ́М ПРА́ЖСКІ (Jeroným Pražsky; каля 1378—30.5.1416),

чэшскі рэліг. рэфарматар, вучоны, прамоўца; паплечнік Я.Гуса. Скончыў Пражскі ун-т (1398). У 1399 быў у Оксфардзе, дзе стаў прыхільнікам ідэй англ. рэфарматара Дж.Уікліфа. У 1405—06 выкладаў ва ун-тах Парыжа, Гайдэльберга, Кёльна.

У 1406 зблізіўся з Гусам. Шмат падарожнічаў, выступаў з пропаведзямі, у якіх выкрываў злоўжыванні каталіцкага духавенства, ням. засілле ў Чэхіі. У 1413 запрошаны ў Кракаў, пазней пры двары вял. кн. літ. Вітаўта ў Вільні, разам з ім наведаў Віцебск і Пскоў з мэтай арганізаваць барацьбу супраць рым. курыі. Паводле пісьма кракаўскага епіскапа Е.П. быў у ВКЛ нядоўга, але выклікаў такое хваляванне ў духавенстве і народзе, якога не ведалі ў гэтых краях. Спадзеючыся выратаваць Гуса, у крас. 1415 прыехаў у Канстанцу на царк. сабор. Асуджаны саборам як ерэтык і спалены.

Еранім Пражскі. Гравюра па сталі.

т. 6, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСПАЛІ́ТАЕ РУШЭ́ННЕ,

шляхецкае апалчэнне ў феад. Польшчы і ВКЛ (Рэчы Паспалітай); асн. форма арганізацыі ўзбр. сіл дзяржавы, заснаваная на прынцыпе, што кожны шляхціц незалежна ад велічыні маёнтка ў час вайны абавязаны адпраўляцца ў ваенны паход. У ВКЛ з пач. 16 ст. землеўладальнікі ад кожных 8, а з 1566—10 службаў (у службе 2 дымы) выстаўлялі ў войска ўзбр. конніка, а калі зямлі было менш, землеўладальнікі ішлі служыць самі. У П.р. ўваходзілі таксама прывілеяваныя сяляне (асочнікі, стральцы, выбранцы), панцырныя баяры, путныя баяры, мяшчане, якія валодалі зямлёй, казакі, татары і інш. Час ад часу праводзіліся попісы войска Вялікага княства Літоўскага. Колькасць П.р. ВКЛ дасягала 30 тыс. чал. П.р. склікалася соймам, узначальвалася вял. гетманамі Польшчы і ВКЛ, часам каралём. Ужо ў 15 ст. немагчымасць караць шляхту і няздольнасць арганізаваць новыя спосабы вядзення вайны рабілі П.р. малапрыгодным. Існавала да канца 18 ст.

т. 12, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)