Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНО́ІДЫ (ад грэч. organon прылада, інструмент + eidos від),
пастаянныя спецыялізаваныя цытаплазматычныя структуры жывёльнай ці расліннай клеткі, што выконваюць пэўную функцыю. Да іх адносяцца мітахондрыі, комплекс Гольджы, рыбасомы, эндаплазматычная сетка, клетачны цэнтр, мікратрубачкі, філаменты, лізасомы і інш., у раслінных клетках — пластыды. Спецыяльныя арганоіды — цытаплазматычныя структуры, што выконваюць спецыфічную функцыю пэўнага тыпу клетак (міяфібрылы, тонафібрылы, базафільнае рэчыва нейрона). Іх часта наз. арганеламі.
т. 1, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАСТЫ́ДЫ (ад грэч. plastides якія ўтвараюць ад plastos вылеплены),
цытаплазматычныя структуры (арганоіды) расліннай клеткі. Кожная пластыда абмежавана дзвюма мембранамі. Разнастайныя па форме, памерах, будове, функцыі. Па афарбоўцы адрозніваюць П. зялёныя — хларапласты, жоўта-аранжавыя і чырв. храмапласты і бясколерныя — лейкапласты. Магчымы ўзаемныя пераўтварэнні. Звязаны паміж сабой адзіным паходжаннем. Звычайна ў клетцы знаходзіцца адзін з вызначаных трох тыпаў. Сукупнасць усіх П. клеткі наз. пластыдома.
т. 12, с. 410
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАПЛА́СТ (ад прата + грэч. plastos вылеплены, утвораны),
у раслін — поўнасцю пазбаўленая клетачнай сценкі клетка, якая мае клетачную мембрану, што абмяжоўвае цытаплазму, ядро і інш. арганоіды. У клетачнай інжынерыі П. атрымліваюць штучна для кланіравання і рэгенерацыі з іх цэлых раслін (зліццё П., якія належаць розным відам). У мікраарганізм а ў П. ўтвараюцца ў выніку мутацый, аўталітычных працэсаў, уздзеяння некат. антыбіётыкаў і інш. агентаў. У форме П. існуюць мікаплазмы і L-формы бактэрый.
т. 13, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)