БЯССЦЁКАВЫ БАСЕ́ЙН,

басейн ракі або возера, які не мае сувязі з акіянам. Адносіцца да вобласці ўнутранага сцёку. Бяссцёкавы басейн маюць Волга, Урал, Кура, Амудар’я, Сырдар’я і інш. рэкі, якія належаць да Арала-Каспійскай бяссцёкавай вобл., азёры Ісык-Куль, Балхаш, Лабнор. На Беларусі некаторыя азёры не маюць паверхневага сцёку (воз. Бледнае ў Нарачанскай групе азёр і інш.).

т. 3, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́БЛАСЦЬ УНУ́ТРАНАГА СЦЁКУ,

бяссцёкавая вобласць, частка сушы, пазбаўленая сувязі з Сусветным ак. праз рэкі. Займае 22% плошчы сушы. Прымеркавана да тэр. з арыдным кліматам, радзей з умераным кліматам і плоскім рэльефам (некаторыя водападзельныя прасторы). Рэкі вобласці ўнутранага сцёку ўпадаюць у бяссцёкавыя азёры ці перасыхаюць або вычэрпваюцца на арашэнне зямель. Самыя вялікія вобласці ўнутранага сцёку ў Афрыцы і Азіі. У Арала-Каспійскую вобласць ўнутранага сцёку, якая ахоплівае часткі тэр. Еўропы і Азіі, упадаюць рэкі Волга, Кура, Урал, Амудар’я і Сырдар’я.

т. 4, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)