АПЫТА́ННЕ,

метад збору пачатковай інфармацыі для сацыялагічных, эканам., псіхал. і інш. даследаванняў ад пэўнай сукупнасці людзей (рэспандэнтаў). Мэта апытання — атрыманне інфармацыі пра аб’ектыўныя (падзеі, працэсы) або суб’ектыўныя (меркаванні, погляды, настроі) з’явы. Як метад сацыяльнага даследавання ўзнікла ў 19 ст. Упершыню праведзена ў 1824 у ЗША. Адрозніваюць апытанні пісьмовыя (анкетаванне) і вусныя (інтэрв’ю), экспертныя і масавыя, вочныя і завочныя (паштовыя, тэлефонныя), аднаразовыя і шматразовыя, выбарачныя і суцэльныя (рэферэндумы) і інш. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь прадугледжвае выкарыстанне апытання ў форме рэферэндумаў для вырашэння найважнейшых пытанняў дзярж. і грамадскага жыцця. Масавыя апытанні разам з пазнавальнай выконваюць функцыю дэмакратызацыі грамадства. Тэрмін «апытанне» абазначае таксама элементы збору любой інфармацыі, носьбітам якой з’яўляецца чалавек (апытанне пацыентаў у мед. установе, студэнтаў на экзамене і інш.).

С.​А.​Яцкевіч.

т. 1, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Усенароднае апытанне, гл. Рэферэндум

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КВІЗ (ад англ. quiz праверачнае апытанне, віктарына),

радыё- і тэлевізійная гульня на кемлівасць і эрудыцыю з пытанняў і адказаў на розныя тэмы; літ. або муз. тэлевіктарына з прызамі для пераможцаў і ўдзельнікаў.

т. 8, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕБІСЦЫ́Т (ад лац. plebiscitum рашэнне народа),

апытанне народа, звычайна з мэтай вызначэння лёсу адпаведнай тэрыторыі. У некаторых краінах (напр., у Францыі) лічыцца сінонімам рэферэндуму. З фармальна-юрыд. пункту гледжання працэдура правядзення П. нічым не адрозніваецца ад працэдуры рэферэндуму.

т. 12, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНКЕТАВА́ННЕ,

метад збору пачатковага матэрыялу для сацыялагічных, эканамічных, псіхалагічных і інш. даследаванняў. Праводзіцца ананімна, у пісьмовай форме з выкарыстаннем апытальных лістоў (анкет), у прысутнасці даследчыка і без яго (па пошце). Пытанні анкетавання павінны быць аб’яднаны агульнай тэмай даследавання, сфармуляваны дакладна, адназначна, на даступнай рэспандэнтам мове. Адрозніваюць пытанні адкрытыя (свабода ў выбары адказу) і закрытыя (адказ выбіраецца з прапанаваных варыянтаў), аб’ектыўныя (пра ўзрост, адукацыю і інш.) і суб’ектыўныя (высвятляюць сац.-псіхал. ўстаноўкі або меркаванні рэспандэнтаў). Гл. таксама Апытанне.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 1, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗІРА́ННЕ,

мэтанакіраваная дзейнасць чалавека, якая дазваляе яму атрымліваць інфармацыю аб навакольным свеце; у шырокім сэнсе — спосаб пазнання свету. З ускладненнем сац. рэчаіснасці і прац. аперацый Н. вылучаецца ў адносна самаст. аспект дзейнасці (навук. Н., успрыманне інфармацыі на прыборах, Н. як частка працэсу маст. творчасці і інш.). Навук. Н. накіравана на дасягненне пэўнай навук. мэты і характарызуецца сістэматычнасцю, планамернасцю, магчымасцю ажыццяўлення кантролю шляхам паўторнага Н. або выкарыстання інш. метадаў Н., напр., эксперыменту. У некаторых сац. навуках (эканам. статыстыка, дэмаграфія) пад Н. разумеюць любую палявую працэдуру (апытанне, збор звестак, візуальнае Н.), проціпастаўляючы яго ўскоснаму атрыманню звестак з літ. крыніц. Н. ў сацыялогіі — метад збору сац. інфармацыі праз прамую, непасрэдную фіксацыю падзей і з’яў. Паводле ступені фармалізацыі працэдуры адрозніваюць Н.: стандартызаванае, або кантрольнае (назіральнік працуе па папярэдне вызначанай Праграме), і нестандартызаванае (этапы і фазы даследавання папярэдне не вызначаюцца). У залежнасці ад становішча назіральніка вылучаюць Н. ўключанае (прадугледжвае інтэграцыю назіральніка ў падзеі і працэсы, што даследуюцца, і іх аналіз «знутры») і неўключанае (без мэтанакіраванага ўмяшання даследчыка ў з’явы, што вывучаюцца). Паводле ўмоў арганізацыі адрозніваюць Н. палявыя (праводзяцца ў натуральных умовах) і лабараторныя; паводле рэгулярнасці правядзення — сістэматычныя, эпізадычныя і выпадковыя (праграма не распрацоўваецца і стадыі Н. папярэдне не вызначаюцца). Н. ў псіхалогіі — адзін з асн. эмпірычных метадаў даследавання, які заключаецца ў наўмысным, сістэматычным і мэтанакіраваным успрыманні псіхічных з’яў з мэтай вывучэння іх спецыфічных змен у пэўных умовах; як адзін з псіхал. метадаў выкарыстоўваецца саманазіранне. Вынікі Н. ў значнай ступені залежаць ад асобы даследчыка, яго ўстановак і адносін да працэсаў і з’яў, што назіраюцца, ад яго стэрэатыпаў і каштоўнасных арыентацый.

І.​В.​Катляроў.

т. 11, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭФЕРЭ́НДУМ (ад лац. referendum тое, што павінна быць паведамлена),

галасаванне выбаршчыкаў па якім-н. пытанні дзярж. або грамадскага жыцця; інстытут непасрэднай дэмакратыі. У адрозненне ад выбараў пры Р. аб’ектам з’яўляецца не кандыдат ці спіс кандыдатаў на пэўную пасаду, а пэўнае пытанне — закон, законапраект, канстытуцыя, папраўка да канстытуцыі, якая-н. унутрыпаліт. праблема ці праблема, што адносіцца да міжнар. статуса адпаведнай краіны. Своеасаблівай формай Р. з’яўляецца плебісцыт — апытанне насельніцтва пра паліт. лёс тэрыторыі, на якой яно пражывае. Прававую аснову Р. на Беларусі складаюць Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 11.2.2000, якім рэгламентаваны парадак правядзення і падвядзення вынікаў Р. Рэферэндумы могуць быць рэспубліканскія і мясцовыя. На рэсп. Р. выносяцца найважнейшыя пытанні дзярж. і грамадскага жыцця краіны, на мясцовыя — пытанні, што маюць важнейшае значэнне для насельніцтва адпаведных адм.-тэр. адзінак і аднесены да кампетэнцыі іх кіруючых, выканаўчых і распарадчых органаў. Права ініцыятывы на правядзенне рэсп. Р. належыць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, Палаце прадстаўнікоў і Савету рэспублікі, грамадзянам краіны (апошняя выносіцца ў выглядзе прапановы не менш чым 450 тыс. грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам, у т. л. не менш як па 30 тыс. грамадзян ад кожнай з абласцей і горада Мінска). Рашэнні, прынятыя Р., могуць быць адменены ці зменены толькі шляхам новага Р. Рашэнне, прынятае Р., падпісвае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь і набывае сілу праз 10 дзён пасля афіц. публікавання, калі ў ім не ўстаноўлены іншы тэрмін. Мясц. Р. назначаюцца мясц. прадстаўнічымі органамі па сваёй ініцыятыве або па прапанове не менш як 10% грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі. Рашэнні мясц. Р. падпісваюць кіраўнікі адпаведных мясц. прадстаўнічых органаў. Першы ў гісторыі краіны рэсп. Р. адбыўся 14.5.1995 па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.​Р.​Лукашэнкі па пытаннях устанаўлення новай дзярж. сімволікі, змянення статуса рус. мовы, эканам. інтэграцыі з Расіяй, унясення змен у Канстытуцыю, якія прадугледжвалі права датэрміновага прыпынення Прэзідэнтам паўнамоцтваў Вярх. Савета. На рэсп. Р. 24.11.1996 прынята Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі).

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛАГІ́ЧНАЕ ДАСЛЕ́ДАВАННЕ,

сістэма паслядоўных метадалагічных, метадычных і арганізацыйна-тэхн. працэдур, накіраваных на атрыманне ведаў аб пэўных сац. з’явах і працэсах, тэндэнцыях і супярэчнасцях іх развіцця. Абумоўлена грамадскай патрэбнасцю ў новых сац. ведах, пазнанні грамадства, тэндэнцый развіцця сац. адносін, фактараў, якія ўплываюць на сац. з’явы, змены ўзаемаадносін паміж асобамі, сац. групамі і дзяржавай. Тэорыя С.д. накіравана на асэнсаванне сутнасці сац. аб’ектаў і сувязі паміж імі, тлумачэнне сац. з’яў і працэсаў. Метадалогію С.д. складаюць агульнанавук. сродкі пазнання сац. аб’ектаў і спецыфічныя метады, непасрэдна звязаныя з прадметам даследавання. Методыка С.д. — гэта сістэма аперацый, працэдур, прыёмаў вывучэння сац. аб’ектаў, іх сістэматызацыя і аналіз. Паводле складанасці і маштабнасці задач адрозніваюць С.Д.: разведвальныя (пілатажныя, зандажныя) — пробныя, папярэднія даследаванні, якія праводзяцца з мэтай удакладнення элементаў асн. С.д.; апісальныя, накіраваныя на вывучэнне складаных, неаднародных па сваіх якасных і колькасных характарыстыках сац. аб’ектаў; аналітычныя — вывучэнне прычын, што абумовілі пэўны характар змен сац. аб’ектаў, вызначэнне і паглыблены аналіз яго асн. параметраў, уласцівасцей і функцый. Вылучаюць тэарэт. і эмпірычныя С.д. У межах тэарэтычнага С.д. распрацоўваюцца сацыялагічныя тэорыі, ажыццяўляецца тыпалагізацыя і класіфікацыя сацыялагічнай інфармацыі, выяўленне заканамернасцей, тэндэнцый і перспектыў развіцця пэўных сац. працэсаў і з’яў і сацыялагічнай навукі ўвогуле. Эмпірычнае С.д. вывучае і абагульняе сац. факты шляхам прамой ці ўскоснай рэгістрацыі. С.д. праводзіцца па распрацаванай праграме (сістэме тэарэт. і эмпірычных працэдур), якая складаецца з метадалагічнай і працэдурнай частак. Метадалагічная частка ўключае этапы вызначэння праблемы, аб’екта і прадмета С.д., характарыстыкі мэтаў і задач, удакладнення асн. паняццяў, папярэдняга апісання (сістэмнага аналізу) аб’екта даследавання, фармулявання гіпотэз. Працэдурная частка С.д. заключаецца ў распрацоўцы стратэгічнага плана даследавання, апісанні метадаў і тэхнікі збору сацыялагічных даных, сістэматызацыі і аналізе атрыманай інфармацыі. У С.д. выкарыстоўваецца шэраг спец. сацыялагічных метадаў. Найб. пашыраныя метады збору сацыялагічнай інфармацыі: апытанне (анкетаванне і інтэрв’ю), аналіз дакументаў (усебаковае даследаванне тэкставых дакументаў, дакладаў, пратаколаў, архіўных матэрыялаў і інш., абагульненне і сістэматызацыя атрыманых даных), кантэнт-аналіз (колькаснае вывучэнне зместу, сац. інфармацыі, найб. распаўсюджанае пры даследаваннях СМІ), назіранне, эксперымент, мадэліраванне сацыяльнае, матэматычнае мадэліраванне.

Літ.:

Ядов В.А. Социологическое исследование: методология, программа, методы. Самара, 1995;

Котляров И.В. Политическая социология. Мн., 1998;

Бабосов Е.М. Социология. Мн., 1998;

Тощенко Ж.М. Социология: Общий курс. 2 изд. М., 1999.

І.​В.​Катляроў.

т. 14, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАЛО́ГІЯ (ад псіха... + ...логія),

навука аб заканамернасцях развіцця і функцыянавання псіхікі як асаблівай формы жыццядзейнасці. Узаемадзеянне жывых істот з прадметным светам рэалізуецца пры дапамозе якасна адметных ад фізіял., але неаддзельных ад іх псіхічных працэсаў, актаў, станаў. П. вывучае сутнасць гэтых з’яў, дадзеных чалавеку ў форме непасрэдных перажыванняў і даступных пазнанню, дзякуючы здольнасці чалавека да саманазірання. Ва ўзаемадзеянні з інш. навукамі П. раскрывае ролю псіхал. фактараў у развіцці грамадства, працэсах кіравання, вызначае шляхі рацыяналізацыі розных відаў дзейнасці, навучання, выхавання, камунікацыі. Сярод фундаментальных праблем П. псіхафізіялагічная (узаемадзеянне псіхікі і яе цялеснага субстрату), псіхасацыяльная (залежнасць псіхікі ад сац. працэсаў і яе актыўная роля ў іх рэалізацыі асобамі і групамі), псіхапраксічная (фарміраванне псіхікі ў працэсе рэальнай практычнай дзейнасці і залежнасць дзейнасці ад яе псіхічных рэгулятараў — вобразаў, аперацый, матываў, асобасных уласцівасцей і інш.), псіхагнастычная (суадносіны паміж пачуццёвымі ці разумовымі псіхічнымі вобразамі і рэальнасцю) і інш. Тэарэт. П. неаддзельная ад сац. і грамадскіх патрэбнасцей, звязаных з задачамі стымулявання дзейнасці асобы і калектыву, адбору кадраў і інш. У ходзе распрацоўкі асн. праблем П. сфарміраваўся катэгарыяльны апарат, у якім вылучаюцца катэгорыі вобраза, матыву, дзеяння, асобы і інш. Асн. метады ў П. — назіранне і эксперымент, дапаможныя — метад экспертных ацэнак, апытанне, саманазіранне, тэставанне і інш. П. дзейнічае на скрыжаванні шматлікіх навук і служыць фундаментам для псіхал. галін: інжынерная псіхалогія, педагагічная псіхалогія, псіхалогія кіравання, псіхалогія працы, псіхалогія сацыяльная, псіхалогія творчасці, авіяцыйная, ваенная, гістарычная, дыферэнцыянальная, зоапсіхалогія, мед., нейрапсіхалогія, эканам., этнічная, юрыд. П. і інш. Асобнае месца ў П. займаюць даследаванні па аўтаматызацыі і кібернетызацыі працы, перадачы некат. функцый галаўнога мозга чалавека электронным устройствам (гл. «Штучны інтэлект») і ўкараненні найноўшых тэхналогій у псіхал. практыцы.

Узнікла ў Стараж. Грэцыі як навука пра душу (Дэмакрыт, Платон, Арыстоцель). Доўгі час уваходзіла ў філасофію, ад яе пачала адасабляцца ў 18 ст. Як самаст. навука аформілася ў 19 ст. Пачынальнік рацыяналіст. П. — Р.​Дэкарт. Яго тэорыя псіхафіз. ўзаемадзеяння стала філас. асновай ідэаліст. П. (гл. Псіхафізічная праблема). Уведзенае ім паняцце рэфлексу паўплывала на тэорыю рэфлекторнай прыроды псіхічнай дзейнасці І.​М.​Сечанава і даследаванняў вышэйшай нерв. дзейнасці І.​П.​Паўлава. У 1879 ням. псіхолаг В.​Вунт стварыў псіхал. лабараторыю, што дало пачатак развіццю эксперыментальнай П. У 18—19 ст. была спроба растлумачыць псіхічную дзейнасць з пазіцый механістычнага матэрыялізму: псіхічныя з’явы зводзілі да фіз.-хім. працэсаў (П.​Гольбах, К.​Гельвецый, Д.​Дзідро) або атаясамлівалі іх з фізіял. працэсамі (Л.​Бюхнер, К.​Фогт, Я.​Молешот). У 20 ст. сав. П. распрацоўвала тэорыю грамадска-гіст. развіцця псіхічнай дзейнасці чалавека (Л.С.Выгоцкі, А.​Р.​Лурыя, А.​М.​Лявонцьеў). У зах. П. 20 ст. вызначыліся 3 асн. кірункі: біхевіярызм, гештальт-псіхалогія і псіхааналіз.

На Беларусі П. развівалася ў рэчышчы філасофіі, потым як частка сав. П. Значную ролю ў яе развіцці адыграў Выгоцкі, які ў 1923 стварыў псіхолага-пед. лабараторыю і кабінет эксперым. П. пры Гомельскім пед. вучылішчы. У 1923 у БДУ прапанавана навуч. праграма па П. (У.М.Іваноўскі). У 1925 пры Наркамаце працы адкрыта псіхатэхн. лабараторыя, дзе даследаваліся праблемы прафес. арыентацыі і прафес. кансультацыі. У 1947 у БДУ створана аддзяленне логікі, П. і рускай мовы, у 1950 — кафедра П. ў Мінскім пед. ін-це. У БДУ, Бел. пед. ун-це і інш. даследуюцца праблемы псіхічнага развіцця дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту, міжасобасных адносін у групах і калектывах, П. пед. дзейнасці, навучання замежным мовам і інш. (Б.​А.​Бенядзіктаў, А.​П.​Ерась, В.​М.​Кавалгін, Ф.​І.​Івашчанка, Я.​Л.​Каламінскі).

Літ.:

Леонтьев А.Н. Философия психологии: Из науч. наследия. М., 1994;

Годфруа Жо. Что такое психология: Пер. с фр. Т. 1—2. М., 1996;

Майерс Д. Псіхалогія: Пер. з англ. Мн., 1997;

Платонов К.К. Занимательная психология. 4 изд. СПб. и др., 1997;

Рубинштейн С.Л. Основы общей психологии. [2 изд.] СПб. и др., 1999;

Выготский Л.С. Психология. М., 2000.

Л.​А.​Кандыбовіч.

т. 13, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭТНАГРА́ФІЯ (ад этнас + ...графія), этналогія, народазнаўства,

навука, якая даследуе этнічныя супольнасці, іх паходжанне (этнагенез), рассяленне, побыт і культуру, культ.-гіст. сувязі. Сучасная Э. (часцей ужываецца тэрмін «этналогія») вывучае комплекс праблем: этнагенез, этн. гісторыю, этн. (этнакульт., этнасац.) працэсы, нац. ўзаемаадносіны. Асн. метады даследаванняў: мэтавае апытанне мясц. жыхароў, тэкставыя запісы, анкеты, фотаздымкі, відэа- і фоназапісы, іх сістэматызацыя, расшыфроўка, параўн.-тыпалагічны параўн.-гіст. аналіз, рэтраспекцыя, картаграфаванне і інш. Асн. крыніцы — палявыя этнагр. матэрыялы, запісы падарожнікаў, гіст. і нарматыўныя дакументы, інвентарныя кнігі, каталогі, музейныя калекцыі. Цесна звязана з археалогіяй, антрапалогіяй, геаграфіяй, лінгвістыкай, сацыялогіяй, фалькларыстыкай. Сумежныя дысцыпліны: этнагеаграфія, этналінгвістыка, этнамузыкалогія, этнічная псіхалогія, этнапедагогіка.

Найб. даўнія звесткі пра Э. ў пісьмовых помніках Стараж. Егіпта, Месапатаміі, Асірыі, Персіі, Індыі. Кітая. У творах ант. аўтараў (Герадот, Палібій, Пліній Старэйшы, Страбон, Тацыт, Фукідыд і інш.) ёсць апісанні народаў, спробы асэнсаваць гіст. падзеі і этнакульт. з’явы. Традыцыі ант. л-ры прадаўжаліся ў Візантыі (Пракопій Кесарыйскі, імператар Канстанцін, 10 ст., і інш.). Багаты матэрыял пра народы свету ў апісаннях падарожжаў Дж.​Карпіні («Гісторыя манголаў»), М.​Пола («Кніга Марка Пола»). Вялікія геаграфічныя адкрыцці (15—17 ст.) паскорылі развіццё этнагр. ведаў. Комплексныя этналагічныя даследаванні Л.​Г.​Моргана і інш. садзейнічалі параўн. вывучэнню і абагульненню фактычнага матэрыялу. У працэсе пошукаў новых падыходаў у асэнсаванні гісторыі чалавецтва і тлумачэнні этнакульт. разнастайнасці фарміраваліся навук. школы: міфалагічная школа, эвалюцыянісцкая (А.​Бастыян, Г.​Спенсер, Э.​Тайлар), антрапагеагр. (Ф.​Ратцэль), культурна-гістарычная школа, функцыян., этнапсіхал. і інш. Узніклі этнагр. ўстановы і т-вы, музеі этнаграфічныя, выдаваліся часопісы, склікаліся міжнар. канферэнцыі і кангрэсы. 2-я пал. 19 — пач. 20 ст. адзначаны поспехамі слав. Э., з’яўленнем фундаментальных абагульняльных прац па розных кірунках этнагр. навукі (З.​Глогер, Дз.​К.​Зяленін. Я.​Ф.​Карскі. К.​Машынскі. Л.​Нідэрле, А.​М.​Пыпін, П.​Шафарык і інш.). У 1948 засн. Міжнар. саюз антраполагаў і этнографаў.

Першыя звесткі пра стараж. насельніцтва Беларусі ёсць у творах ант. аўтараў, стараж. летапісах («Аповесць мінулых гадоў») і інш. гіст. помніках 12—14 ст. У 16—18 ст. этнагр. звесткі пра беларусаў зафіксаваны ў «Баркулабаўскім летапісе», «Хроніцы Быхаўца», «Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі» А.​Гваньіні, «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М.​Стрыйкоўскага, шматлікіх інвентарах, запісках замежных і рус. паслоў і падарожнікаў (З.​Герберштэйн, Т.​Карабейнікаў, Я.​Ласіцкі, М.​Літвін, А.​Маерберг, Б.​Л.​Танер і інш.), этнагр. помніку бел. рэнесансу «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага. Бел. асветнікі С.​Будны. Ф.​Скарына, В.​Цяпінскі і інш. спалучалі ў сваіх творах хрысц. традыцыі і нац.-патрыят. ідэю, крытычна ставіліся да афіц. рэлігіі. імкнуліся наблізіць яе да народа, чаму садзейнічалі пераклады Бібліі на жывую бел. мову з адпаведнымі каментарыямі, прадмовамі і пасляслоўямі. Каштоўны ўклад у вывучэнне праблем сям’і і грамадства, нар. маралі і звычаёвага права зрабілі аўтары і складальнікі прававых Статутаў ВКЛ 1529, 1566, 1588. Пасля далучэння Беларусі да Расіі (канец 18 ст.) з’явіліся нататкі экспедыцыі на Беларусь у 1773 І.​І.​Ляпёхіна, этнагр. апісанне бел. губерняў В.​М.​Севергіна, працы па краязнаўстве і Э. Беларусі Л.​Галамбёўскага, А.​К.​Меера, М.​Чарноўскай, І.​Шыдлоўскага. Побыт і вусную нар. творчасць беларусаў даследавалі Я.​Баршчэўскі, З.​Я.​Даленга-Хадакоўскі, Т.​Зан, Ю.​І.​Крашэўскі, Р.​А.​Падбярэскі, А.​Ф.​Рыпінскі, У.​Сыракомля, Я.​Чачот і інш. Каштоўныя матэрыялы па краязнаўстве сабралі Я.П. і К.​П.​Тышкевічы, па Э., гісторыі і фальклоры бел. насельніцтва — І.​М.​Снегіроў, звесткі пра духоўную культуру беларусаў — П.​В.​Кірэеўскі. Пазней даследаванні праводзілі чл. Расійскай АН, Маскоўскага таварыства гісторыі і старажытнасцей расійскіх, Румянцаўскага гуртка.

Актыўнае збіранне этнагр. матэрыялаў на Беларусі пачалося з заснаваннем у 1845 Рус. геагр. т-ва (РГТ) з аддзяленнем Э. У «Этнографических сборниках» т-ва друкаваліся працы па Э. Беларусі М.​Анімеле, А.​Кіркора, І.​Юркевіча і інш. Каштоўныя звесткі пра жыццё беларусаў змешчаны ў працах П.​В.​Баброўскага, М.​В.​Без-Карніловіча, І.​Зяленскага, творах А.​Міцкевіча, Падбярэскага, У.​Сыракомлі, Я.​Чачота і інш., шматтомным выданні «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба» (1860-я г.), 3-томнай фундаментальнай працы «Спроба апісання Магілёўскай губерні ў гістарычных, фізіка-геаграфічных, прамысловых, сельскагаспадарчых, лясных, вучэбных, медыцынскіх і статыстычных адносінах» (1882—84, пад рэд. А.​С.​Дамбавецкага) і інш. Значную ролю ў вывучэнні Беларусі адыграў створаны ў 1867 у Вільні Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства. Выдадзены першыя этнаграфічныя карты і атласы, якія пашырылі звесткі пра этн. склад насельніцтва Беларусі. З канца 1870-х г. распачалося выданне шматтомнай краязнаўчай працы «Жывапісная Расія». Матэрыялы, сабраныя Кіркорам у 1840—50-я г., склалі 2 часткі 3-га т., прысвечанага Беларусі і Літве («Літоўскае Палессе» і «Беларускае Палессе», 1882). Побач з назапашваннем этнагр. матэрыялаў ішоў працэс асэнсавання, тэарэт. абагульнення і паглыбленага вывучэння розных бакоў нар. культуры. У час. «Записки Северо-Западного отдела Русского географического общества», «Современник», «Вестник Западной России», «Исторический вестник», «Tygodnik ilustrowany» («Ілюстраваны штотыднёвік»), «Athenaeum» («Атэнэум»), «Wisła» («Вісла») і інш. перыяд. выданнях і навук. зборніках публікаваліся працы даследчыкаў бел. Э. М.​В.​Доўнар-Запольскага, Карскага, Кіркора, М.​М.​Косіч, І.​А.​Сербава, А.​К.​Сержпутоўскага, А.​М.​Харузіна, П.​М.​Шпілеўскага, М.​А.​Янчука і інш.

Трывалыя асновы бел. Э. закладзены ў 2-й пал. 19 ст. З’явілася плеяда этнографаў, збіральнікаў і даследчыкаў бел. спадчыны. Значны ўклад у вывучэнне побыту і культуры Паўн. Беларусі зрабіў М.​Я.​Нікіфароўскі. Яго «Нарысы простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку» (1895) — першае на Беларусі сістэматычнае і ўсебаковае даследаванне матэрыяльнай культуры. Энцыклапедыяй нар. жыцця з’явіўся «Беларускі зборнік» Е.​Р.​Раманава (т. 1—9, 1886—1912), у якім адлюстраваны амаль усе бакі матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў. Багатыя матэрыялы па Э. беларусаў Смаленскай губ. сабраў У.​М.​Дабравольскі. Плённай была збіральніцкая дзейнасць П.​В.​Шэйна, які сістэматызаваў і выдаў «Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (т. 1—3, 1887—1902), а таксама дзейнасць этнографаў, якія публікавалі працы пра Беларусь на польскай мове: Э.​Ажэшкі, Глогера, Я.​Карловіча, Машынскага, М.​Федароўскага. Важнай вяхой у этнагр. вывучэнні Беларусі быў 1-ы ўсерас. перапіс насельніцтва (1897), які даў рэальную карціну этн. сітуацыі на Беларусі. Негатыўна паўплывалі на развіццё бел. Э. як навукі канцэпцыя заходнерусізму і забарона ў афіц. ужытку бел. друкаванага слова. Канец 19 — пач. 20 ст. адзначаны шырокай хваляй нац.-культ. адраджэння (М.​Багдановіч, Ф.​Багушэвіч, В.​Дунін-Марцінкевіч, Я.​Купала, Я.​Колас). Прыкметную ролю ў выхаванні новай генерацыі даследчыкаў нар. культуры і побыту адыграла газ. «Наша ніва», якая шырока прадстаўляла этнагр. матэрыялы з жыцця бел. вёскі, асвятляла гіст. і культ. падзеі. Праблемы гіст. развіцця бел. народа, этнагенез і этн. гісторыю даследаваў Доўнар-Запольскі, гісторыю і традыц. культуру Беларусі — В.​Ю.​Ластоўскі. А.​А.​Смоліч — аўтар першай фундаментальнай працы «Геаграфія Беларусі» (1919), у якой разглядаліся прыродныя ландшафты, этн. склад насельніцтва, яго размяшчэнне, культ. асаблівасці і гасп. заняткі.

Вынікі даследаванняў у галіне бел. Э., славістыкі і мовазнаўства падвяла самая значная абагульняльная праца пра бел. этнас «Беларусы» Карскага (т. 1—3, 1903—22). У 1918 у Маскве створана Беларускае навукова-культурнае таварыства, адкрыты Беларускі народны універсітэт, дзе чытаўся курс лекцый па Э. і гісторыі Беларусі. У 1922 у Мінску на базе Навук.-тэрміналагічнай камісіі створаны Ін-т бел. культуры, у складзе якога працавала этнагр. камісія. Створанае ў 1923 Цэнтральнае бюро краязнаўства пачало выданне гіст.-краязнаўчага час. «Наш край», дзе змяшчаліся этнагр. матэрыялы з розных куткоў Беларусі. Важнай крыніцай этнагр. вывучэння Беларусі былі музейныя калекцыі, экспедыцыйныя матэрыялы. Побач са збіральніцкай дзейнасцю праводзілася даследчая работа (праца «Беларуская этнаграфія ў доследах і матэрыялах», кн. 1—5, 7, 1926—30). Творчая праца многіх даследчыкаў нар. культуры была звязана з Палессем. Грунтоўныя комплексныя даследаванні на багатым фактычным матэрыяле, сабраным на Палессі, апублікавалі Дз.​Г.​Булгакоўскі, І.​І.​Жылінскі, І.​Я.​Забелін, Ю.​Крашэўскі, Н.​І.​Лебедзева, Машынскі, Ч.​Пяткевіч, З.​Ф.​Радчанка, П.​П.​Чубінскі і інш. Далейшае развіццё Э. атрымала з утварэннем Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Пачалося сістэматычнае вывучэнне гісторыі бел. Э. Даследаваліся праблемы Э.: этнагенез і этн. гісторыя (М.​Я.​Грынблат, М.​Ф.​Піліпенка, І.​У.​Чаквін), матэрыяльная культура вёскі (У.​С.​Гуркоў, Л.​А.​Малчанава, Л.​І.​Мінько, Э.​Р.​Сабаленка), побыт і культура гар. насельніцтва (В.​М.​Бялявіна, У.​М.​Іваноў, Л.​В.​Ракава), гіст.-этнагр. раянаванне (В.​С.​Цітоў), сям’я і сямейная абраднасць (А.​М.​Курыловіч, Т.​І.​Кухаронак, М.​М.​Нікольскі, Ракава, Сабаленка), нар. промыслы і рамёствы (І.​М.​Браім, Н.​І.​Буракоўская, Курыловіч, С.​А.​Мілючэнкаў, Цітоў, С.​Ф.​Цярохін), гісторыя бел. Э. (В.​К.​Бандарчык, У.​А.​Васілевіч, Г.​А.​Каханоўскі, І.​У.​Саламевіч, А.​С.​Фядосік, Цітоў, І.​К.​Цішчанка) і інш. Выдадзены калект. працы «Беларускае народнае жыллё» (1973), «Беларускае народнае адзенне» (1975), «Помнікі этнаграфіі» (1981), «Промыслы і рамёствы Беларусі» (1984), «Палессе: Матэрыяльная культура» (1988), а таксама энцыкл. выданне «Этнаграфія Беларусі» і інш. У 1976 адкрыты Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, у 1977 — Музей старажытна-беларускай культуры.

У 1990-я г. даследаваліся пытанні шматвяковай гісторыі і традыц. культуры народа: нар. дойлідства (Т.​В.​Габрусь, Гуркоў, А.​М.​Кулагін, А.​І.​Лакотка, С.​А.​Сергачоў, Ю.​А.​Якімовіч), нар. мастацтва (В.​А.​Лабачэўская, М.​Ф.​Раманюк, Я.​М.​Сахута, В.​Я.​Фадзеева), духоўныя традыцыі і абрады (Г.​А.​Барташэвіч, Т.​Б.​Варфаламеева, Васілевіч, П.​А.​Гуд, А.​У.​Гурко, Э.​С.​Дубянецкі, І.​І.​Крук, Кухаронак, А.​С.​Ліс, З.​Я.​Мажэйка, А.​В.​Мальдзіс, Л.​Ф.​Салавей), гісторыя культуры (Г.​Я.​Галенчанка, В.​П.​Грыцкевіч, Э.​К.​Дарашэвіч, А.​К.​Каўка, Каханоўскі, Г.​В.​Кісялёў, У.​М.​Конан, Л.​М.​Лыч, С.​А.​Падокшын, Саламевіч, Чаквін, І.​А.​Юхо). Апублікаваны калект. праца «Беларусы» (1998), энцыкл. выданне «Народная культура Беларусі» (2002). Працягваецца праца над шматтомным выданнем «Беларусы» (т. 1—6, 1995—2002), якое асвятляе разнастайнасць шматвяковых традыцый бел. народа ў матэрыяльнай, духоўнай і інш. сферах нац. культуры. Праблемы бел. Э. даследуюцца ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.​Крапівы і Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі, Ін-це праблем культуры, Бел. навук.-адукац. цэнтры, на кафедрах ВНУ, у музеях, цэнтрах і дамах нар. творчасці і інш.

Літ.:

Пыпин А.Н. История русской этнографии. Т. 1—4. СПб., 1890—92;

Харузина В.Н. Введение в этнографию: Описание и классификация народов земного шара. М., 1941;

Токарев С.А. История русской этнографии. М., 1966;

Чебоксаров Н.​Н.​Чебоксарова И.А. Народы, расы. культуры. М., 1971;

Беларуская народная творчасць. Т. 1—45. Мн., 1970—2001;

Бромлей Ю.В. Этнос и этнография. М., 1973;

Зеленин Д.К. Восточнославянская этнография. М., 1991;

Цьвікевіч А. «Западно-руссизм»;

Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў 19 і пач. 20 ст. 2 выд. Мн., 1993;

Цітоў В.С. Народная спадчына: Матэр. культура ў лакальна-тыпал. разнастайнасці. Мн., 1994;

Яго ж. Этнаграфічная спадчына: Беларусь. Традыцыйна-бытавая культура. Мн., 2001;

Говард М. Сучасная культурная антрапалогія. Мн., 1995;

Сахута Я.М. Народнае мастацгва Беларусі. Мн., 1997;

Лабачэўская В.А. Зберагаючы самабытнасць. Мн., 1998;

Грыцкевіч В. Гісторыя і міфы. Мн., 2000;

Гумилев Л. Эгногенез и биосфера Земли. М., 2001;

Радзік Р. Беларусы: Погляд з Польшчы. Мн., 2002;

Падокшын С.А. Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры Беларусі. Мн., 2003.

В.​С.​Цітоў.

т. 18, кн. 1, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)