РАБКО́ВЫЯ, рабкі (Pterocletidae, або Pteroclidae),
сямейства (падатрад) птушак атр. голубападобных. Вядомы з алігацэну (каля 30 млн.г. назад). 2 роды: саджы (Syrrhaptes) з 2 відамі і рабкі (Pterocles) з 14 відамі. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Азіі, Афрыцы, у стэпах, саваннах, паўпустынях і пустынях. Пераважна аселыя птушкі. Трымаюцца чародкамі, гняздуюцца на зямлі. На Беларусі адзначаны выпадкова залётны від саджа, або капытка (S. paradoxus).
Даўж. да 45 см, маса да 550 г. Афарбоўка пясчаная, вохрыстая, жаўтаватая. Крылы доўгія, вострыя. Дзюба без васковіцы. Ногі кароткія, апераны да пальцаў; у саджы апераны і пальцы. Задні палец малы або адсутнічае. Кормяцца насеннем, зялёнымі ч. раслін, насякомымі. Адкладваюць да 4 яец. Аб’ект спарт. палявання.
Э.Р.Самусенка.
Рабковыя: 1 — саджа; 2 — рабок белабрухі (а — самец, б — самка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛЫ́ (Aquila),
род птушак атр. сокалападобных. 9 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы і Паўн. Амерыцы. Насяляюць гарыстыя, стэпавыя, пустынныя і лясныя мясцовасці. Ёсць рэдкія арлы, напр. стэпавы (арол чарах) і вельмі рэдкія, напр. іспанскі падвід арла-магільніка (A. heliaca adalberti), які ўключаны ў Чырв. кнігу МСАП. На Беларусі 5 відаў: падворлікі (вялікі і малы), беркут, арол-карлік, арол-магільнік. Найб. пашыраны малы падворлік. Іншыя трапляюцца абмежавана і ў невял. колькасці. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. цела да 1 м, размах крылаў да 2,4 м. Апярэнне звычайна бурае. Хвост даволі кароткі. Ногі апераны да пальцаў. Гняздуюцца на зямлі, скалах ці дрэвах. Нясуць 1—3 яйцы. Кормяцца звярамі малой і сярэдняй велічыні, птушкамі, рэптыліямі, амфібіямі, зрэдку мярцвячынай. Здабычу высочваюць у палёце або падпільноўваюць, седзячы на ўзвышаным месцы. Знішчаюць шкоднікаў лясной і сельскай гаспадаркі. Арламі часам наз. і прадстаўнікоў інш. родаў драпежных птушак.