АПАЛО́НІКІ,

лічынкі бясхвостых земнаводных. Развіваюцца з яйца. Жывуць у вадзе. У адрозненне ад дарослых асобін маюць прыкметы, уласцівыя рыбам (2—3 пары шчэлепаў, двухкамернае сэрца, доўгі хвост для перамяшчэння, органы прымацавання і бакавую лінію). Корм пераважна раслінны. Пасля 3—4 месяцаў развіцця гэтыя прыкметы знікаюць пры метамарфозе: сэрца робіцца трохкамерным, дыханне лёгачным, хвост знікае, вырастаюць заднія ногі і на сушу выходзіць маладое земнаводнае (напр., жабяня). Пажыва для рыб, птушак.

т. 1, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАБІЁНТЫ [ад гідра... + біёнт(ы)],

расліны, жывёлы і мікраарганізмы, якія насяляюць марскія і мацерыковыя вадаёмы. Да гідрабіёнтаў адносяць таксама арганізмы, што праводзяць у вадзе толькі частку жыццёвага цыкла, — лічынкі і інш. арганізмы з воднай фазай развіцця. Напр., апалонікі і лічынкі стракоз — гідрабіёнты, а дарослыя жабы і стракозы — аэрабіёнты. Гідрабіёнты іншы раз падзяляюць на марынабіёнтаў, якія жывуць у акіяне, і аквабіёнтаў, якія насяляюць прэсныя вадаёмы.

т. 5, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖА́БА-БЫК, жаба-вол (Rana catesbeiana),

бясхвостае земнаводнае сям. жаб сапраўдных. Пашырана ва ўсх. ч. Паўн. Амерыкі ў кустовых зарасніках па берагах рэк і ручаёў з чыстай вадой. Завезена ў некат. краіны Паўд. Амерыкі і Японію.

Даўж. да 20 см, маса да 600 г. Цела аліўкава-бурае або аліўкава-зялёнае з вял. цёмна-бурымі або чорнымі плямамі. Добра плавае. Заднія канечнасці магутныя (даўж. да 2,5 25 см), з плавальнымі перапонкамі. Самцы выдаюць моцныя гукі, якія нагадваюць рык быка (адсюль назва). Апалонікі развіваюцца да 2 гадоў. Корміцца беспазваночнымі, рыбамі, жабамі. птушанятамі, дробнымі млекакормячымі. Аб’ект промыслу і развядзення; выкарыстоўваюць у ежу.

Жаба-бык.

т. 6, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖА́БЫ сапраўдныя

(Ranidae),

сямейства бясхвостых земнаводных. 8 падсям., 46 родаў, 555 відаў. Пашыраны ўсюды, за выключэннем Антарктыды, Паўд. Амерыкі, Паўд. Аўстраліі, Новай Зеландыі. Наземныя і водныя жывёлы. Найб. вядомыя Ж.: жаба-бык, жаба-галіяф (Rana goliaph), азёрная (R. ridibunda), вастрамордая (R. arvalis-terrestris), сажалкавая (R. lessonae=esculenta), травяная (R. temporaria) і інш. Ж. леапардавая (R. pipiens) з Паўн. Амерыкі ў Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 4 віды: азёрная і сажалкавая — водныя формы, жывуць у вадзе ці каля яе; вастрамордая і травяная — наземныя формы, жывуць на балотах, заліўных лугах, палянах, у садах, парках, каля жылля.

Даўж. 1,3—33 см (зрэдку да 40 см, маса да 5 кг (жаба-галіяф). Водныя Ж. пераважна зялёныя, наземныя — карычневыя або бурыя. Характэрныя асаблівасці: скура пераважна гладкая, на верхняй сківіцы зубы; самкі большыя за самцоў. Цела звычайна зграбнае, з доўгімі (скакальнымі) заднімі канечнасцямі. Размнажаюцца пераважна ў вадаёмах. У перыяд размнажэння многім Ж. уласціва разнастайная гукавая сігналізацыя (т. зв. «канцэрты»). Лічынкі Ж. — апалонікі. Кормяцца ў асноўным насякомымі, вусенямі, мурашкамі, павукамі і інш. беспазваночнымі. маляўкамі рыб. буйныя — птушанятамі дробных птушак, палёўкамі, землярыйкамі і інш. Ж. і іх лічынкамі кормяцца некат. рыбы, птушкі, млекакормячыя. Некат. Ж. зімуюць у вадаёмах, іншыя — на сушы. Класічныя аб’екты лабараторных даследаванняў (як пакутніцам навукі пастаўлены помнікі ў Парыжы і Токіо). Далікатнае мяса задніх лапак многіх Ж. выкарыстоўваюць у дыетычным харчаванні народы Азіі, Амерыкі, Аўстраліі, Еўропы; самыя смачныя — азёрная, сажалкавая, травяная (штучна разводзяць). Скура буйных Ж. ідзе на выраб сувеніраў і ўпрыгожанняў, яд выкарыстоўваецца ў медыцыне.

т. 6, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)