Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯША́НЫЯ АПА́ДКІ,
вадкія і цвёрдыя ападкі, якія на працягу сутак выпадаюць адначасова або паслядоўна, пераходзяць з аднаго віду ў другі. Пры тэарэт. разліках М.а. лічаць толькі тыя, якія складаюцца з сумесі снежных камякоў (або ледзяных круп) з дажджавымі кроплямі. На Беларусі адзначаюцца з канца вер. да мая (11—13% ад агульнай сумы ападкаў за год). За год бывае 15—30 сутак з М.а., колькасць іх павялічваецца з Пд на Пн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПА́ДКІ АТМАСФЕ́РНЫЯ.
Выпадаюць з воблакаў (дождж, імжа, снег, крупы снежныя і ледзяныя, снежныя зерні, ледзяны дождж і град) або асядаюць на зямной паверхні ў выніку кандэнсацыі вадзяной пары ці замярзання пераахалоджаных кропляў вады (раса, шэрань, галалёд, іней). Адрозніваюць паводле характару выпадзення. Абложныя выпадаюць са слаіста-дажджавых і высокаслаістых воблакаў, звычайна звязаны з цёплым фронтам, працяглыя, ахопліваюць вял. плошчу. Ліўневыя выпадаюць з кучава-дажджавых воблакаў, прымеркаваны да халоднага фронту, непрацяглыя, з раптоўным пачаткам і канцом, зменлівай інтэнсіўнасці. Імжыстыя выпадаюць са слаістых і маламагутных слаіста-дажджавых воблакаў.
Ападкі атмасферныя — адно са звёнаў кругавароту вады ў атмасферы. Колькасць ападкаў вымяраецца вышынёй слоя вады ў міліметрах, які ўтварыўся на гарыз. паверхні пры адсутнасці выпарэння і інш. страт. Гадавая сума ападкаў атмасферных на Зямлі ў сярэднім 1130 мм (больш за 500 тыс.км³ вады). Размеркаванне ападкаў на Зямлі вельмі нераўнамернае, яно залежыць ад агульнай цыркуляцыі атмасферы і асаблівасцяў подсцільнай паверхні. Асаблівы ўплыў на размеркаванне ападкаў атмасферных мае рэльеф. Пэўная занальнасць размеркавання парушаецца мясц. фактарамі. Найбольш вільготная на Зямлі экватарыяльная зона, дзе выпадае ад 3000 мм на Амазонскай нізіне ў Паўд. Амерыцы да 9655 мм на наветраных схілах масіву Камерун у Афрыцы. У тропіках выпадае ў сярэднім 1000—2000 мм за год (на сушы больш, чым у моры). Максімальная колькасць ападкаў атмасферных назіраецца ў зоне трапічных мусонаў на плато Шылонг у Індыі, дзе на выш. 1300 м у Чэрапунджы выпадае 10 902 мм ападкаў атмасферных за год. Прыкладна столькі ж (у асобныя гады) на наветраных схілах гор у зоне пасатаў на Гавайскіх а-вах. Мінімум ападкаў атмасферных у пустынях, дзе выпадае 50—250 мм і менш (у некаторых пунктах на сярэднім Ніле і ў пустыні Атакама ў Чылі ападкаў атмасферных не бывае па некалькі гадоў).
На тэр. Беларусі ападкі атмасферныя прыносяць цыклоны з Атлантычнага ак. і Міжземнага м., частка іх фарміруецца як мясцовыя ў выніку канвекцыі. За год выпадае ад 540 мм і менш (на Палессі) да 769 мм (на Навагрудскім узвышшы). Максімальная колькасць 1115 мм назіралася ў 1906 (Васілевічы), мінімальная 299 мм — у 1963 (Брагін). У сярэднім за год бывае ад 145 дзён з ападкамі (на ПдУ) да 195 дзён (на З і ўзвышшах Беларускай грады). Працягласць ападкаў атмасферных за год у сярэднім складае ад 1000—1200 гадзін (на Пд і З) да 1300—1500 гадз (на ПнУ рэспублікі). Максімальная працягласць за год 2034 гадз адзначана ў 1980 у Мінску.
Літ.:
Швер Ц.А. Закономерности распределения количества осадков на континентах. Л., 1984;
Атмосфера: Справ. Л., 1991;
Климатические характеристики земного шара. Л., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАМЕТЭО́РЫ (ад гідра... + грэч. meteōros які лунае ў паветры),
атмасферныя ападкі, якія ўтвараюцца пры выдзяленні вільгаці з паветра на паверхні Зямлі і прадметаў — раса, іней, шэрань і інш. Першапачаткова пад гідраметэорам разумелі прадукты кандэнсацыі вадзяной пары ў атмасферы — воблакі, усе атм.ападкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯША́НЫЯ ВО́БЛАКІ,
высокаслаістыя, слаіста-дажджавыя і кучава-дажджавыя (часам нават высокакучавыя, слаістыя і слаіста-кучавыя воблакі), якія складаюцца з сумесі вадзяных кропель і снегавых крышталёў (звычайна пры т-ры да -10 °C). З’яўленне М.в. на небе — прыкмета хуткага пагаршэння надвор’я: яны часта даюць ападкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́КА БУ́РЫ,
вока тайфуну, вобласць у цэнтры трапічнага цыклону папярочнікам 20—30 км (часам да 60 км), з ясным небам і слабымі вятрамі (нярэдка поўны штыль). Акружана магутнай воблачнасцю, з якой звязаны ліўневыя ападкі, навальніцы, штармавыя вятры і моцнае хваляванне на моры. Утвараецца пры апусканні паветра, што суправаджаецца яго ўшчыльненнем, награваннем і высушваннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЧАВА-ДАЖДЖАВЫ́Я ВО́БЛАКІ [міжнар. назва Cumulonimbus (Cb)],
шчыльныя і магутныя воблакі белага колеру з цёмнымі, зрэдку сіняватымі асновамі з моцным вертыкальным развіццём (да выш. 14 км). Ападкі з іх ліўневага характару, часам суправаджаюцца навальніцай, шквалам, градам. Развіваюцца з магутных кучавых воблакаў, адрозніваюцца ад іх верхняй часткай, якая складаецца з крышталёў лёду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАДКАМЕ́Р,
прылада для вымярэння колькасці і інтэнсіўнасці ападкаў. Уяўляе сабой дажджамернае вядро прыёмнай плошчай 200 см² з ахоўнай планкавай агароджай. Устанаўліваецца на выш. 2 м над зямлёй. Назіранні вядуцца 2 разы ў суткі і пасля ападкаў. Выкарыстоўваюцца таксама сумарны ападкамер — цыліндр, у якім вада пакрываецца плёнкай тэхн. масла, каб пазбегнуць выпарэння, і ападкамер з тэрмастатамі (цвёрдыя ападкі пераводзіць у вадкія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛВА,
плато на ПнЗ п-ва Індастан, у Індыі. Абмежавана на ПнЗхр. Аравалі, паўд.ч. ўваходзіць у склад гор Віндх’я. Выш. 200—600 м. Складзена пераважна з пясчанікаў, перакрытых на Пд базальтавымі лавамі. Характэрны згладжаныя масівы і моцна расчлянёныя ступеньчатыя раўніны. Клімат субэкватарыяльны, мусонны, ападкі (каля 1000 мм за год) выпадаюць пераважна летам. Рэдкастойныя мусонныя лясы і ксерафітныя хмызнякі. Вырошчваюць бавоўнік, пшаніцу.