АНТРА́КТ

(франц. entracte),

1) перапынак паміж актамі (дзеямі) спектакля ці аддзяленнямі канцэрта, цыркавога паказу.

2) Музычная п’еса, якая з’яўляецца ўступам да акта (акрамя 1-га) ці карціны опернага, балетнага або драм. спектакля. Выконваецца пасля перапынку, перад тым як падняць заслону.

т. 1, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНГА́РД»,

кірунак у кінамастацтве 1920-х г., абумоўлены пошукамі новых сродкаў выразнасці. Найб. характэрны для франц. і ням. кіно.

У 1-й пал. 1920-х г. «авангард» абазначаўся тэрмінам «фотагенія» (паэтычны погляд на рэальнасць, выкарыстанне муз. рытмікі, алегорый, метафарычнай кінамовы, асацыятыўнага мантажу). Выявіўся ў фільмах «Я абвінавачваю» і «Кола» А.Ганса, «Эльдарада» М.Л’Эрб’е, «Вернае сэрца» Ж.Эпштэйна, «Ліхаманка» Л.Дэлюка і інш. У 2-й пал. 1920-х г. у «авангардзе» назіраецца схільнасць да эксперым. фарматворчасці на аснове выявы геам. фігур, ліній, святлаценяў, рытмічных і мантажных кампазіцый — фільмы «Механічны балет» Ф.Лежэ, «Сімфонія вялікага горада» В.Рутмана, серыя «Эцюды» О.Фішынгера і інш.; вобразы ствараліся на аснове сюррэалістычных і дадаісцкіх матываў («Антракт» Р.Клера, «Андалузскі сабака» Л.Буньюэля, «Эмак Бакія» М.Рэя, «Ракавіна і свяшчэннік» Ж.Дзюлака і інш.).

Г.В.Ратнікаў.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)