Антацыяны 1/357; 8/432

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАЦЫЯ́НЫ

(ад грэч. anthos колер + kyanos блакітны),

фарбавальныя рэчывы (пігменты з групы флаваноідаў) клетачнага соку раслін. Паводле хім. саставу — гліказіды, у якіх рэшткі глюкозы або інш. цукру звязаны з афарбаваным нецукрыстым рэчывам. Колер антацыянаў залежыць ад хім. прыроды апошняга і рэакцыі асяроддзя (напр., чырвоны — у кіслым, сіні, фіялетавы — у шчолачным). Наяўнасцю антацыянаў абумоўлена фіялетавая, сіняя, карычневая, чырв., аранжавая і інш. афарбоўка пялёсткаў кветак, пладоў, лістоў, сцяблоў, чырв. колер вінаў і фруктовых сокаў. Мяркуюць, што антацыяны — ахоўны сродак ад шкоднага дзеяння ультрафіялетавых прамянёў і перагрэву тканак.

т. 1, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЬШТЭТЭР (Willstätter) Рыхард Марцін

(13.8.1872, г. Карлсруэ, Германія — 3.8.1942),

нямецкі хімік-арганік. Замежны чл. Расійскай АН (1923), ганаровы чл. АН СССР (1929). Скончыў Мюнхенскі ун-т, у якім выкладаў у 1892—1925 (з 1902 праф.), у 1905—15 у Вышэйшай тэхн. школе ў Цюрыху і ў Ін-це хіміі кайзера Вільгельма ў Берліне. З 1939 у Швейцарыі. Навук. працы па хіміі і біяхіміі прыродных злучэнняў.

Атрымаў крышт. хларафіл і вызначыў яго структуру (разам з А.Штолем). Даследаваў будову алкалоідаў (атрапіну, трапіну, какаіну), раслінныя пігменты (антацыяны і флавоны), ферменты (амілазу, пераксідазу, ліпазу, цукрозу), раскладанне цэлюлозы, працэсы каталітычнай гідрагенізацыі і фотасінтэзу. Нобелеўская прэмія 1915.

Літ.:

Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 2. 3 изд. М., 1986.

т. 4, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУСНІ́ЦЫ

(Rhodococcum vitis-idaea),

від кветкавых раслін сям. верасовых. Пашыраны ў халодных і ўмераных зонах Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца часта ў лясах, хмызняках, на высечках, мохавых балотах.

Шматгадовазялёная кусцікавая расліна выш. 10—25 см з доўгім паўзучым карэнішчам, прамастойным ці ўзыходным галінастым сцяблом. Мае эндатрофную мікарызу. Лісце дробнае, шчыльнае, скурыстае, бліскучае, суцэльнае і суцэльнакрайняе, эліпсоіднае. Кветкі званочкавыя, бледна-ружовыя, са слабым пахам, сабраныя ў густыя кароткія паніклыя гронкі на канцах леташніх парасткаў. Плады — шарападобныя ярка-чырвоныя або бела-ружовыя ягады, ядомыя, з прыемным кісла-салодкім смакам (ураджайнасць 150—200 кг/га). Каштоўная харч., кармавая (для звяроў і птушак), дубільная, меданосная, дэкар. і лек. (мачагонны, антысептычны, вяжучы, проціцынготны сродак) расліна, мае бялкі, вугляводы, арган. к-ты (бензойная, яблычная, лімонная, воцатная, мурашыная, шчаўевая і інш.), цукры (цукроза, фруктоза, глюкоза), пекціны, мінер. і дубільныя рэчывы, гліказіды арбуцын, вакцынін, вітаміны С, B9, РР, карацін, катэхіны, фітанцыды, антацыяны і інш. З лек. мэтай ужываюць лісце і спелыя ягады. Ягады спажываюць свежыя і мочаныя, выкарыстоўваюць у кандытарскай прам-сці, для квашання капусты, як гарнір да мясных страў, з іх гатуюць варэнне, джэм, павідла, марынады, кісель, сок, сіроп, морс, бруснічную ваду, пасцілу, начынку для цукерак і пірагоў. Лісце выкарыстоўваюць як сурагат чаю.

т. 3, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)