Андантэ (муз.) 10/391

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛУЭ́КТАЎ (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 12.4.1952, г. Дзісна Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. кампазітар, піяніст. Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1976). З 1976 выкладаў у Пскоўскім і Наваполацкім муз. вучылішчах. З 1980 у Мінску. Яго творчасці ўласціва цікавасць да разнастайных жанраў і стыляў. Сярод твораў: мюзікл «Граф Монтэ-Крыста» паводле А.​Дзюма (1985); сімф. паэма «Мцыры» паводле М.​Лермантава (1976), андантэ «Вега» (1981), Сімфаньета (1982) для сімф. арк.; санаты № 1—5 для фп. (1978—87), фп. трыо (1981), 2 сюіты для фп., «Зборнік дзіцячых п’ес» (1988—94) для фп., 90 джазавых тэм, хары на вершы М.​Багдановіча, П.​Броўкі, М.​Танка, С.​Ясеніна, І.​Нікіціна, А.​Фета, песні на ўласныя вершы і інш.

т. 12, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР «ДЗЕ́-Я?».

Засн. ў 1987 у Мінску як тэатр-студыя пад кіраўніцтвам М.​Трухана і В.​Баркоўскага. З 1992 сучасная назва. Маст. кіраўнік Трухан (да 1999). У рэпертуары т-ра студыйнага перыяду драма «Шрамы» Я.​Шабана, казка «Кот у ботах» паводле Ш.​Перо, камедыі «Андантэ» і «Кватэра Каламбіны» Л.​Петрушэўскай, драм. трылогія «Эцюды памяці зямлі Беларускай» («Роспач») паводле твораў У.​Караткевіча, «Імжа» паводле п’есы І.​Кофты «Халопская вайна», «Рагнеда» Н.​Рапы — своеасаблівы творчы маніфест калектыву, які абвясціў яго маст. і грамадз. заклапочанасць вывучэннем і творчым адлюстраваннем менталітэту бел. народа. Значнай маст. з’явай жыцця т-ра 1990-х г. сталі пастаноўкі твораў Ф.​Аляхновіча: «Здань» — псіхал. кантамінацыя сімволіка-містычных драм «Страхі жыцця» і «Цені», фальк. камедыя «Чорт і баба», спектакль «Круці...» паводле сцэн. гратэску «Круці не круці — трэба памярці» і кн. «У капцюрох ГПУ». З інш. пастановак найб. значныя: філас. драма-малітва «Распад» паводле п’ес У.​Шэкспіра, камедыя «Жаніцьба» М.​Гогаля і сцэн. паэма «Мёртвыя душы» паводле яго аднайм. рамана, камедыя «Каханне — кніга залатая» А.​Талстога, біблейскі фарс «Дзевяты прапаведнік» Е.​Юрандота, казкі-прыпавесці «Барановы кароль» Трухана, «Дзіва-казка» В.​Острава і інш. Сярод акцёраў т-ра: Л.​Баталава, Г.​Гатоўчыц, Т.​Міронава, І.​Падлівальчаў, Т.​Папова, А.​Сушко, Г.​Чарнабаева і інш. Спектаклі ставілі Трухан, Баркоўскі, М.​Дзінаў, І.​Мацкевіч і інш.

Л.​А.​Лявонава.

Мінскі Драматычны тэатр «Дзе-Я?» Сцэна са спектакля «Чорт і баба» Ф.​Аляхновіча.
Мінскі Драматычны тэатр «Дзе-Я?» Сцэна са спектакля «Жаніцьба» М.​Гогаля.

т. 10, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)