АНГА́Р

(франц. hangar),

закрытае збудаванне для трымання, тэхн. абслугоўвання і рамонту лятальных апаратаў. Бываюць наземныя (найчасцей), падземныя і на вадзе; стацыянарныя (на аэрадромах, будуюцца з метал. або жалезабетонных нясучых канструкцый), часовыя (звычайна драўляныя) і зборна-разборныя для палявых аэрадромаў (канструкцыі са сталі, лёгкіх сплаваў і пластмас). Аснашчаюцца пад’ёмна-трансп. абсталяваннем, сродкамі сувязі, аўтам. пажаратушэння і інш. Пралёты ангараў да 150 м, выш. да 40 м. Вял. ангары складаюцца з некалькіх секцый.

т. 1, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІЯНО́СЕЦ,

баявы надводны карабель, асн. ўдарная сіла якога — палубныя самалёты і верталёты. Упершыню выкарыстаны ў канцы 1-й сусв. вайны. У 2-ю сусв. вайну складалі аснову флоту ЗША, Вялікабрытаніі, Японіі і Францыі. Найб. развіццё атрымалі ў ЗША. Паводле водазмяшчэння і прызначэння адрозніваюць авіяносцы: лёгкія, цяжкія; мнагамэтавыя, процілодачныя, ударныя, эскортныя; звычайныя і атамныя. Водазмяшчэнне сучасных авіяносцаў 20—100 тыс. т, скорасць 18—35 вузлоў (33,3—64,8 км/гадз). Нясуць 25—100 самалётаў і верталётаў, якія пад’ёмнікамі падаюцца на палётную палубу і апускаюцца ў ангар, дзе абсталяваны месцы для рамонту і падрыхтоўкі іх да вылету. На палубе размешчаны катапульты (забяспечваюць узлёт з інтэрвалам 30 с), пасадачная паласа на вуглавой палётнай палубе з аэрафінішорам і аварыйным бар’ерам (нейлонавыя сеткі). Узлёт і пасадка забяспечваюцца спец. радыётэхн. і аптычнымі сістэмамі і індыкатарамі. Для самаабароны выкарыстоўваюцца зенітныя ракетныя і арт. комплексы.

т. 1, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)