АНАЛІТЫ́ЧНАЕ СКРЫЖАВА́ННЕ,

скрыжаванне гібрыда 1-га пакалення з бацькоўскай формай-«аналізатарам», якая мае рэцэсіўныя прыкметы (гомазіготная па рэцэсіўных алелях). Праводзіцца з мэтай вызначэння генатыпу гібрыднай асобіны па характары атрыманага патомства. Патомкі ад аналітычнага скрыжавання абавязкова нясуць адзін рэцэсіўны алель ад «аналізатара», на фоне якога павінны праявіцца алелі, атрыманыя ад аналізуемага арганізма. Для аналітычнага скрыжавання (за выключэннем выпадкаў узаемадзеяння генаў) характэрна супадзенне расшчаплення па фенатыпе з расшчапленнем па генатыпе сярод патомкаў. З дапамогай аналітычнага скрыжавання можна вызначыць, да якога тыпу належыць праведзенае скрыжаванне: да мона- або дыгібрыднага. Гл. таксама Скрыжаванне.

т. 1, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БИ́РЖИ И БА́НКИ. БЕЛОРУ́ССКАЯ ДЕЛОВА́Я ГАЗЕ́ТА»,

прыватнае інфармацыйна-аналітычнае выданне. Выходзіць з 1992 у Мінску на рус. мове 2 разы на тыдзень. Разлічана на дзелавыя колы. Асвятляе паліт. і эканам. праблемы, пытанні падатковай і фінансавай палітыкі, рыначных адносін, цэнаўтварэння і інш.

т. 3, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕКРО́С

(англ. backross),

зваротнае скрыжаванне, скрыжаванне гібрыда першага пакалення з адной з бацькоўскіх формаў. У вузкім сэнсе бекрос — скрыжаванне гетэразіготнага па пэўных генах арганізма з гомазіготнымі па гэтых генах асобінамі. Выкарыстоўваецца для выяўлення генатыпічнай структуры арганізма (гл. Аналітычнае скрыжаванне), а таксама для пераадолення бясплоддзя гібрыдаў першага пакалення пры аддаленай гібрыдызацыі.

т. 2, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)