КІДА́ЛЬНЫЯ МАШЫ́НЫ,

баявыя машыны для кідання цяжкіх снарадаў (стрэл, камянёў, бярвён, ядраў, запальных сумесей і інш.) з мэтай паражэння жывой сілы праціўніка і разбурэння яго абарончых збудаванняў.

Падзяляліся на машыны насцільнага (балісты і брыколі — станкі з верт. стойкай для кідання стралы) і навяснога (катапульты, франдыбалы) дзеяння. Былі вядомы яшчэ ў дзяржавах Стараж. Усходу, Грэцыі і Рыма (франдыбалы з 5 ст. ў Візантыі, брыколі пашырыліся ў 13—14 ст.). У Стараж. Русі К.м. выкарыстоўваліся з 10 ст. (наз. станковымі самастрэламі, паро́камі, пускачамі) і існавалі да 15 ст. (выцеснены агнястрэльнай зброяй). Гл. таксама іл. да арт. Артылерыя.

Кідальная зброя і кідальныя машыны: 1 — кап’ё; 2 — бумеранг; 3, 6, 7 — прашча; 4, 5 — лук; 8 — арбалет (самастрэл); 9 — аркбаліста; 10 — баліста; 11 — катапульта.
Кідальныя машыны: 1 — брыколь; 2 — анагр.

т. 8, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НЕВЫЯ (Equidae),

коні, сямейства няпарнакапытных млекакормячых. Вядомы з эацэну Паўн. Амерыкі. Эвалюцыя К. вывучана У.А.Кавалеўскім. З падсям., 20 родаў. Сучасны 1 род (Equus), 8 відаў дзікіх К.: асёл, зебры (бурчэлава, горная, Грэві), квага, конь Пржавальскага, кулан (анагр), тарпан. Квага і тарпан знішчаны ў канцы 19 — пач. 20 ст. К. пашыраны ў Азіі і Афрыцы (у Еўропе знішчаны да канца 19 ст.). Жывуць у стэпах, саваннах, пустынях і паўпустынях, на пласкагор’ях. Трымаюцца невял. табунамі. 5 відаў і 2 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі на тэр. Гродзенскага, Калінкавіцкага, Касцюковіцкага, Крычаўскага, Лельчыцкага, Чачэрскага р-наў, гарадоў Мінск, Смаргонь, Чэрыкаў знойдзены рэшткі 3 выкапнёвых відаў К.: каня выкапнёвага (E. caballus), каня Стэнана (E. stenonis) і каня хазарскага (E. chosaricus). Знешне нагадвалі сучасных К., але драбнейшыя памерамі. Па іх рэштках вызначаюць узрост геал. адкладаў.

Даўж. цела дзікіх К. 200—280 см, хваста 40—60 см, выш. ў карку 110—146 см, маса 120—350 кг. Колер аднатонны, жоўта-шэры або светла-шэры з чорнымі палосамі (зебры). Склад цела лёгкі і стройны. Ногі высокія і тонкія, заканчваюцца найб. развітым 3-м пальцам (капыт), 2-і і 4-ы рудыментарныя («грыфельныя» костачкі). Валасяное покрыва кароткае, шчыльнае. На шыі кароткая прамастаячая грыва з падоўжаных валасоў. Здольныя да працяглага і хуткага бегу (50—60 км/гадз, кулан — да 75 км/гадз). Кормяцца расліннасцю. Нараджаюць 1, зрэдку 2 жарабят. Гл. таксама Гіпарыён, Конегадоўля, Коні свойскія.

П.Ф.Каліноўскі.

т. 8, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)