аміднікацінавай кіслаты. Разам з гэтай к-той уваходзіць у групу водарастваральных злучэнняў (вітамін PP) пірыдзін-3-карбонавай к-ты і яе вытворных. У складзе нікацінаміднуклеінавых ферментаў многіх дэгідрагеназ прымае ўдзел у пачатковых этапах біял. акіслення вугляводаў, арган.к-т і інш. злучэнняў. Недахоп Н. выклікае пелагру. На Н. багатыя прадукты жывёльнага паходжання і дрожджы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫМЕТЫЛФОРМАМІ́Д (ДМФА),
N,N-дызамешчаны амід мурашынай к-ты, HCON(CH3)2. Бясколерная гіграскапічная вадкасць, tкіп 153 °C, шчыльн. 944,5 кг/м³ (25 °C). Змешваецца з вадой і з большасцю арган. растваральнікаў, за выключэннем алканаў. Слабая аснова, утварае няўстойлівыя солі з моцнымі мінер. к-тамі, гідралізуецца ў прысутнасці к-т і асноў. Выкарыстоўваюць як растваральнік у вытв-сці сінт. валокнаў, лакафарбавых матэрыялаў, штучнай скуры, поліамідаў, для вывучэння ацэтыленавых і дыенавых вуглевадародаў з газаў піролізу, для экстракцыі арэнаў. Раздражняе слізістыя абалонкі вачэй, ГДК 10 мг/м³. Гл. таксама Аміды кіслот.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЦІ́НАВАЯ КІСЛАТА́, вітамін PP,
цыклічная аднаасноўная кіслата, водарастваральны вітамін, які ўваходзіць у комплекс вітамінаў групы B. Вітаміннай актыўнасцю валодае таксама амід Н.к. — нікацінамід.
Белае крышт. рэчыва без паху, т-ра плаўлення 235—240 °C. Ёсць у дражджах, рысавым і пшанічным вотруб’і, нырках, печані, грыбах і інш. Неабходная для ўтварэння ў арганізме некат. акісляльных ферментаў. Сутачная патрэбнасць для дарослага чалавека — 15—20 мг. У невял. колькасці Н.к. можа ўтварацца ў печані чалавека. Ужываецца для лячэння і прафілактыкі пелагры, хвароб печані, пры спазмах сасудаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЦІНАМІДАДЭНІНДЫНУКЛЕАТЫ́Д (НАД),
кафермент, які прысутнічае ў жывых клетках і ўваходзіць у склад некат. дэгідрагеназ. Адкрыты А.Гардэнам і англ. біяхімікам У.Іонгам (1904). Мае адэнін, амід нікацінавай к-ты, па 2 астаткі рыбозы і фосфарнай к-ты. Функцыянуе на пач. этапах біял. акіслення тлушчу, бялкоў і вугляводаў. У каталізуемых дэгідрагеназамі рэакцыях Н. і яго фасфарыліраванае вытворнае НАД-фасфат з’яўляюцца прамежкавымі акцэптарамі і пераносчыкамі электронаў і вадароду. У большасці тканак біясінтэз Н. ажыццяўляецца шматферментнай сістэмай з нікацінаміду, нікацінавай к-ты, у печані і нырках — з трыптафану.
Літ.:
Фридрих П. Ферменты: четвертичная структура и надмолекулярные комплексы: Пер. с англ.М., 1986;
Браунштейн А.Е. Процессы и ферменты клеточного метаболизма М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУТАМІ́Н,
L-p-амід-L-глутамінавай кіслаты, C5H10O3N2, заменная амінакіслата ў раслін, жывёл і мікраарганізмаў; амінакіслотны кампанент бялкоў і поліпептыдаў. У свабодным стане ў значнай колькасці ёсць у раслін, сардэчнай і шкілетных мышцах, мозгу. Важнейшае злучэнне азоцістага абмену, з дапамогай якога пераносяцца амінагрупы (пераамінаванне). Пры ўтварэнні глутаміну з глутамінавай к-ты ў раслін і многіх жывёл абясшкоджваецца таксічны аміяк. Адзін з прадуктаў першаснага звязвання малекулярнага азоту клубеньчыкавымі бактэрыямі і свабодна жывучымі азотфіксатарамі. Дае пачатак біясінтэзу шэрагу амінакіслот (трыптафану, гістыдзіну, гліцыну, аспарагіну, аланіну і інш.), пурынавых і пірымідзінавых асноў, гексозаміну, рыбафлавіну, фоліевай к-ты і інш.; можа ператварацца ў 1-кетаглутарат — прамежкавы прадукт цыкла лімоннай к-ты, які пастаўляе вуглярод на сінтэз глюкозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЧАВІ́НА, карбамід,
амід вугальнай к-ты (NH2)2CO; канчатковы прадукт бялковага абмену ў большасці пазваночных жывёл і чалавека. Біясінтэз М. адбываецца ў печані (гл.Арніцінавы цыкл). З арганізма выводзіцца з мачой. М. адкрыта ў 1773 франц. хімікам І.Руэлем. Яе хім. састаў устанавіў у 1824 англ. хімік У.Праўт; сінтэзаваў у 1828 Ф.Вёлер.
Бясколернае крышт. рэчыва. Не мае паху, tпл 132,7 °C, шчыльн. 1330 кг/м³ (25 °C). Раствараецца ў вадзе, спірце, вадкім аміяку. Хімічна актыўнае злучэнне: утварае клатраты [напр., з пераксідам вадароду CO(NH2)2∙H2O2]; узаемадзейнічае са спіртамі. карбонавымі к-тамі і іх ангідрыдамі, з двухасноўнымі к-тамі (гл.Барбітуравая кіслата), анілінам, гідразінам і інш.арган. рэчывамі. Лёгка кандэнсуецца з фармальдэгідам (гл.Амінаальдзгідныя смолы). У прам-сці атрымліваюць з аміяку і дыаксіду вугляроду пры т-ры 180—230 °C пад ціскам (12—25 МПа). Выкарыстоўваюць для атрымання мачавіна-фармальдэгідных смол, фарбавальнікаў, снатворных сродкаў (веранал, люмінал і інш.), для дэпарафінізацыі нафты, у сельскай гаспадарцы як канцэнтраванае азотнае ўгнаенне (мае 46 % азоту) пад розныя с.-г. культуры на любых глебах, а таксама як заменнік пратэіну ў кармах для жвачных жывёл.