Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АМЫЛЕ́ННЕ,
хімічная рэакцыя пераўтварэння вытворных арган. кіслот (эфіраў, нітрылаў, амідаў, хлорангідрыдаў і інш.) у кіслоты ці іх солі гідролізам. Адбываецца ў прысутнасці шчолачы ці неарган. кіслаты, пры ўдзеле ферментаў. Напр., гідроліз складанага эфіру з утварэннем кіслаты і спірту: RCOOR1 + H2O → RCOOH +R1OH. Тэхн. характарыстыка тлушчаў — лік амылення (колькасць мг КОН, неабходная для амылення 1 г складанага эфіру). Для жывёльных тлушчаў роўны 170—260, алеяў — 170—200, пчалінага воску 88—103. З алеяў і жывёльных тлушчаў амылення атрымліваюць гліцэрыну, вышэйшыя тлустыя кіслоты і іх солі — мыла (адсюль назва рэакцыі).
т. 1, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ЛЫ,
солі вышэйшых (з 12—22 атамамі вугляроду ў малекуле) тлустых, а таксама нафтэнавых і смаляных кіслот; у вытв-сці і быце — тэхн. сумесі водарастваральных (пераважна натрыевых і каліевых) солей стэарынавай, пальміцінавай, мірысцінавай, лаўрынавай і алеінавай кіслот.
Малекулы М. складаюцца з непалярных (вуглевадародных) і палярных (іонагенных) частак. Пры пэўнай канцэнтрацыі раствору, якая наз. крытычнай канцэнтрацыяй міцэлаўтварэння, малекулы М. ўтвараюць сферычныя часцінкі з некалькіх дзесяткаў малекул (міцэлы), вуглевадародныя радыкалы якіх арыентаваныя ўнутр міцэлы, складаюць яе ядро, а палярныя часткі ўтвараюць паверхневы слой. Міцэлаўтварэннем і высокай паверхневай актыўнасцю М. абумоўлена іх мыйнае дзеянне. М. бываюць цвёрдыя, вадкія, мяккія (пастападобныя) і парашкападобныя. Паводле мэтавага прызначэння падзяляюцца на гасп., туалетныя і тэхнічныя. Атрымліваюць М з тлустых алеяў, жывёльных (цвёрдых і вадкіх) тлушчаў, а таксама сінт. тлустых кіслот. Тэхн. працэс атрымання М. (мылаварэнне) складаецца з варкі і перапрацоўкі ў таварны прадукт. Пры варцы М. зыходныя тлушчы амыляюць (гл. Амыленне) шчолаччу (пераважна гідраксідам натрыю NaOH). Прадукт варкі — мыльны клей (аднародная вязкая вадкасць, гусцее пры ахаладжэнні) перапрацоўваюць у М. гасп. і туалетныя. Цвёрдыя гасп. М. (маюць 40—72% асн. рэчыва) атрымліваюць ахаладжэннем мыльнага клею. Ачысткай мыльнага клею атрымліваюць мыльнае ядро, з якога вырабляюць М. вышэйшых гатункаў — ядровыя. Для вытв-сці цвёрдых туалетных М. выкарыстоўваюць дадаткова ачышчанае ядро, зваранае з лепшай (паводле саставу) тлушчавай сыравіны. Туалетныя М. звычайныя маюць дабаўкі фарбавальнікаў, антыаксідантаў і інш. спец. рэчываў. Выкарыстоўваюць у быце (гасп. і туалетныя М. — асн. мыйны сродак). прам-сці для стабілізацыі эмульсій, як эмульгатары, кампаненты змазачна-ахаладжальных вадкасцей, флотарэагентаў і інш. Прамысл. спосаб вытв-сці М. з выкарыстаннем кальцыніраванай соды вядомы з канца 18 ст.
Ф.М.Капуцкі.
т. 11, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)