АМЕ́ГА,

назва апошняй літары грэч. алфавіта ω, што ўзнікла ў выніку графічнага відазмянення О («амікрон»). У класічным грэч. і візант. пісьме абазначала доўгі гук «о», мела лічбавае значэнне 800. З’явілася крыніцай для кірыліцкай ω («амега»). У старабел. пісьменстве ўжывалася для перадачы гука «о» пераважна ў пач. слоў («ωлво», «ωрати») і як лічба 800. У бел. мове, многіх еўрап. мовах слова «амега», азначае канец чаго-небудзь («альфа і амега» — пачатак і канец, усё галоўнае).

А.М.Булыка.

т. 1, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВО́КСХАЛ»

(Vauxhall),

легкавы аўтамабіль канцэрна «Джэнерал мотарс». Уніфікаваны з аўтамабілем «Опель» (мадэль з правабакавым рулявым кіраваннем, разлічаная на англ. рынак, наз. «Воксхал», астатнія — «Опель», напр. «Воксхал-Кавалер» адпавядае «Опель-Вектра», «Воксхал-Карлтан» — «Опель-Амега»). З 1979 вырабляюцца аўтамабілі малога і сярэдняга класа. Рабочы аб’ём рухавіка ад 1,25 да 2,8 л, магутнасць ад 42 да 110 кВт, скорасць да 220 км/гадз.

т. 4, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬФА,

назва першай літары грэч. алфавіта α. Паходзіць ад назвы фінікійскай літары 𐤀 («алеф»), што ўзнікла на аснове іерагліфічнага егіп. малюнка галавы быка. У класічным грэч. і візант. пісьме абазначала кароткі і доўгі гук «а», мела лічбавае значэнне 1. З’явілася асновай для кірыліцкай («аз»), У бел. і інш. мовах слова «альфа» абазначае пачатак чаго-небудзь («альфа і амега» — пачатак і канец, усё галоўнае).

А.М.Булыка.

т. 1, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРО́НЫ

[ад гіпер... + (нукл) оны],

нестабільныя барыёны з масамі, большымі за масу нейтрона. Час існавання гіперонаў каля 10​-10 с. Характарызуюцца спец. квантавым лікам дзіўнасцю. Гіпероны (Λ° — гіпероны) адкрыты ў касм. прамянях (1947).

Вядомы некалькі тыпаў нейтральных і зараджаных гіперонаў: лямбда (Λ°), сігма (Σ​+, Σ°, Σ​-), ксі (Ξ, Ξ°) і амега (Ω), дзе верхнія знакі «+», «-» і «о» пры сімвалах гіперонаў пазначаюць знак эл. зараду, роўнага элементарнаму электрычнаму зараду. Для кожнага гіперона існуе адпаведная антычасціца. Гіпероны нараджаюцца ў моцных узаемадзеяннях, распадаюцца ў выніку слабых узаемадзеянняў на нуклоны і лёгкія часціцы: пімезоны, электроны і нейтрына. Уласцівасці гіперонаў можна растлумачыць у межах кваркавай мадэлі, паводле якой гіпероны, як і інш. барыёны, складаюцца з 3 кваркаў, прычым у склад гіперонаў абавязкова ўваходзіць S-кварк — носьбіт дзіўнасці. Пры ўзаемадзеянні часціц высокіх энергій з атамнымі ядрамі могуць узнікаць гіпер’ядры. Гл. таксама Узаемадзеянні элементарных часціц.

А.І.Болсун.

т. 5, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДЗЯ́НСКІ ШРЫФТ,

шрыфт, уведзены ў Расіі для друкавання свецкіх выданняў у выніку праведзенай у 1708 Пятром І рэформы рус. пісьменства. Крыніца — маскоўскае пісьменства канца 17 — пач. 18 ст. на аснове кірыліцы і лац. шрыфту антыква. Пры стварэнні грамадзянскага шрыфту з кірыліцы былі выключаны непатрэбныя для рус. мовы грэч. літары «псі», «ксі», «амега», «іжыца», лігатура «от», знак націску (моцы), скарачэнняў (цітлы), «юсы» (вял. і малы, якія служылі для перадачы насавых гукаў). У алфавіце быў узаконены новы абрыс літар «э», «я», замест абазначэння лічбаў літарамі сталі выкарыстоўваць араб. лічбы. Эскізы малюнкаў літар грамадзянскага шрыфту, верагодна, рабіў сам Пётр, шрыфт маляваў Куленбах. Літары грамадзянскага шрыфту былі адліты ў Амстэрдаме і на Маскоўскім друкарскім двары. Мяркуюць, што ў падрыхтоўцы рэформы рус. пісьменства і ўзораў шрыфтоў прымаў удзел І.Ф.Капіевіч. Першая кніга, набраная грамадзянскім шрыфтам, — «Геометриа славенски землемерие» (1708). У 18—19 ст. грамадзянскі шрыфт узяты за аснову балг. і сербскага, у 20 ст.манг. алфавітаў. Пад яго ўплывам сфарміраваліся бел. і ўкр. алфавітныя сістэмы, а таксама некат. народаў Расіі.

Літ.:

Шицгал А.Г. Русский типографский шрифт: Вопр. истории и практика применения. 2 изд. М., 1985.

М.Б.Батвіннік.

т. 5, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)