Альбіт 1/252, 267; 6/235; 8/457

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБІ́Т (ад лац. albus белы),

пародаўтваральны мінерал групы плагіяклазаў Na[AlSi3O8]. Крышталі таблітчастыя трыкліннай сінганіі. Агрэгаты зярністыя, буйна- і дробнапласціністыя. Колер белы, жаўтаваты, чырванаваты. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 6—6,5; крохкі. Шчыльн. каля 2,6 г/см³. Тыповы мінерал гранітных пегматытаў, нефелінавых і шчолачных сіенітаў і інш.; цалкам складае горныя пароды метасаматычнага паходжання — альбітыты. Выкарыстоўваецца ў шкляной, керамічнай, абразіўнай вытв-сцях.

Альбіт.

т. 1, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЯЛІ́Т (ад крыя... + грэч. lithos камень),

мінерал класа галагенідаў, фтарыд натрыю і алюмінію, Na3(AlF6; прымесі крэмнію, жалеза, магнію, калію, стронцыю, торыю. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае зярністыя агрэгаты, прожылкі, дробныя лінзы, гнёзды. Бясколерны, белы, жоўты да чорнага, зрэдку ружовы або зеленаваты. Паўпразрысты да празрыстага. Бляск ад шклянога да тлуставатага. Цв. 2,5. Шчыльн. 2,97 г/см³. Крохкі. Трапляецца ў шчолачных гранітах і палевашпатавых альбіт-рыбекітавых метасаматытах. Сыравіна для вытв-сці шкла, эмалі, фарфору; выкарыстоўваюць як флюс пры атрыманні метал. алюмінію, інсектыцыд. Адзінае буйное радовішча Івігтут (Грэнландыя).

т. 8, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЮМАСІЛІКА́ТЫ,

алюмакрэмніевыя солепадобныя злучэнні з катыёнамі шчолачных металаў, да якіх належыць вял. група пародаўтваральных мінералаў кл. сілікатаў. Прыродныя алюмасілікаты найчасцей маюць каркасную (артаклаз, мікраклін, альбіт) або слаістую (мінералы групы слюдаў) структуру; вядомы алюмасілікаты, якія трапляюцца сярод сілікатных мінералаў інш. структурна-хім. тыпаў (стужачнага — рагавая падманка, ланцужковага — аўгіт, астраўнога — кардыярыт). Да алюмасілікатаў належаць плагіяклазы, нефелін, лейцыт і інш. Пры выветрыванні алюмасілікатаў утвараюцца мінералы глін, гідраслюдаў, баксітаў. Найб. Пашыраныя алюмасілікаты — палявыя шпаты, слюды, цэаліты, хларыты і інш. Алюмасілікаты штучныя сінтэзуюць метадамі, якія імітуюць прыродныя геахім. працэсы. Практычнае значэнне маюць штучныя алюмасілікаты тыпу цэалітаў (малекулярныя сіты і пермутыты). Малекулярныя сіты атрымліваюць пры t 60—450 °C з раствору алюмінату натрыю і воднай суспензіі крэмніевай кіслаты з дабаўкай шчолачы, пермутыты — спяканнем кааліну, палявога шпату з кварцам і содай пры t 1000 °C. Штучныя алюмасілікаты выкарыстоўваюцца ў хім. прам-сці: малекулярныя сіты для працэсаў глыбокай асушкі, тонкай ачысткі і раздзялення газаў, у храматаграфічным аналізе газаў і вадкасцяў; пермутыты для змяншэння жорсткасці вады.

т. 1, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)