Алкагольны галюцыноз 1/257
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АЛКАГО́ЛЬНЫЯ ПСІХО́ЗЫ,
вострыя, зацяжныя і хранічныя псіхічныя расстройствы ад хранічнага алкагалізму. Найб. частая форма — алкагольны дэлірый (белая гарачка) узнікае, калі раптоўна спыніць прыём алкаголю. Пачынаецца з бяссоніцы і трывожнага настрою. Пазней з’яўляюцца зрокавая і слыхавая галюцынацыі; хворыя бачаць насякомых і дробных жывёл. Гэта выклікае страх і рухальны неспакой. Хвароба цягнецца некалькі дзён. Пры адсутнасці лячэння часта прыводзіць да смерці. Хворыя сацыяльна небяспечныя. Востры алкагольны галюцыноз і алкагольны параноід развіваецца таксама на фоне пахмельнага сіндрому і дэпрэсіўна-трывожнага настрою, але галюцынацыі слыхавыя: хворы «чуе» асуджальныя, абразлівыя або пагражальныя галасы. Параноід часцей бывае ў выглядзе алкагольнага трызнення рэўнасці. Пры энцэфалапатыі Гае—Верніке да псіх. расстройстваў далучаюцца неўралгічныя і саматычныя парушэнні. Пры хранічных алкагольных галюцынозах слыхавыя галюцынацыі (хворы да іх прывыкае і часам ставіцца крытычна) цягнуцца многія гады, нават пры цвярозым ладзе жыцця. Корсакаўскі псіхоз (хвароба ўпершыню апісана рус. псіхіятрам С.С.Корсакавым) характарызуецца значнымі парушэннямі памяці і полінеўрытам (запаленнем перыферычных нерв. ствалоў).
Ф.М.Гайдук.
т. 1, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Гарэлка (алкагольны напітак) 3/373
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́СКІ (англ. whiskey, whisky),
моцны (40—50% спірту па аб’ёме) алкагольны напітак. Атрымліваюць перагонкай зброджанага сусла, прыгатаванага са збожжавай сыравіны. Віскі купажыруюць — змешваюць з дыстыляванай вадою, рэктыфікаваным спіртам, віном, экстрактамі пахучых рэчываў і інш.
т. 4, с. 195
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЫН (англ. gin),
ядлаўцовая гарэлка, моцны алкагольны напітак (каля 45 аб’ёмных працэнтаў спірту). Атрымліваюць перагонкай спіртавога настою сушаных ядлаўцовых ягад з дабаўленнем (у залежнасці ад маркі) розных прыпраў (апельсінавых скарынак, каранёў дзягілю і інш.).
т. 6, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛІ́ЎКА,
салодкі алкагольны напітак. Мае 18—20 аб’ёмных працэнтаў спірту, 28—40% цукру. Вырабляюць са спіртаваных фруктова-ягадных сокаў і настояў, свежых ці сушаных фруктаў, спірту-рэктыфікату, цукр. сіропу, лімоннай к-ты і змякчанай вады. Гл. таксама Лікёра-гарэлачныя вырабы.
т. 11, с. 134
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЛКА,
моцны алкагольны напітак; сумесь рэктыфікаванага этылавага спірту (40—56 аб’ёмных %) са змякчанай вадой. Для прыгатавання гарэлкі водна-спіртавую сумесь прапускаюць праз актываваны вугаль, потым фільтруюць. Розныя віды гарэлкі маюць цукар, пітную соду, ацэтат натрыю і інш. Перагонкай зброджаных пладоў і ягад атрымліваюць гарэлку вінаградную, вішнёвую і да т.п.
т. 5, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЬЯ́К (па назве г. Каньяк),
моцны алкагольны напітак (40—60 аб’ёмных працэнтаў спірту), прыгатаваны з каньячнага спірту. Каньячны спірт атрымліваюць перагонкай сухіх (пераважна белых) вінаградных він і далейшай вытрымкай яго ў дубовых бочках. Пры вытрымцы каньячны спірт абагачаецца дубільнымі рэчывамі і набывае характэрныя для К. смак і колер.
т. 8, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЯ ГАРА́ЧКА, алкагольны дэлірый,
найбольш частая форма вострых алкагольных псіхозаў. Узнікае пасля чарговага запою або калі раптоўна спыняюць прыём алкаголю. Пачынаецца з таго, што хворы дрэнна спіць, бачыць пакутлівыя сны, палахлівы. Пазней з’яўляюцца бяссонніца, зрокавыя і слыхавыя галюцынацыі. Хворым бачацца пачвары, чэрці, насякомыя, пацукі, мышы. Парушаецца свядомасць. Такія хворыя небяспечныя для сябе і тых, хто іх акружае. Іншы раз павышаюцца т-ра і крывяны ціск, дрыжаць рукі. Стан пагаршаецца пад вечар. Хвароба цягнецца 3—9 дзён, пасля чаго хворы звычайна ачуньвае. Лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.
т. 3, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІКЁР (франц. liqueur),
моцны салодкі алкагольны напітак; сумесь водна-спіртавых раствораў экстрактаў пахучых і смакавых рэчываў рознай расліннай сыравіны, а таксама рафінаванага цукру, лімоннай к-ты, памякчанай вады.
Паводле колькасці спірту (у аб’ёмных працэнтах — моц) і цукру (у грамах на 100 мл напітку — цукрыстасць) адрозніваюць Л. моцныя (моц 35—45, цукрыстасць 32—50) і дэсертныя (адпаведна 25—30, 39—47), крэмы (20—23, 39—43), пуншы (15—20, 34—43), аперытывы (15—35, 5—30). У краінах Зах. Еўропы і ЗША усе Л. часта наз. кардыяламі.
К.В.Фамічэнка.
т. 9, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)