АКУЛЯ́Р (ад лац. ocularis вочны),

частка аптычнай прылады (мікраскопа, тэлескопа і інш.), накіраваная да вока назіральніка. Прызначаны для разглядання павялічанага відарыса, створанага аб’ектывам або абарачальнай сістэмай. Асн. характарыстыкі: фокусная адлегласць, якая вызначае павелічэнне ўсей аптычнай сістэмы; адлегласць да выхадной зрэнкі (ад апошняй паверхні акуляра да відарыса, створанага акулярам); вугал поля зроку. Асн. тыпы простых акуляраў: Гюйгенса (17 ст.) і Рамсдэна (18 ст.). У складаных акулярах за кошт павелічэння колькасці лінзаў і выкарыстання несферычных (напр., парабалічных) паверхняў вугал зроку даводзіцца да 90—100°.

Да арт. Акуляр: aакуляр Гюйгенса; bакуляр Рамсдэна; Л1, Л2 — лінзы; Д — дыяфрагма; F — пярэдняя факальная плоскасць; В — вока.

т. 1, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Акуляр 1/208—209; 2/332; 4/100; 6/375; 7/195; 8/6

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Рамсдэнаў акуляр 1/209

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Галілееў акуляр 1/208—209

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Гюйгенсаў акуляр 1/209 (іл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗО́РНАЯ ТРУБА́,

аптычная прылада для назірання далёкіх прадметаў адным вокам. Вядома з канца 16 — пач. 17 ст. У 1609 П.т. 32-кратнага павелічэння пабудаваў і выкарыстаў для астр. даследаванняў Г.Галілей. Іншы тып П.т. прапанаваў у 1610—11 І.Кеплер (пабудавана каля 1630).

Асн. элементы П.т. — аб’ектыў і акуляр. Аб’ектыў — збіральная сістэма; дае сапраўдны, паменшаны і перавернуты відарыс аддаленага прадмета паблізу факальнай плоскасці. У схеме Галілея акуляр — рассейвальная лінза, размешчаная паміж аб’ектывам і яго факальнай плоскасцю, дае прамы відарыс. У схеме Кеплера акуляр — збіральная лінза, у якую відарыс, атрыманы пасля аб’ектыва, разглядаецца, як у лупу (відарыс застаецца перавернутым); для атрымання прамога відарыса паміж аб’ектывам і акулярам змяшчаюць абарачальную сістэму. Сучасныя П.т. маюць поле зроку 90—100° і павелічэнне ў дзесяткі разоў.

Я.​У.​Чайкоўскі.

Падзорная труба: а — схема Галілея, б — схема Кеплера, в — труба Кеплера з абарачальнай лінзай; 1 — аб’ектыў, 2 — акуляр, 3 — абарачальная лінза.

т. 11, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЮ́ЙГЕНС ((Huygens) Крысціян) (14.4.1629, г. Гаага, Нідэрланды — 8.6.1695),

нідэрландскі фізік, механік, матэматык і астраном. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1663) і Парыжскай АН (1966). Вучыўся ва ун-тах Лейдэна (1645—47) і Брэда (1647—49). У 1665—81 працаваў у Парыжы. Сфармуляваў асновы хвалевай тэорыі святла (гл. Гюйгенса—Фрэнеля прынцып), даследаваў рух цел пад дзеяннем удару, вывеў формулу цэнтраімклівага паскарэння. Вынайшаў маятнікавы гадзіннік (1657), удасканаліў падзорную трубу, адкрыў кольцы Сатурна і яго спадарожнік Тытан. Сканструяваў акуляр (акуляр Гюйгенса), вызначыў (з Р.​Гукам) пастаянныя пункты тэрмометра (пункт раставання лёду і пункт кіпення вады).

Тв.:

Рус. пер. — Трактат о свете... М.; Л., 1935;

Три мемуара по механике. [Л.], 1951.

Літ.:

Франкфурт У.И., Френк А.М. Христиан Гюйгенс, 1629—1695. М., 1962.

К.Гюйгенс.

т. 5, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫСКО́П (ад грэч. periskopeo гляджу вакол),

1) аптычная прылада для назірання за мясцовасцю з укрыццяў, траншэй, рубак, браніраваных машын (танкаў), падводных лодак і інш. З дапамогай П. вымяраюць гарыз. і верт. вуглы на мясцовасці і вызначаюць адлегласць да аб’ектаў, за якімі назіраюць.

2) Фатаграфічны аб’ектыў, які складаецца з дзвюх выпукла-ўвагнутых лінзаў, сіметрычна размешчаных адносна плоскасці дыяфрагмы, пастаўленай паміж імі. Выкарыстоўваюць у простых фотаапаратах.

Аптычная схема перыскопа: 1 — акно; 2 — прамавугольная прызма; 3 і 5 — прызмы; 4 — аб’ектыў; 6 — візірныя ніткі (скрыжаванне); 7 — акуляр.

т. 12, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЛІЗА́ТАР,

1) у оптыцы — прыстасаванне для выяўлення характару палярызацыі святла. Лінейныя аналізатары служаць для выяўлення лінейна (плоска) палярызаванага святла і вызначэння становішча яго плоскасці палярызацыі, ступені палярызацыі часткова палярызаванага святла. Як аналізатары выкарыстоўваюць палярызацыйныя прызмы, паляроіды, пласцінкі турмаліну і інш. Аналізатар для святла з кругавой і эліптычнай палярызацыяй звычайна складаюцца з аптычнага кампенсатара і лінейнага аналізатара. Гл. таксама Палярызатар.

2) У прамысловасці — прылада ці вымяральнае прыстасаванне хім. саставу газаў, вадкасцяў, цвёрдых і сыпкіх рэчываў. Паводле метаду аналізу бываюць цеплавыя, магн., мех., хім., электрахім., аптычныя, радыеізатопныя і інш.

Да арт. Аналізатар. Аптычная схема цукрамера: S — крыніца святла; D1, D2 — дыяфрагмы; O1 — аб’ектыў; 1 — палярызатар; 2 — трубка з растворам цукру; 3 — кампенсатар; 4 — аналізатар; O2 + OR — зрокавая труба; 5 — шкала; O3акуляр шкалы.

т. 1, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДАШУКА́ЛЬНІК,

прыстасаванне фота- і кіназдымачных апаратаў для навядзення іх на аб’ект і назірання за ім пры здымцы. Дазваляе ўбачыць межы відарысаў аб’ектаў і іх адпаведнасць памерам кадравай рамкі. Бывае рамачны, тэлескапічны і люстраны. Падбіраецца пад аб’ектыў з пэўнай фокуснай адлегласцю.

Калі аптычныя восі відашукальніка і здымачнага аб’ектыва не супадаюць, то ўзнікае паралакс — несупадзенне межаў відарыса, які назіраецца ў відашукальніку і які пераходзіць на фота- або кінаплёнку. Для змяншэння паралаксу ў поле зроку некаторых відашукальнікаў змяшчаюць некалькі прамавугольных рамак, што дазваляе ўвесці папраўку пры здымцы з розных адлегласцей. У люстраных фотаапаратах з адным здымачным аб’ектывам і кінаапаратах з люстраным абтуратарам паралакс адсутнічае. У некаторых фотаапаратах відашукальнік канструктыўна аб’яднаны з аптычным дальнамерам.

Аптычная схема відашукальніка: а — тыпу трубы Кеплера; б, в — люстраных фотаапаратаў; 1 — аб’ектыў; 2 — абарачальная сістэма; 3 — рамка; 4 — акуляр.

т. 4, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)