1) у оптыцы — прыстасаванне для выяўлення характару палярызацыі святла. Лінейныя аналізатары служаць для выяўлення лінейна (плоска) палярызаванага святла і вызначэння становішча яго плоскасці палярызацыі, ступені палярызацыі часткова палярызаванага святла. Як аналізатары выкарыстоўваюць палярызацыйныя прызмы, паляроіды, пласцінкі турмаліну і інш. Аналізатар для святла з кругавой і эліптычнай палярызацыяй звычайна складаюцца з аптычнага кампенсатара і лінейнага аналізатара. Гл. таксама Палярызатар.
2) У прамысловасці — прылада ці вымяральнае прыстасаванне хім. саставу газаў, вадкасцяў, цвёрдых і сыпкіх рэчываў. Паводле метаду аналізу бываюць цеплавыя, магн., мех., хім., электрахім., аптычныя, радыеізатопныя і інш.
Да арт. Аналізатар. Аптычная схема цукрамера: S — крыніца святла; D1, D2 — дыяфрагмы; O1 — аб’ектыў; 1 — палярызатар; 2 — трубка з растворам цукру; 3 — кампенсатар; 4 — аналізатар; O2 + OR — зрокавая труба; 5 — шкала; O3 — акуляр шкалы.