ВЯРЭ́ЙСКІ (Арэст Георгіевіч) (н. 20.7.1915, в. Аносава Смаленскай вобл., Расія),

рускі графік. Нар. мастак СССР (1983). Правадз. чл. АМ СССР (1983). Сын Г.С.Вярэйскага. У 1936—38 свабодны слухач Ленінградскай АМ. Асн. работы: ілюстрацыі да кн. «Васіль Цёркін» А.​Твардоўскага (1942—48); «Ціхі Дон» (1951—52), «Лёс чалавека» (1958) і «Паднятая цаліна» (1967) М.​Шолахава і інш. Выканаў серыі станковых работ: «Твар ворага» (1942), «А.​В.​Сувораў» (1950), «Ангара» (1959—60), «Петраградцы 1917 г.» (1967) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1978.

Н.​В.​Шаранговіч.

А.Вярэйскі. Рыгор і Аксіння. Ілюстрацыя да кнігі М.​А.​Шолахава «Ціхі Дон». 1951—52.

т. 4, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІМАНТА́ЙТЭ ((Kymantaite) Казімера) (н. 12.7.1909, г. Куршэнай Шаўляйскага р-на, Літва),

літоўская актрыса, рэжысёр. Нар. арт. Літвы (1954). Скончыла драм. студыю Дзярж. т-ра ў Каўнасе (1932), Вільнюскі ун-т (1962). На сцэне з 1933. У 1934—40 актрыса Дзярж. т-ра (Каўнас), з 1945 актрыса і рэжысёр Драм. т-ра Літвы (Вільнюс; да 1950 выкладала ў яго студыі). У творчасці спалучала рысы рэалізму і рамантызму, умоўнасць вобразаў і этнагр. элементы. Сярод роляў: Сарт («Пагібель «Надзеі» Г.​Хеерманса), Рукене («Спяваюць пеўні» Ю.​Балтушыса), Кайкарэне («Тапельніца» паводле апавяд. А.​Венуоліса; і рэжысёр, Дзярж. прэмія Літвы 1957), Шарлота, Таццяна («Вішнёвы сад», «Юбілей» А.​Чэхава), Аксіння, Варвара («Лес», «Навальніца» А.​Астроўскага), Пастаноўкі: «Нявестка» паводле апавяд. Ю.​Жэмайтэ (1945), «Праўда каваля Ігнотаса» А.​Гудайціса-Гузявічуса (1950), «Кроў і попел» паводле Ю.​Марцінкявічуса (1961), «Зямля-карміцелька» (1950) і «Майстар і сыны» (1965, 1978) паводле раманаў П.​Цвіркі і інш. Здымалася ў кіна- і тэлефільмах.

т. 8, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАПЕ́ЛЬКА (Зінаіда Ігнатаўна) (25.12.1918, г.п. Багушэўск Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 27.5.1997),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1972). Скончыла студыю Бел. т-ра імя Я.​Коласа (1938), працавала ў гэтым т-ры. Выканаўца лірыка-драм. і вострахарактарных роляў. Творчасць адметная эмацыянальнасцю, адкрытым тэмпераментам, яркасцю тэатр. формы пры дакладнай псіхал. распрацоўцы характараў. З лепшых роляў у бел. рэпертуары: Насця і Мальвіна, Ганна («Несцерка», «Машэка» В.​Вольскага), Галя («Алазанская даліна» І.​Дорскага і К.​Губарэвіча), Насця Вярбіцкая, Вікця, Ганна Ціханаўна («Пяюць жаваранкі», «Людзі і д’яблы», «Блытаныя сцежкі» К.​Крапівы), Аксіння і Вольга («Крыніцы» і «Снежныя зімы» паводле І.​Шамякіна), Маці («Бацькаўшчына» К.​Чорнага і «Парог» А.​Дударава), Паліна («Трыбунал» А.​Макаёнка), Лявоніха («Лявоніха» П.​Данілава), Яўхіміха («Кастусь Каліноўскі» У.​Караткевіча), у класічным рэпертуары: Цалаваньева, Антаніна («Зыкавы», «Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага), Наташа («Тры сястры» А.​Чэхава), Марыя Антонаўна («Рэвізор» М.​Гогаля), Разалія Паўлаўна («Клоп» У.​Маякоўскага), Лізавета, лэдзі Мільфард («Марыя Сцюарт», «Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Генерылья («Кароль Лір» У.​Шэкспіра) і інш.

Т.​Я.​Гаробчанка.

З.І.Канапелька.
З.Канапелька ў ролі Насці.

т. 7, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПА́ЛЬСКІЯ ПЕ́СНІ, купалка, купалле, купайло,

янаўскія песні, песні летняга цыкла каляндарна-земляробчага фальклору. Адносяцца да летняга сонцавароту («калі сонца паварочвае на зіму, а лета на жару»). Спяваюць іх перад Купаллем і на само свята. Найб. пашыраны ў славян, літоўцаў, латышоў. Паводле стараж. уяўленняў, заснаваных на язычніцкім адухаўленні прыроды (як і на вопыце практыка-земляроба), у гэты перыяд у найб. ступені разгортваюцца жыццёвыя сілы прыроды, якія могуць быць амбівалентна спрыяльнымі і варожымі. Адсюль важкасць у купальскай абраднасці катарсічнай («ачышчальныя» вогнішчы, рытуальнае купанне) і апатрапеічнай (абходы жыта і інш. засцярогі ад злых сіл) магіі, а таксама асаблівае ў земляробчым календары значэнне купальскага культу як пакланення сонцу (у сімвалічных агнях) і ўшанавання расліннага свету. Паэзія К.п. працягвае вобразна-эмацыянальную атмасферу цыкла веснавых песень, але мае і яскравую адметнасць, абумоўленую загадкавасцю самай таямнічай на працягу года купальскай ночы і карнавалізаваным светаадчуваннем святкавання сонцаваротаў.

Тыповы купальскі сюжэт — нарматыўнае «скліканне на купалу» з асуджэннем (нярэдка ў карнавалізаваных фарбах) таго, «хто не выйшаў на купалу» («Параска, Аксіння, Наталка ... на купалах не была // То-то — ведзьма была // До Кіёва летала на Йвана»).

Для К.п. характэрна тэматыка чарадзейства са збіраннем цудадзейных траў (зёлак), з незвычайным усходам сонца («Будзем сонца пільнаваці // Да як будзе сонца граці»). Гэтым абумоўлены таямнічы флёр, які абвалаквае персаніфікаваную Купалку ў адрозненне ад вясёлай, адкрыта разухабістай Каляды, пышна маляўнічай Вясны або пазнейшых персаніфікацый хрысц. святых — пастаянных працаўнікоў Юр’я, Пятра, Ільі. Само з’яўленне Купалы некалькі загадкавае, маскіраванае («ішла Купалка сялом, сялом // Закрыўшы вочкі чабром, чабром»). Цудадзейна-таямнічы аспект інтэрпрэтацыі каляндарнай абраднасці ў К.п. садзейнічае замацаванню менавіта ў іх баладных сюжэтаў і матываў, сярод якіх выкрышталізаваліся і тыповыя купальскія, як балада аб сястрыцы і браціку, што ператварыліся ў кветку Іван-ды-Мар’я. Пашыраная ў К.п. (як і ў веснавых) шлюбна-любоўная тэматыка нярэдка карнавалізуецца («Ссохлі, здохлі дзецюкі // На дзевачак гледзючы»), Для К.п., як і для ўсіх традыц. абрадавых песень, характэрны тыповыя палітэкставыя напевы, якія ў пэўным арэале набываюць знакава-сімвалічнае значэнне. Бел. этнамузыказнаўцы вызначаюць 7—9 песенна-меладычных тыпаў такіх напеваў. Пры дастатковай стабільнасці рытма-структурных прымет напевы К.п. вызначае інтанацыйна-меладычная мабільнасць: ад падкрэслена «галасных» мелодый святочна-ўзнёслага характару («У нас сягоння Купалачка») і сціслай формульнасці прыглушаных прыпеваў-паўтораў («Ночка мала, купальная») да лірыкі паліжанравых вяснова-купальскіх мелодый з тыповымі зачынамі, дзе звароты да купалачкі, вясняначкі, русалачкі ўзаемазамяняльныя. К.п. найб. пашыраны ў Паазер’і і паўд.-зах. раёнах Беларусі. У інш. рэгіёнах іх прыметы выяўляюцца ў веснавых, траецкіх і русальных песнях.

Публ.: Беларускія народныя песні / Запіс Р.​Шырмы. Т. 3. Мн., 1962; Анталогія беларускай народнай песні / Уклад. Г.​Цітовіч. 2 выд. Мн., 1975; Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981; Купальскія і пятроўскія песні / Уклад. А.​Ліс, Г.​Таўлай. Мн., 1985.

Літ.:

Ліс А.С. Купальскія песні. Мн., 1974;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Тавлай Г.В. Белорусское купалье. Мн., 1986;

Гл. таксама літ. да арт. Каляндарныя песні.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 9, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)