ЖЫРАРДО́ ((Girardot) Анні) (н. 25.10.1931, Парыж),

французская актрыса. Скончыла Парыжскую кансерваторыю (1954). Працавала ў т-ры «Камеды Франсэз». У кіно з 1956. Этапнай у яе творчасці стала роль Надзі ў фільме Л.​Вісконці «Рока і яго браты». Вобраз моцнай і гордай жанчыны, якая самастойна вырашае свой лёс, актрыса вар’іруе ў фільмах «Тры пакоі ў Манхатане», «Памерці ад кахання», «Няма дыму без агню» (у пракаце «Шантаж»). Яе мастацтва вылучаецца незвычайнай пластычнасцю, схільнасцю да сарказму, лірычнага гумару, уменнем ярка і дакладна акрэсліць характар. Сярод інш. фільмаў: «Жанчына-малпа», «Доктар Франсуаза Гаян», «Знаёмства па шлюбнай аб’яве», «Пяшчотны паліцэйскі», «Ключ да дзвярэй», «Кажыце, мне цікава».

т. 6, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗІ́НА ((Masina) Джульета) (сапр. імя Джулія Ганна; 22.2.1921, г. Сан-Джорджа-ды-П’яна, Італія — 1994),

італьянская актрыса. Вучылася ў Рымскім ун-це. У 1942 дэбютавала ў т-ры, у 1946 — у кіно. Сусв. вядомасць прынеслі ролі ў фільмах яе мужа рэжысёра Ф.Феліні: «Агні вар’етэ» (1950), «Дарога» (1954, у сав. пракаце «Яны вандравалі па дарогах»), «Махлярства» (1955), «Ночы Кабірыі» (1957, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах), «Джульета і духі» (1965), «Джынджэр і Фрэд» (1986). Яе мастацтва вызначалася тонкім псіхалагізмам, спалучэннем лірызму і гратэску, уменнем яскрава і дакладна акрэсліць характар. Сярод інш. фільмаў: «Еўропа, 51» (1952), «Фартунела» (1958), «Шалёная з Шаё» (1969, англ.), «Фрау Холь» (1985).

т. 9, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЭ́ЙНАСЦЬ,

свядомая прыхільнасць чалавека да пэўнага вучэння, сістэмы ідэй, якая знаходзіць сваё выяўленне ў яго жыццёвых паводзінах, складзе думак, ацэнак навакольнай рэчаіснасці. У практыцы праяўляецца ў сістэме сац. дзеянняў у адпаведнасці з захаванымі ідэйнымі пачаткамі з мэтай здзяйснення станоўчага сац. ідэалу. Паводле сваёй структуры І. — унутр. адзінства тэарэт. ведаў і пераканання ў іх правільнасці. Неабходнай перадумовай І. з’яўляецца свядомае засваенне ідэй і свабодны выбар практычнай дзейнасці па іх ажыццяўленні. Для ідэйнага чалавека характэрны пастаянства поглядаў і мэтанакіраванасць дзеянняў. І. адкрывае чалавеку сістэму каштоўнасцей і ідэалаў, якія дазваляюць яму акрэсліць гал. кірунак сац. прагрэсу, верыць у канчатковую перамогу дабра над злом, у чалавечы розум. У грамадскім і паліт. жыцці І. выступае альтэрнатывай бездухоўнасці, безадказнасці, абыякавасці.

В.​І.​Боўш.

т. 7, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛОТАГЕНЕ́З (ад грэч. glōtta мова + ...генез),

працэс станаўлення чалавечай натуральнай гукавой мовы. Праблема глотагенезу звязана з паходжаннем мовы і вывучаецца комплексна як мовазнаўствам (пераважна параўнальна-гістарычным мовазнаўствам і гіст. тыпалогіяй), так і інш. навукамі аб чалавеку. Супастаўляючы прамовы асобных макрасем’яў, параўнальна-гістарычны метад дазваляе акрэсліць формы верагоднай зыходнай мовы Homo sapiens (сучаснага чалавека); гіст. тыпалогія дапамагае выявіць найб. верагодныя шляхі фарміравання асн. моўных катэгорый.

Здольнасць падтрымліваць зносіны развівалася ў чалавека ў адпаведнасці з развіццём пэўных зон мозга: спачатку жэставыя зносіны (правае паўшар’е), потым аднаслоўныя абазначэнні прадметаў словамі (заднія зоны левага паўшар’я) і ўтварэнне звязных сказаў (скронева-лобныя зоны левага паўшар’я). Тэорыю глотагенезу на працягу 20 ст. распрацоўвалі лінгвісты А.​Трамбеці, Б.​Разенкранц, антраполагі В.​В.​Бунак, Г.​У.​Хьюз, А.​Ліберман, палеанеўролаг В.​І.​Качаткова. У 1984 засн. Міжнар. т-ва па даследаванні глотагенезу з цэнтрам у Парыжы.

Літ.:

Якушин Б.В. Гипотезы о происхождении языка. М., 1984.

А.​М.​Рудэнка.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАКАНТЫЯ́НСТВА,

ідэалістычны філас. кірунак, які ўзнік у 2-й пал. 19 ст. ў Германіі. Сфарміраваўся ва ўмовах крызісу метадалаг. асноў прыродазнаўства і гіст. навукі, уяўляў сабой спробу яго пераадолення з дапамогай тэарэт. спадчыны І.Канта. Адным з першых філосафаў, які заявіў пра неабходнасць «вярнуцца да Канта» і «ачысціць» вучэнне Канта ад наслаенняў яго паслядоўнікаў, быў О.​Лібман. Н. пашырылася ў Германіі, Аўстрыі, Францыі, Расіі і інш. Найб. вядомымі былі марбургская (Г.​Коген, П.Натарп, Э.Касірэр і інш.) і бадэнская (В.​Віндэльбанд, Г.​Рыкерт і інш.) школы. Нягледзячы на часам прынцыповыя адрозненні ў тлумачэнні кантавай спадчыны, усе неакантыянцы зыходзіліся ў адным — крытычных адносінах да кантавай «рэчы ў сабе». У адрозненне ад самога Канта, які прызнаваў «рэч у сабе» як незалежную ад суб’екта, як рэальна існуючую, яны трактавалі яе, як чалавечы вопыт. Калі Кант спрабаваў строга акрэсліць межы пазнавальнай здольнасці суб’екта і ўрэшце перайшоў на пазіцыі агнастыцызму і суб’ектыўнага ідэалізму, то неакантыянцы ў большай ступені апелявалі да пастулатаў аб’ектыўнага ідэалізму (бога, логаса і г. д.). Яны адрывалі пазнанне ад прадмета пазнання. Прадмет, па іх меркаванні, не дадзены, а зададзены суб’екту. Такім чынам, пазнанне ёсць лагічная пабудова і яна здзяйсняецца па законах мыслення. Н. паўплывала на неагегельянства, экзістэнцыялізм і інш. кірункі.

Літ.:

Кассирер Э. Жизнь и учение Канта: Пер. с нем. СПб., 1997;

Хайдеггер М. Кант и проблема метафизики: Пер. с нем. М., 1997;

Гайденко П.П. Прорыв к трансцемдентмому: Новая онтология XX в. М., 1997.

Т.​І.​Адула.

т. 11, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)