жанр цыркавога і эстраднага мастацтва; дэманстраванне нумароў, заснаваных на майстэрскім валоданні целам і высокім развіцці мускулатуры.
Са старажытнасці вядома ў Егіпце, Грэцыі, Рыме, Візантыі, Кітаі, Японіі. У сярэднія вякі элементы акрабатыкі ўключалі ў свае выступленні вандроўныя акцёры: шпільманы (Германія), жанглёры (Францыя), мімы (Італія), франты (Польшча), скамарохі (Беларусь і Расія) і інш. Як род цыркавога відовішча акрабатычнае мастацтва вылучылася ў канцы 18—19 ст. (конная, партэрная акрабатыка).
У сучасным цырку акрабатычнае мастацтва падзяляецца на скачковае (на зямлі), плечавое, сілавое, пластычнае, коннае, ікарыйскія гульні, вальтыжыроўку, камічнае. Элементы акрабатычнага мастацтва выкарыстоўваюць амаль ва ўсіх інш. жанрах — паветранай гімнастыцы, эквілібрыстыцы, гімнастыцы на снарадах, жангліраванні, клаунадзе, дрэсіроўцы, а таксама ў харэагр. мастацтве, тэатр. і эстрадных паказах, у т. л. ў пантаміме і поп-групах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРАБА́ТЫКА
(ад грэч. akrobatēs які падымаецца ўверх),
1) від спорту (спартыўная акрабатыка). Уключае шматлікія фіз. практыкаванні (вылучаюць 2 асн. групы: скачковая акрабатыка і сілавая — стойкі, піраміды і інш.). Удзельнічаюць мужчыны і жанчыны паасобку, з партнёрам (у т. л. мяшаныя пары), групай. Часам выкарыстоўваюць спец. прылады (трамплін, батут). Чэмпіянаты свету па акрабатыцы праводзяцца з 1964. На Беларусі гурткі акрабатыкі існавалі з сярэдзіны 1930-х г., як спорт развіваецца з 1946. Сярод бел. акрабатаў чэмпіёны свету і Еўропы Ю.Зікуноў (1974), В.Біндлер, чэмпіёны СССР А.Колесава (1952), В.Бірукоў (1957), А. і М.Туманавы (1963), Л.Зданюк (1966—67), А.Базылеў (1974).
2) Від фіз. практыкаванняў накшталт гімнастычных. Шырока выкарыстоўваецца ў розных відах спорту (спарт. гімнастыка, скачкі ў ваду, фрыстайл і інш.), а таксама пры спец.фіз. падрыхтоўцы лётчыкаў і касманаўтаў.
3) Жанр цыркавога і эстраднага мастацтва, гл.Акрабатычнае мастацтва.