Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРО́НСКАЯ НІЗІ́НА, Аквітанская нізіна,
на ПдЗ Францыі, у сярэднім і ніжнім цячэнні р. Гарона, паміж Цэнтр. Франц. масівам і Пірэнеямі. Выш. да 200—300 м. Працягласць каля 200 км. Размешчана на месцы перадгорнага тэктанічнага прагіну; складзена пераважна з рыхлых кайназойскіх адкладаў. У рэльефе — чаргаванне шырокіх рачных далін (р. Гарона з прытокамі, прытокі р. Адур) і плоскіх, месцамі ўзвышаных, міжрэччаў; уздоўж Біскайскага заліва — пясчаная забалочаная частка нізіны — Ланды, з вял. колькасцю азёр. Масівы шыракалістых і пасаджаных хваёвых лясоў, міжземнаморскія хмызнякі. Сады, вінаграднікі, пасевы збожжавых, вырошчваецца тытунь. Найб. горад — Бардо.
т. 5, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЕ-ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ МАЛАДА́Я ПЛАТФО́РМА,
платформавая вобласць з палеазойскім складкавым фундаментам і мезазойска-кайназойскім (месцамі верхняпермскім) чахлом, якая знаходзіцца ў Зах. і Сярэдняй Еўропе паміж альпійскімі складкавымі збудаваннямі Пірэнеяў і Альпаў на ПдЗ і Пд, акіянскімі плітамі катлавіны Нансена і Баранцава мора на Пн і краявым швом (зонай Тэйсейра—Торнквіста) Усходне-Еўрапейскай старажытнай платформы на У. Для яе характэрна рэзка акрэсленая блокавая будова: платформа разбіта на высока ўзнятыя масівы (Багемскі, Рэйнскі, Армарыканскі, Цэнтральны) і выступы (Гарц, Вагезы, Шварцвальд) і глыбока апушчаныя ўпадзіны (Польска-Германская, Паўд. Германская, Парыжская, Аквітанская, Цюрынгская, Субгерцынская). У межах платформы развіты рыфтавыя сістэмы: кайназойская рэйнская і мезазойская паўночнаморская. З паўночнаморскай звязаны буйнейшыя радовішчы нафты і газу. Да адкладаў цэхштэйна (верхняя перм) прымеркаваны буйныя радовішчы каменнай і калійнай солей, да кам.-вуг. адкладаў — каменны вугаль, пермскіх і неагенавых — буры вугаль.
Р.Г.Гарэцкі.
т. 7, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)