АКАНІ́ЦА,

канструкцыйна-дэкаратыўны элемент афармлення аконнага праёма (гл. Акно). Узнікла ў стараж.-рус. архітэктуры ў выглядзе засавак (дошак на палазах), якімі зачынялі незашклёныя валаковыя вокны курных хат. У сял. буд-ве бытавала да канца 19 ст. З развіццём вял. акон, аздобленых ліштвамі, паявіліся аканіцы на «бегунах», або «пятках» (спец. шыпах, на якіх паварочваліся), з 16 ст. — на метал. завесах у замкавым, сядзібным і гар. жыллёвым буд-ве. У сучаснай нар. архітэктуры аканіцы аздабляюцца філёнгамі, дэкар. ўстаўкамі, разьбой.

Аканіцы жылога дома ў вёсцы Моцеўкі Міёрскага раёна Віцебскай вобл.
Аканіцы жылога дома ў вёсцы Старое Сяло Веткаўскага раёна Гомельскай вобл.

т. 1, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЮЗІ́ (франц. jalousie),

1) аканіцы, шторы з паралельных пласцінак, замацаваных у верт. або гарыз. становішчы на раме (звычайна пад вуглом 45°) ці на шнурках (могуць устанаўлівацца пад любым вуглом). Выкарыстоўваюцца для засцярогі жылых і грамадскіх памяшканняў ад сонечных прамянёў, атм. ападкаў, пылу.

2) Паваротныя метал. створкі, якія ўстанаўліваюцца перад масляным або вадзяным радыятарам сістэмы ахаладжэння аўтамабіля і інш. машын для рэгулявання патоку паветра, што праходзіць праз радыятар.

т. 6, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́МА,

памяшканне, будынак ці яго частка, прызначаныя для гандлю. У Беларусі вядома з часу вылучэння рамёстваў у самаст. галіну гасп. дзейнасці. У гарадах 10—12 ст. К. існавалі ў рамесніцкіх пасадах. У 15—16 ст. вакол дзярж. і прыватнаўласніцкіх таргоў фарміраваліся гандлёва-рамесніцкія паселішчы з вял. колькасцю К. Паводле арх.-планіровачнай і функцыянальнай будовы вылучалася некалькі тыпаў К.: невял. будынак з гандл. памяшканнем і каморай; 1- ці 2-павярховы будынак, які спалучаў уласна К., жыллё рамесніка-гандляра і яго майстэрню; памяшканне ў комплексе гандлёвых радоў на плошчы горада ці мястэчка. Адметнасцямі К. з’яўляліся ганак з адкрытай галерэяй, аканіцы, падвойныя дзверы з жал. заваламі для запірання дзвярэй, маляваныя шыльды на шчыце-франтоне. К., змыкаючыся дахамі, галерэямі, утваралі шчыльную забудову вуліцы ці плошчы. У гарадах, якія мелі магдэбургскае права, нярэдка былі аб’яднаны з будынкам ратушы. У наш час К. наз. невял. гандл. памяшканне.

А.​І.​Лакотка.

т. 8, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ РА́ТУША.

Існавала ў 17—20 ст. у Магілёве. У канцы 17 ст. ратуша — мураваны 2-павярховы будынак з 8-граннай 5-яруснай вежай пасярэдзіне гал. фасада. У 1679—81 пад кіраўніцтвам майстра Феські збудаваны прамавугольны ў плане (28 × 10,5) будынак ратушы. У 1682—86 майстрам Крузбергам з Быхава ўзведзена вежа на выш. каля 26 м (абвалілася). У 1692 майстрам Ігнатам з арцеллю ўзведзена новая вежа выш. да 38 м, якая стала верт. дамінантай горада. Вежа 5-ярусная, завяршалася гранёным купалам са шпілем, мела балкон з метал. кратамі, вял. гадзіннік. Аконныя праёмы з невял. круглаватымі шыбамі мелі прыгожыя алавяныя рамы-аканіцы. Гал. і дваровы ўваходы вылучаліся ганкамі. Будынак накрыты плоскай чырвонай дахоўкай, аздоблены пазалочанымі флюгерамі-ветранікамі на франтоне, на дахах ганкаў і на вежавым шпілі. У 1773 ратуша капітальна перабудавана, дах накрыты бляхай. Гарыз. пояс падзяляў сцяну будынка на 2 ярусы: 1-ы руставаны, аконныя праёмы 2-га мелі абрамленні. Архітэктура фасадаў стала адпавядаць архітэктуры дамоў губернатара і віцэ-губернатара, узведзеных побач у стылі класіцызму. Да будынка прылягаў гасціны двор. У час Вял. Айч. вайны моцна пашкоджана, у 1957 знесена. Паводле архіўных і археал. матэрыялаў створаны праект адбудовы ратушы.

А.​А.​Трусаў.

Магілёўская ратуша. Фота пач. 20 ст.

т. 9, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)