арнаментальна-дэкаратыўны элемент аздаблення фасадаў і інтэр’ераў будынкаў і збудаванняў у выглядзе аканта (расліна, пашыраная ў Міжземнамор’і). Вядомы з антычнасці. Характэрны для зах.-еўрап., у т. л. беларускай, архітэктуры рэнесансу, барока, класіцызму. Арнамент з асобных зубчастых лістоў аканта аздабляў кансолі і дэнтыкулы, з сабраных у пучок у форме чашы — карынфскія і кампазітныя капітэлі; бягучы бесперапынны арнамент з аканта выкарыстоўваўся ў фрызах, спіралепадобны — у круглых разетках і медальёнах.
Матыў аканта ў аздабленні інтэр’ера касцёла ў в. Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАМЫ́ШСКІ ПРААБРАЖЭ́НСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры класіцызму ў в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1825 з цэглы. Вырашаны адзіным прамавугольным у плане аб’ёмам, накрытым 2-схільным дахам з вальмамі над 3-граннай апсідай. Гал. фасад вылучаны порцікам з 4 парамі калон і высокім трохвугольным франтонам. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны стральчатымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах, 2-ступеньчатымі контрфорсамі ў прасценках. Цэнтр даху на гал. фасадзе завершаны шатровым ліхтарыкам. Шырокі неф касцёла з самаст, аб’ёмамі 2-ярусных сакрысцій перакрыты лучковым драўляным скляпеннем. У інтэр’еры арган, дэкарыраваны ў стылі ракако (1762). У канцы 19 — пач. 20 ст. у касцёле ўстаноўлены 3 драўляныя разныя алтары, выкананыя ў 17 ст. (перабудаваны і ўпрыгожаны скульптурамі ў 18—19 ст.), і амбон 1745 у стылі ракако (усе перанесены з Нясвіжскага касцёла бенедыкцінак). Гал. алтар 2-ярусны, на высокім цокалі, абапал якога на кранштэйнах устаноўлены скульптуры св. Станіслава і Маці Божай з дзіцем. Матывы разьбы: вінаградная лаза з гронкамі, разеткі, ракавіны, пальметы, акант, пуцці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРНА́МЕНТ (ад лац. ornamentum упрыгожанне),
узор з рытмічна ўпарадкаваных элементаў для аздаблення твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва, прадметаў побыту, арх. збудаванняў і інш. У залежнасці ад твора, яго формы, матэрыялаў, спосабу выканання можа быць маляваны, разьбяны, вышываны, тканы, плецены, інкруставаны, набіваны, гравіраваны і інш. Паводле характару бывае геаметрычны, раслінны (пальмета, акант), тэраталагічны (стылізаваныя малюнкі звяроў, птушак), камбінацыі геам. і раслінных матываў (арабескі). У якасці матываў арнаменту выкарыстоўваюць розныя знакі і эмблемы (гербы). Вядомы ўсім народам свету, вобразна адлюстроўвае іх нац. асаблівасці, характар пануючага маст. стылю. На Беларусі арнамент вядомы з часоў палеаліту, асабліва разнастайны ў эпоху неаліту. Тагачаснаму арнаменту на вырабах з косці, дрэва, гліны надавалася сэнсавае і магічнае значэнне. Спецыфічныя рысы набыў у працэсе фарміравання бел. народнасці ў 13—16 ст., развіваўся ва ўзаемадзеянні з культурай інш. народаў. Адметнасцю вызначаюцца разьбяныя па ляўкасе арнаментальныя фоны бел. абразоў 16—18 ст. Шырокую вядомасць набыла беларуская рэзь, арнамент на слуцкіх паясах, кафлі, вырабах урэцка-налібоцкага шкла і інш.Нац. рысы арнаменту найб. ярка ўвасобіліся ў нар.дэкар.-прыкладным мастацтве. У вышыўцы і ткацтве пераважае геам. (пераважна рамбічны) чырвона-чорны арнамент на белым фоне палатна; у разьбяным дэкоры на прадметах побыту — зубчыкі, крыжыкі, шматпраменныя разеткі; у аздабленні нар. жылля — геам. салярны, стылізаваны раслінны і зааморфны. У цяперашні час арнамент. страціў сваё сімвалічнае значэнне і выконвае чыста дэкар. ролю. Лепшыя ўзоры бел. арнаменту, узбагачаныя сучаснай рэчаіснасцю, выкарыстоўваюцца ў лёгкай і маст. прам-сці, архітэктуры, дэкар.-прыкладным мастацтве, маст. творчасці.
Літ.:
Соколова Т. Орнамент — почерк эпохи: [Альбом]. Л., (1972);
Беларускі народны арнамент: [Альбом]. Мн., 1955;
Peesch R. Ornamentik der Volkskunst in Europa. Leipzig, 1981.