ака́нт

‘расліна’

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз.
Н. ака́нт
Р. ака́нту
Д. ака́нту
В. ака́нт
Т. ака́нтам
М. ака́нце

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, sbm2012, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

ака́нт

‘скульптурнае ўпрыгожанне ў форме лісця’

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. ака́нт ака́нты
Р. ака́нта ака́нтаў
Д. ака́нту ака́нтам
В. ака́нт ака́нты
Т. ака́нтам ака́нтамі
М. ака́нце ака́нтах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, sbm2012, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

ака́нт м.

1. (род. ака́нту) бот. ака́нт; ака́нф;

2. (род. ака́нта) архит. ака́нт, ака́нф

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ака́нт

1. бот. ака́нт, -та и (собир.) -ту м.;

2. архит. ака́нт, -та м.;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ака́нт, ‑а і ‑у, М ‑нце, м.

1. ‑у. Паўднёвая травяністая расліна з вялікім лісцем, размешчаным разеткай.

2. ‑а. Спец. Скульптурнае ўпрыгожанне капітэлі, карніза і пад. у выглядзе лісцяў гэтай расліны.

[Грэч. akanthos.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АКА́НТ у архітэктуры,

арнаментальна-дэкаратыўны элемент аздаблення фасадаў і інтэр’ераў будынкаў і збудаванняў у выглядзе аканта (расліна, пашыраная ў Міжземнамор’і). Вядомы з антычнасці. Характэрны для зах.-еўрап., у т. л. беларускай, архітэктуры рэнесансу, барока, класіцызму. Арнамент з асобных зубчастых лістоў аканта аздабляў кансолі і дэнтыкулы, з сабраных у пучок у форме чашы — карынфскія і кампазітныя капітэлі; бягучы бесперапынны арнамент з аканта выкарыстоўваўся ў фрызах, спіралепадобны — у круглых разетках і медальёнах.

Матыў аканта ў аздабленні інтэр’ера касцёла ў в. Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл.

т. 1, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ака́нт

(н.-лац. acanthus, ад гр. akanthos)

1) травяністая расліна сям. акантавых з буйным фігурным лісцем у разетках, пашыраная ў тропіках і субтропіках;

2) архіт. скульптурнае ўпрыгожанне капітэлі, карніза ў выглядзе лісця гэтай расліны.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ака́нф, см. ака́нт;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

НАВАМЫ́ШСКІ ПРААБРАЖЭ́НСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры класіцызму ў в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1825 з цэглы. Вырашаны адзіным прамавугольным у плане аб’ёмам, накрытым 2-схільным дахам з вальмамі над 3-граннай апсідай. Гал. фасад вылучаны порцікам з 4 парамі калон і высокім трохвугольным франтонам. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны стральчатымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах, 2-ступеньчатымі контрфорсамі ў прасценках. Цэнтр даху на гал. фасадзе завершаны шатровым ліхтарыкам. Шырокі неф касцёла з самаст, аб’ёмамі 2-ярусных сакрысцій перакрыты лучковым драўляным скляпеннем. У інтэр’еры арган, дэкарыраваны ў стылі ракако (1762). У канцы 19 — пач. 20 ст. у касцёле ўстаноўлены 3 драўляныя разныя алтары, выкананыя ў 17 ст. (перабудаваны і ўпрыгожаны скульптурамі ў 18—19 ст.), і амбон 1745 у стылі ракако (усе перанесены з Нясвіжскага касцёла бенедыкцінак). Гал. алтар 2-ярусны, на высокім цокалі, абапал якога на кранштэйнах устаноўлены скульптуры св. Станіслава і Маці Божай з дзіцем. Матывы разьбы: вінаградная лаза з гронкамі, разеткі, ракавіны, пальметы, акант, пуцці.

А.​М.​Кулагін, Г.​М.​Ярмоленка.

Навамышскі Праабражэнскі касцёл.

т. 11, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХА́ЛІШСКІ КАСЦЁЛ І КЛЕ́ШТАР АЎГУСЦІ́НЦАЎ,

помнік архітэктуры ранняга барока ў в. Міхалішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. Кляштар засн. ў 1622 рэферэндарыем ВКЛ Я.​Ц.​Бжастоўскім, які аддаў кляштару фальварак Рудашаны, а яго сын Цыпрыян Павел — Мілашуны і Буйвідзы. Быў філіялам Віленскага кляштара аўгусцінцаў. У 1839 кляштар закрыты. У 1653 (паводле інш. звестак у 1662) тут пабудаваны мураваны касцёл Міхаіла Архангела (арх. К.​Пенс) — 2-вежавы 1-нефавы храм з 5-граннай апсідай і нізкімі бакавымі сакрысціямі, накрыты 2-схільным (над апсідай вальмавым) дахам. Нязначны перапад вышынь зальнай ч., апсіды і вежаў стварае ступеньчатую кампазіцыю сілуэта будынка. Гал. фасад завершаны чацверыковымі вежамі з шатровымі дахамі і шчытом з трохвугольным франтонам паміж імі, раскрапаваны нішамі. Вежы падзелены на 2 ярусы карнізам, які праходзіць па ўсім перыметры касцёла. Пры ўваходзе невысокі паўкруглы ў плане прытвор-барбакан. Бакавыя плоскасныя сцены прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі. У ніжніх ярусах вежаў — капліцы, паміж якімі на шырокай арцы галерэя хораў. Інтэр’ер дэкарыраваны 8 стукавымі рэльефнымі алтарамі і пано, 12 скульпт. выявамі апосталаў на кансолях, пуцці, маскаронамі, картушамі, лісцем аканта і інш. (выкананы ў канцы 17 ст. арцеллю італьян. і мясц. майстроў на чале з П.​Перці і М.​Жылевічам). Бакавыя алтары акаймаваны барэльефнай арнаментальнай вяззю з лісця аканта з укампанаванымі ў завіткі выявамі міфалагічных істот. Багатым дэкорам з пазалочанага разнога дрэва ўпрыгожаны амбон з балдахінам. У капліцах каваныя рашоткі 18—19 ст. У 1-ю сусв. вайну ў 1915 касцёл пашкоджаны, у 1920-я г. адноўлены. Іл. гл. таксама да арт. Акант, Барока, Вязь.

А.​М.​Кулагін, Л.​Г.​Лапцэвіч, А.​Л.​Ярашэвіч.

Міхалішскі касцёл і кляштар аўгусцінцаў. Касцёл.

т. 10, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)