КАРЫЯТАМІ́Я (ад карыя...+ грэч. tome адсячэнне),

ядзерная фрагментацыя, няправільнае дзяленне клетачнага ядра на 2 і болей ч. аднолькавай ці рознай велічыні, якое не суправаджаецца падзелам храмасом і ўтварэннем верацяна дзялення. Напр., амітозы ў высокадыферэнцыраваных і старых тканках (без наяўнасці дэфектных анафаз).

т. 8, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́РА, вера,

у Стараж. Русі грашовы штраф, што спаганяўся са злачынца на карысць князя за забойства ці цяжкае калецтва вольнага чалавека. Калі злачынцу нельга было знайсці, віру плаціла сельская абшчына (верв), на тэрыторыі якой знойдзена цела (дзікая віра). Спагнанне віры замяніла кроўную помсту. Паводле «Рускай праўды» памер віры 40 грыўняў. За забойства дружынніка ці слугі князя віру плацілі ўдвая большую (80 грыўняў). За цяжкае калецтва (адсячэнне рукі, нагі) ці за забойства нявернай жонкі спаганялася палова віры.

т. 4, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМПУТА́ЦЫЯ (ад лац. amputatio адсячэнне),

хірургічная аперацыя поўнага ці частковага выдалення перыферычнай часткі канечнасці з перасячэннем (перапілоўваннем, перакусваннем) касцей або органа (малочнай залозы, прамой кішкі, маткі і інш.). Вядома са стараж. часу, асн. яе законы распрацавалі Гіпакрат, А.​Парэ, Ф.​А.​Пці, Дж.​Л.​Эсмарх, М.​І.​Пірагоў. Ампутацыя класіфікуецца па тэрмінах выканання (першасная, другасная), па форме рассячэння мяккіх тканак (кругавая, авальная, акраўкавая), па спосабе ўкрыцця ампутацыйнай куксы (фасцыяпластычная, міяпластычная, касцёвапластычная). Перасячэнне канечнасці на ўзроўні сустава наз. экзартыкуляцыяй.

т. 1, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАТАМІ́Я (ад аўта... + грэч. tomē адсячэнне),

самакалечанне, здольнасць некаторых жывёл самаадвольна аддзяляць часткі свайго цела пры рэзкім раздражненні. Звязана з уласцівасцю ўзнаўляць страчаныя часткі цела: у яшчаркі вырастае новы хвост замест адламанага, у рака — клюшні, у актынідыі — шчупальцы. Аўтатамія — ахоўнае прыстасаванне, якое выпрацавана ў працэсе эвалюцыі як спосаб пасіўнай абароны. Часам звязана з размнажэннем: адламаныя прамяні марскіх зорак могуць аднавіцца ў цэлую жывёліну. Уласціва многім прадстаўнікам фауны Беларусі: гідрам (адкідваюць шчупальцы), кольчатым чарвям (канец цела), павукам, матылям, конікам і ракам (канечнасці), яшчаркам порсткай і жывароднай, вераценніцы ломкай, некаторым птушкам (глушцы, цецерукі), здольным пры небяспецы скідаць покрыўнае пер’е і інш.

т. 2, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАВА́ДЖА (Caravaggio; сапр. Мерызі да Караваджа, Merisi da Caravaggio) Мікеланджэла (28.9.1573, Караваджа, каля Бергама, Італія — 18.7.1610), італьянскі жывапісец, заснавальнік рэаліст. кірунку ў еўрап. жывапісе 17 ст. Вучыўся ў Мілане (1584—88). Працаваў у Рыме, Неапалі, на а-вах Мальта і Сіцылія. У ранні перыяд імкнуўся да пераадолення ўласцівых маньерызму і акадэмізму ўмоўнасці і ідэалізацыі вобразаў, пошуку нар. прататыпаў і простых быт. сюжэтаў, індывід. выразнасці канкрэтнай мадэлі, увасабляў у ант. сюжэтах святочна-гульнявы нар. пачатак («Вакх», 1592—93, і інш.). Узбагаціў новыя жанры жывапісу: нацюрморт («Кошык з садавінай», каля 1596), быт. жанр («Варажбітка», 1590-я г.), даваў жыццёвую трактоўку рэліг. матывам («Адпачынак на дарозе ў Егіпет», 1590-я г.). У канцы 1590-х г. склалася арыгінальная жывапісная сістэма К.: ярка асветлены праменем святла пярэдні план карціны вылучаўся на агорнутым глыбокім ценем фоне, чым дасягалася падкрэсленая аптычная нагляднасць выявы і ўражанне яе непасрэднай блізкасці да гледача; магутныя святлоценявыя кантрасты стваралі драм. настрой, строгі малюнак, энергічная пластычная лепка і колеравыя дамінанты падкрэслівалі рэальнасць матываў, перадавалі эмацыянальнае напружанне («Нясенне крыжа», 1590-я г.; «Прызнанне апостала Матфея», 1599—1600; «Укрыжаванне апостала Пятра», «Ператварэнне Саўла», абодва 1600—01; «Мадонна ды Ларэта», каля 1603—06; «Палажэнне ў труну», 1602—04; «Успенне Марыі», каля 1605—06). У позніх работах узмацніўся трагізм светаўспрымання, жывапісная манера набыла рысы свабоднай імправізацыйнасці, колеравая гама — танальнага адзінства («Сем дзеянняў міласэрнасці», 1607; «Пахаванне св. Лючыі», 1608; «Адсячэнне галавы Іаана Хрысціцеля», 1609). Творчасць К. паўплывала на Рэмбранта, П.​П.​Рубенса, Д.​Веласкеса і інш. Гл. таксама Караваджызм.

В.​Я.​Буйвал.

М.Караваджа. Нясенне крыжа. 1590-я г.

т. 8, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)