КАЛІЗІ́ЙНАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць норм, на падставе якіх вырашаюцца калізіі паміж законамі розных дзяржаў. Уваходзіць у склад міжнароднага прыватнага права. У шэрагу краін (Вялікабрытанія, ЗША і інш.) паняцце «міжнароднае прыватнае права» атаясамліваецца з паняццем «К.п.». Міжнароднае К.п. неабходна адрозніваць ад «унутранага», якое дзейнічае ў федэратыўных дзяржавах.

т. 7, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗРОК,

успрыманне арганізмам навакольнага свету праз улоўліванне зроку органамі святла, якое адлюстроўваецца ці выпраменьваецца аб’ектамі святла. У працэсе эвалюцыі З. удасканальваўся: ад здольнасці адрозніваць толькі святло ад цемры (напр., дажджавыя чэрві) да разнастайнага аналізу адлюстравання. Вока чалавека ўспрымае святло з даўж. хвалі 380—760 нм.

На органы З. ўсе прадметы ўздзейнічаюць адбітымі або прамымі светлавымі прамянямі. Пад уздзеяннем энергіі святла ў палачках і колбачках сятчаткі вока адбываюцца фотахім. рэакцыі, узнікаюць эл. токі, якія выклікаюць нерв. імпульсы, што перадаюцца па праводных шляхах зрокавага аналізатара да цэнтр. коркавага аддзела мозга, дзе фарміруюцца зрокавыя адчуванні. Адрозніваюць З. цэнтр. і перыферычны. Характарызуецца З. вастрынёй. Нармальная вастрыня З. — здольнасць адрозніваць 2 кропкі прадмета з вуглом паміж імі ў 1. Да функцый З. адносяць і бінакулярны зрок.

Л.​М.​Марчанка.

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЗУС (лац. casus),

1) складаны, заблытаны выпадак, незвычайнае здарэнне, прыгода.

2) У праве — выпадковае дзеянне, якое ў адрозненне ад наўмыснага або неасцярожнага мае вонкавыя прыкметы правапарушэння, але пазбаўлена элемента віны і, такім чынам, не цягне за сабой юрыд. адказнасці. Ад К. трэба адрозніваць паняцце неадольнай сілы.

т. 7, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУЛІ́Я (ад а... + грэч. bulē воля),

паталагічнае парушэнне псіхічнай рэгуляцыі дзеянняў, слабаволле, нерашучасць. Выяўляецца ў адсутнасці імкнення да дзейнасці, у няздольнасці прыняць рашэнне і ажыццявіць дзеянне, хоць неабходнасць яго ўсведамляецца. Назіраецца пры меланхоліі, іпахондрыі, неўрастэніі, можа быць выклікана таксама барацьбой уяўленняў і пачуццяў, перакананнем у марнасці ўсякага дзеяння. Абулію трэба адрозніваць ад слабаволля як рысы характару (гл. Воля).

т. 1, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУКАВЫ́ ЦІСК,

дадатковы ціск, што ўзнікае ў вадкім або газападобным асяроддзі пры праходжанні ў ім гукавой хвалі; асн. характарыстыка гуку. Гукавая хваля выклікае ў асяроддзі згушчэнні і разрэджванні, якія і ствараюць дадатковыя змены ціску ў адносінах да яго сярэдняга значэння. Пры значным гукавым ціску можа парушацца суцэльнасць вадкасці (гл. Кавітацыя). Вымяраецца ў паскалях. Гукавы ціск трэба адрозніваць ад ціску гуку.

т. 5, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭПРЭ́СІЯ ў медыцыне,

псіхічная прыгнечанасць з затарможанасцю мыслення, мовы і рухаў. Бывае пры псіхічных і саматычных хваробах, найб. тыповая ў дэпрэсіўнай фазе маніякальна-дэпрэсіўнага псіхозу. Прыкметы: паніжаны настрой (гіпатымія) да глыбокай тугі з трызненнем, нерухомасцю, самаабвінавачваннем. Д. трэба адрозніваць ад звычайнай (фізіял.) рэакцыі чалавека пры непрыемных перажываннях, жыццёвых няўдачах і псіхічных траўмах. Лячэнне: псіхатропныя сродкі, электрасутаргавая тэрапія, псіхатэрапія, хворых на цяжкую Д. лечаць у стацыянарах.

т. 6, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАХТО́ННЫЯ КУ́ЛЬТЫ,

спрадвечныя рэліг.-магічныя культы карэннага насельніцтва краіны. Вызначэнне ўзнікла ў сувязі з неабходнасцю адрозніваць мясц. самабытныя культы ад іх сінкрэтызаваных з сусветнымі рэлігіямі мадыфікацый. Аўтахтонныя культы ўключаюць татэмістычныя, фетышысцкія, анімістычныя вераванні (гл. Татэмізм, Фетышызм, Анімізм), сістэму племянных ініцыяцый, культ продкаў, культы правадыроў і абагаўлёных цароў, політэізм і інш. раннія формы рэлігіі на розных стадыях іх развіцця. Асаблівасці гіст. развіцця народаў, умоў прыроднага асяроддзя вызначаюць падабенства і розніцу, агульнае і асаблівае ў аўтахтонных культах.

т. 2, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫВІ́Д (ад лац. individuum непадзельнае, асобіна),

індывідуум, адзіночнае як процілеглае сукупнасці, масе. 1) У філасофіі асобны прадстаўнік сац. супольнасці (народа, грамадства, сац. групы і інш.), сац. істота, якая самастойна вызначае ўласныя паводзіны і псіхічныя працэсы; трэба адрозніваць ад паняццяў «індывідуальнасць», «асоба».

2) У біялогіі істота, кожны самастойна існуючы жывы арганізм.

3) У логіцы адзіночны аб’ект, які супрацьпастаўляецца віду, класу прадметаў, мноству.

Літ.:

Человек: Филос. аспекты сознания и деятельности. Мн., 1989.

Л.​А.​Гуцаленка.

т. 7, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫ́ЎНАЯ ЛЕ́КСІКА,

частка слоўнікавага складу сучаснай мовы, якая свабодна ўжываецца ў штодзённых зносінах ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Проціпастаўляецца пасіўнай лексіцы. Актыўная лексіка ўключае агульнаўжывальныя словы і тэрміны, прафесіяналізмы, эмацыянальна-экспрэсіўную лексіку і інш. Па-за межамі яе знаходзяцца архаізмы і неалагізмы. У працэсе развіцця грамадства і мовы словы могуць пераходзіць з актыўнай лексікі ў пасіўную і наадварот. Ад актыўнай лексікі мовы неабходна адрозніваць актыўную лексіку асобнага носьбіта мовы, якая залежыць ад яго прафесіі, адукацыі і інш.

П.​П.​Шуба.

т. 1, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСЕВЕРА́ЦЫЯ (ад лац. perseveratio упартасць),

настойлівае ўзнаўленне ў чалавека якога-н. псіхічнага вобраза, дзеяння, стану (рухаў вобразаў або думак). Адрозніваюць П.: рухальныя (маторныя), сенсорныя (напр., пры некаторых формах эйдэтызму), эмацыянальныя (П. афекту) або інтэлектуальныя. Назіраецца ў паўсядзённым жыцці (у выглядзе памылак дзеянняў, апісак і інш.), асабліва пры стомленасці ці стрэсах, у паталогіі — пры псіхічных захворваннях, пашкоджаннях мозга. Уласна П. як з’явы, у значнай ступені адасобленыя і выпадковыя ў агульным кантэксце псіхічнага жыцця чалавека, трэба адрозніваць ад вядомых у псіхіятрыі idee fixe (неадчэпных думак).

т. 12, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)