ЗДО́ЛЬШЧЫНА,
від арэнды зямлі, пры якой арэндная плата выплачвалася ўласніку зямлі доляй ураджаю (часам да палавіны і больш). Узнікла пры рабаўласніцкім ладзе. Характэрна для феадалізму і неразвітых капіталіст. адносін. Існавала на Русі, у ВКЛ, Рас. імперыі. Пры станаўленні і развіцці капіталіст. адносін была пераходнай формай ад феад. арэнды зямлі да капіталістычнай, захавалася як перажытак прыгонніцтва ў форме адработак. Пасля сял. рэформы 1861 З. мела для большасці сялян-арандатараў кабальны, харч. характар. Практыкавалася сялянамі Беларусі. Здольшчык звычайна аддаваў землеўласніку ад 1/4 да 2/3 ураджаю збожжа або ўкосу сена. У 1913 пасевы здольшчыкаў у Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, Ковенскай губ. дасягалі 68,2% сял. пасеваў на надзельных і купленых землях. Гл. таксама Дольнікі.
В.П.Панюціч.
т. 7, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НШЧЫНА, адработачная рэнта,
разнастайная дармавая прымусовая праца феад.-залежных сялян з уласнымі прыладамі працы ў гаспадарцы феадала; форма зямельнай рэнты. Неабходнасць прымусу сялян да П. абумовіла ўзнікненне і развіццё прыгоннага права. У Зах. Еўропе П. пашырылася з 8—9 ст., з 12—13 ст. выцяснялася аброкам і да 14—16 ст. знікла. У краінах Усх. і Цэнтр. Еўропы асабліва пашырылася і стала асновай прадпрымальніцкай дваранскай гаспадаркі ў 16—17 ст. Паступова скасоўвалася тут з 2-й пал. 18 ст. На стараж. рус. землях П. складвалася з часоў Кіеўскай Русі. У Еўрап. Расіі яна значна пашырылася ў 15—16 ст., у 17—1-й пал. 18 ст. разам з натуральным аброкам была асн. формай феад. эксплуатацыі прыгонных сялян, з 2-й пал. 18 ст. пераважала сярод іх павіннасцей ў паўд. чарназёмных губернях Расіі, у Прыбалтыцы, на Беларусі і Украіне. Працягласць П. юрыдычна не была абмежавана і дасягала 4—6 дзён у тыдзень. Указ Паўла I ад 1797 толькі рэкамендаваў памешчыкам скараціць яе да 3 дзён. Пасля адмены ў Расіі прыгоннага права (1861) П. фактычна захавалася пад назвай «здольшчыннай павіннасці» часоваабавязаных сялян да 1882, калі была юрыдычна скасавана, у форме адработак існавала да 1917.
На Беларусі вядома з 14 ст. з канчатковым усталяваннем феад. уласнасці на зямлю. Па шырылася ў 15—16 ст., калі склалася фальварковая сістэма (гл. Фальварак), якая прывяла да масавага запрыгоньвання сялян. Паводле «Уставы на валокі» 1557 (гл. таксама Валочная памера) за карыстанне валокай зямлі цяглыя сяляне павінны былі працаваць на П. 2 дні ў тыдзень, выконваць інш. феад. павіннасці (талокі, згоны); агароднікі за надзел абавязаны былі працаваць на П. 1 дзень у тыдзень. У 18 ст. П. складала 4—7 рабочых дзён у тыдзень з 0,5 цяглай валокі. На Беларусі пад уплывам паўстання 1863—64 скасавана ў 1864.
т. 12, с. 57
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)