РЭВА́НШ (ад франц. revanche адплата, помста),
адплата за паражэнне, няўдачу, пройгрыш, а таксама барацьба з мэтай узяць верх над ранейшым пераможцам.
т. 13, с. 544
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЛІЁН (ад лац. talio адплата, адпаведная злачынству),
прынцып пакарання, які склаўся ў стараж. грамадстве і быў успрыняты феад. правам. Заключаўся ў прызначэнні пакарання вінаватаму ў строгай адпаведнасці з нанесенай ім шкодай («вока за вока», «зуб зуб»). Знайшоў адлюстраванне ў кодэксе Хамурапі, стараж.-яўр. праве, рымскіх Законах XII табліц і часткова ў Статуце Вялікага княства Літоўскага 1588, які прадугледжваў членашкодніцкія пакаранні.
т. 15, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕМЕСІ́ДА, Немезіда,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі багіня адплаты, якая назірае за справядлівым размеркаваннем матэрыяльных даброт паміж людзьмі, вызначае лёс людзей і карае іх за парушэнне юрыд. і маральных норм. Культ Н. быў пашыраны і ў Стараж. Рыме. Ант. скульптары і мастакі звычайна паказвалі Н. ў выглядзе жанчыны з атрыбутамі кантролю (шалі, аброць), пакарання (меч, бізун або жэзл жазло*) і хуткасці (крылы, калясніца, запрэжаная грыфонамі). Другое імя Н. — Адрастэя. У пераносным сэнсе Н. — лёс, непазбежная адплата.
т. 11, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯМЫ́НІН Пётр Андрэевіч (12.7.1909, г. Варонеж, Расія — 22.1.1983),
рускі паэт, перакладчык. Працаваў у газетах Сібіры і Поўначы. Друкаваўся з 1928. Аўтар аўтабіягр. паэм «Пачатак дня» (1958), «Добры бераг», «Першае лета» (абедзве 1961), «Ланцуг Праметэя», «Апошняе лета» (абедзве 1965); кніг паэзіі «Блізкасць неба» (1962), «У складаным і простым» (1968). На рус. мову пераклаў асобныя вершы, урыўкі з паэм «Адплата», «Новая зямля» (раздзел «Дзядзька ў Вільні»), «Рыбакова хата» (главы «У панскай няволі», «Вызваленне»; з С.Гарадзецкім) Я.Коласа, вершы Ф.Багушэвіча, М.Багдановіча, П.Броўкі, М.Танка, П.Панчанкі, М.Лужаніна. Перакладаў з укр., серб. і інш. моў.
Тв.:
Избранное. М., 1983.
т. 15, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСУЭ́ЛА (Azuela) Марыяна (1.1.1873, г. Лагас дэ Марэна, Мексіка — 1.3,1952),
мексіканскі пісьменнік. Раманы «Няўдачнікі» (1908), «Пустазелле» (1909) пра грамадскае жыццё Мексікі ў часы дыктатуры П.Дыяса. Удзельнік Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17, падзеі якой адлюстраваў у рамане «Тыя, хто ўнізе» (1916). У раманах «Касіки» (1917), «Муха», «Хваляванні добрапрыстойнай сям’і» (абодва 1918), «Таварыш Пантоха» (1937), «Новая буржуазія» (1941), «Праклён» (1955) і інш. расчараванне вынікамі рэвалюцыі, непрыняцце паслярэв. рэчаіснасці. Раманы «Ліхадзейка» (1923), «Адплата» (1925), «Светлячок» (1931) пазначаны рысамі сюррэалізму, псіхааналізам з ухілам у паталогію.
Тв.:
Рус. пер. — Те, кто внизу: Роман о мексик. революции // Асуэла М. Те, хто внизу;
Гальегос Р. Донья Барбара;
Астуриас М.А. Сеньор Президент. М., 1970.
Літ.:
Винниченко И.В. Мариано Асуэла. М., 1972.
т. 2, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЗБАР Юрый Іосіфавіч (20.6.1934, Масква — 17.9.1984),
рускі кінаакцёр, рэжысёр, сцэнарыст, журналіст, бард; адзін з заснавальнікаў аўтарскай песні. Скончыў Маскоўскі пед. ін-т (1955). Працаваў настаўнікам, з 1958 у Дзярж. к-це па тэлебачанні і радыёвяшчанні (адзін з заснавальнікаў радыёстанцыі «Юнацтва»). З 1970 у творчым аб’яднанні «Экран». Рэжысёр ці аўтар сцэнарыяў больш як 40 дакумент. фільмаў. Аўтар сцэнарыяў маст. фільмаў «Год дракона», «Капітан Фракас», «Скачок». З 1965 здымаўся ў кіно («Ліпеньскі дождж», «Адплата», «Чырвоная палатка», «Начная змена», «Семнаццаць імгненняў вясны» і інш.). З 1950-х г. пісаў і выконваў свае песні. Аўтар аповесцяў, нарысаў, апавяданняў.
Тв.:
Я сердце оставил в синих горах: Стихи, песни, проза. 3 изд. М., 1989;
Верю в семиструнную гитару. М., 1994.
Л.І.Паўловіч.
т. 4, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТО́ЛПЕР Аляксандр Барысавіч (12.8.1907, г. Даўгаўпілс, Латвія — 11.1.1979),
расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. Расіі (1969). Нар. арт. СССР (1977). Вучыўся ў майстэрні Л.Куляшова (1923—27). Скончыў Вышэйшы дзярж. ін-т кінематаграфіі (1938), з 1965 у ім выкладаў. Паставіў фільмы па творах К.Сіманава «Хлопец з нашага горада» (1942), «Чакай мяне» (1943, абодва з Б.Івановым), «Дні і ночы» (1945), «Жывыя і мёртвыя» (1964, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах 1964), «Адплата» (1969), Б.Палявога «Аповесць пра сапраўднага чалавека» (1948), В.Ажаева «Далёка ад Масквы» (1950), Ю.Нагібіна «Цяжкае шчасце» (1958). Аўтар сцэнарыяў шэрагу фільмаў, у т. л. «Пуцёўка ў жыццё» (1931, з М.Экам, Р.Янушкевічам). Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951. Дзярж. прэмія Расіі 1966.
т. 15, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУ́НІН Аляксандр Пятровіч (4.11.1909, г. Чыта, Расія — 23.4.1993),
расійскі і бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1960). Скончыў студыю пры драм. т-ры (Чыта, 1929). З 1925 акцёр і рэжысёр у т-рах Расіі. У 1952—54 рэжысёр Т-ра драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе, у 1963—75 гал. рэжысёр Гродзенскага абл. драм. т-ра. Пастаноўкам уласцівы пафас жыццесцвярджэння, спалучэнне маст. формы з сац.-псіхал. накіраванасцю: «Порт-Артур» паводле А.Сцяпанава (1963), «Перабежчык» П. і А. Тур, «Capua на далоні» паводле І.Шамякіна (абодва 1965), «Алека Дундзіч» М.Каца і А.Ржашэўскага (1967), «Амністыя» М.Матукоўскага (1970), «Трыбунал» А.Макаёнка, «Навальніца» А.Астроўскага (абодва 1971), «Сірано дэ Бержэрак» Э.Растана (1972), «Апошні шанц» В.Быкава, «Дзядзечкаў сон» паводле Ф.Дастаеўскага (абодва 1975) і інш. Аўтар п’ес «Адплата» і «Я прысягаў Радзіме» (абедзве паст. ў 1968).
А.А.Лабовіч.
т. 15, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛДСМІТ (Goldsmith) Олівер (10.11.1730, Кілкені-Уэст, графства Уэстміт, Ірландыя — 4.4.1774),
англійскі пісьменнік. Скончыў Дублінскі ун-т (1749). Вывучаў медыцыну ва ун-тах Эдынбурга і Лейдэна (1752—56). Праф. Каралеўскай акадэміі (з 1770). Першы твор — «Даследаванне пра сучасны стан славесных навук у Еўропе» (1759). Вядомасць яму прынёс цыкл сатыр. нарысаў, прысвечаных найважнейшым праблемам духоўнага і паліт. жыцця Англіі, «Грамадзянін свету, або Пісьмы кітайскага філосафа, які жыве ў Лондане, сваім сябрам на Усходзе» (1760—61). Новым этапам у англ. асветніцкай л-ры стаў напісаны ў рэчышчы сентыменталізму яго раман «Уэйкфілдскі святар» (1766), у якім паказана патрыярхальнае жыццё ў адзінстве з прыродай, непрыняцце эгаізму «вялікага свету». Паэмы «Вандроўнік» (1764) і «Пакінутая вёска» (1770) з дэмакратычнасцю мовы і жанравымі навацыямі прадвызначылі пазнейшыя адкрыцці рамантыкаў. Аўтар камедый «Дабрачок» (1766) і «Ноч памылак» (1773), сатыр. паэмы «Адплата» (1774), літ.-крытычных трактатаў.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. М., 1978.
Н.М.Саркісава.
т. 5, с. 323
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМКО́ВІЧ Міхась (Міхаіл Мікалаевіч; 20.11.1899, в. Сялітранка Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 5.11.1954),
бел. пісьменнік, крытык. Экстэрнам здаў экзамен на годнасць нар. настаўніка. Працаваў у школе, быў на парт. і прафс. рабоце. З 1932 старшыня аргкамітэта, у 1934—39 старшыня праўлення СП Беларусі. З 1943 гал. рэдактар Дзярж. выд-ва БССР, у 1947—54 літ. кансультант СП Беларусі. Друкаваўся з 1926. Выступаў у розных літ. жанрах (вершы, апавяданні, публіцыст. і літ.-крытычныя артыкулы і інш.). Распрацоўваў жанр драм. паэмы («Кацярына Жарнасек», 1937, паст. 1938; «Адплата», 1945; трылогія «Георгій Скарына», апубл. 1946, 1947, 1955). Аўтар тэксту Дзярж. гімна БССР (1944), драм. абразка пра юнага Т.Шаўчэнку «На віленскім шляху» (1939), лібрэта опер «Апошні вечар на хутары» (апубл. 1940), «Кастусь Каліноўскі» (паст. 1947), «Песня аб шчасці» (1952), балета «Князь-возера» (паст. 1949), даследавання «Аб жыватворчым уплыве рускай літаратуры на беларускую літаратуру» (1955) і інш.
Тв.:
Зб. тв. T. 1—2. Мн., 1959;
Лясное возера. Мн., 1946;
Літаратурна-крытычныя артыкулы. Мн., 1962.
С.С.Лаўшук.
т. 8, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)