АДО́РАНАСЦЬ,
індывідуальная своеасаблівасць задаткаў чалавека, якая забяспечвае патэнцыяльныя магчымасці і дазваляе дасягнуць значных поспехаў у пэўнай галіне дзейнасці. Залежыць ад біялагічна вызначаных прычын (уласцівасцяў мозга, нервовай сістэмы і інш.). Высокая ступень спецыяльнай адоранасці — талент. Тэрмінам «агульная адоранасць» вызначаюць адоранасць інтэлектуальную — праяўленне здольнасцей у рознай сферы дзейнасці. Звычайна адоранасць праяўляецца на ранніх этапах узроставага развіцця, у т. л. і праз якасці характару, асаблівасці сну, актыўнасці. Рэалізацыя адоранасці залежыць: ад адпаведных абставін жыцця, спец. навучання і выхавання; запатрабавання з боку грамадства; самарэалізацыі (самавыхавання) асобы.
Літ.:
Лейтес Е.С. Способности и одарённость в детские годы. М., 1984;
Одарённые дети: Пер. с англ. М., 1991;
Леви В. Нестандартный ребёнок. 3 изд. Хабаровск, 1990.
Т.У.Васілец.
т. 1, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎГЕ́НІКА (ад грэч. eugenēs добрага роду),
вучэнне аб спадчынным здароўі чалавека, шляхах яго захавання і паляпшэння. Прынцыпы Е. сфармуляваў англ. вучоны Ф.Гальтан (1869), які прапанаваў вывучаць тыя фактары, што могуць палепшыць спадчынныя якасці (генет. перадумовы фіз. і псіхічнага здароўя, разумовых здольнасцей, адоранасць) будучых пакаленняў. Ідэі Е. нярэдка выкарыстоўвалі для апраўдання расізму і генацыду. У сучаснай навуцы многія праблемы Е., асабліва барацьба са спадчыннымі захворваннямі, вырашаюцца ў рамках генетыкі чалавека, яго экалогіі, у т. л. мед. генетыкі. Ад ідэі паляпшэння генет. здароўя людзей Е. перайшла пераважна да задач яго захоўвання. Гл. Медыка-генетычнае кансультаванне.
т. 6, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗДО́ЛЬНАСЦІ,
індывідуальна-псіхалагічныя асаблівасці асобы, якія з’яўляюцца суб’ектыўнымі ўмовамі паспяховага ажыццяўлення пэўнага роду дзейнасці. Вылучаюць З. агульныя (здзяйсненне разнастайных відаў дзейнасці, напр., разумовыя З., развітая памяць, мова і інш.) і спецыяльныя (поспехі суб’екта ў пэўных відах дзейнасці, напр. муз., матэм., літ.). З. фарміруюцца і развіваюцца ў працэсе ажыццяўлення розных відаў дзейнасці. Яны не тоесныя сукупнасці ведаў, уменняў і навыкаў індывіда, а праяўляюцца ў дынаміцы (хуткасці, глыбіні, трываласці) авалодання спосабамі і прыёмамі дзейнасці. Своеасаблівае спалучэнне З., якія абумоўліваюць дыяпазон магчымасцей суб’екта, узровень і спецыфіку яго дзейнасці, — адоранасць, вышэйшая ступень адоранасці — талент, найвышэйшая — геніяльнасць. Выяўленне і развіццё З. мае значэнне для прафес. арыентацыі чалавека.
Літ.:
Теплов Б.М. Избр. тр. Т. 1. М., 1985;
Рубинштейн С.Л. Основы общей психологии. М., 1989. Т. 2. С. 122—147;
Готсдинер А.Л. К проблеме многосторонних способностей // Вопросы психологии. 1991. № 4.
М.Ф.Усціновіч.
т. 7, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРЫ́ЗМА (грэч. charisma прызванне. божы дар),
1) выключная здольнасць. надзвычайная адоранасць, якія прыпісваюцца пэўнай асобе (харызматычнаму лідэру) яе прыхільнікамі. Харызматычны лідэр (гл. Лідэрства) валодае прывабнасцю і своеасаблівай уладай над людзьмі (у адрозненне ад улады, атрыманай у спадчыну або ад іерархічнага становішча). Усведамленне ім сваіх экстраардынарных якасцей абумоўлівае яго непахісную ўпэўненасць у тым, што менавіта на яго ўскладзена асаблівая місія, якую ён абавязкова павінен выканаць. І.Кант адмаўляў Х. (чалавечую вялікасць) з пазіцый хрысц. маралі. Г.Гегель вызначаў харызматычных асоб як «сусветна-гіст. індывідуумаў». Ф.Ніцшэ лічыў з’яўленне герояў непазбежным і неабходным. М.Вебер лічыў, што Х. ўласціва вял. палкаводцам, героям, магам, прарокам і прадказальнікам, геніяльным мастакам, выдатным палітыкам, заснавальнікам сусв. рэлігій (Буда, Ісус Хрыстос, Магамет), дзяржаў (Салон, Лікург), вял. заваёўнікам (Аляксандр Македонскі. Цэзар, Напалеон). На аснове аналізу сацыякульт. дынамікі ён прыйшоў да высновы аб паступовым вычарпанні значэння Х. ў выніку рацыяналізацыі гіст. працэсу.
2) Тэалагічны тэрмін для абазначэння 9 асобных дароў Святога Духа, пасланых апосталам у Іерусалімскім храме на свята Сёмухі (мудрасць, веданне духаў, вера, цуды, прароцтва, малітва і да т.п.).
А.Б.Савеня.
т. 16, с. 555
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)