Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТЭРМІ́ЧНАЯ Я́МА, Бекары яма,
збудаванне для абеззаражвання трупаў жывёл (акрамя тых, што загінулі ад сібірскай язвы). Будуецца з вільгацетэрмаўстойлівага матэрыялу, мае герметычную накрыўку і адтуліны для прытоку паветра, глыб. 9—10 м. Размяшчаецца біятэрмічная яма не бліжэй як за 1 км ад населеных пунктаў і вадаёмаў. З цягам часу ў ёй утвараецца аднародны кампост, прыдатны на ўгнаенне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОМАГЕНІ́ЗАЦЫЯ (ад грэч. homogenēs аднародны),
у металургіі стварэнне ў сплавах аднароднай (гамагеннай) структуры або аднароднага хім. саставу. Робіцца гомагенізавальным (дыфузійным) адпалам звычайна пры т-ры 1000—1200 °C і працяглай вытрымцы, калі знікаюць канцэнтрацыйныя мікранеаднароднасці ў сплавах (утвараюцца пры нераўнаважнай крышталізацыі, дыфузійнай металізацыі і інш.). Гомагенізацыя паляпшае тэхнал. пластычнасць сплаваў, павышае стабільнасць і памяншае анізатрапію мех. уласцівасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПРУ́ЖАНАСЦЬ МАГНІ́ТНАГА ПО́ЛЯ,
вектарная фіз. велічыня, якая характарызуе магн. поле. Роўная геам. рознасці магнітнай індукцыі , падзеленай на магнітную пастаянную μ0, і намагнічанасці асяроддзя :
. Для ізатропных асяроддзяў
. Калі аднародны і ізатропны магнетык поўнасцю запаўняе ўсю прастору з магн. полем, Н.м.п. не залежыць ад яго магнітнай пранікальнасці і супадае з Н.м.п., створанага той жа сістэмай макраскапічных токаў у вакууме. Адзінка Н.м.п. ў СІ — ампер на метр. Гл. таксама Поўнага току закон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДРАЗДЗЯЛЕ́ННЕ,
1) частка, раздзел чаго-небудзь, якія ўваходзяць у склад больш буйной адзінкі (напр., упраўленні, аддзелы мін-ваў, навуч. устаноў і інш.).
2) Вайсковая адзінка, якая, як правіла, мае пастаянную арганізацыю і аднароднысклад. Існуюць у кожным відзе ўзбр. сіл, родзе войск (сіл), спец. войск і ўваходзяць у склад больш буйных П. або часцей. П. з’яўляюцца: аддзяленне, узвод, рота (батарэя, звяно, баявая часць карабля), батальён (дывізіён, эскадрылля), акрамя асобнага, і інш. Баявыя задачы выконвае ва ўзаемадзеянні з інш. П. і самастойна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДБО́Ру жывёлагадоўлі,
састаўленне бацькоўскіх пар для атрымання патомства пажаданай якасці; прыём паляпшэння парод с.-г. жывёл. Адрозніваюць П. аднародны (гамагенны) і разнародны (гетэрагенны). Пры аднародным П. выкарыстоўваюць вытворнікаў, падобных адзін да аднаго тыпам целаскладу, прадукцыйнасцю і паходжаннем, каб зберагчы і ўзмацніць каштоўныя якасці бацькоў; пры разнародным П. — пары, якія адрозніваюцца па гэтых паказчыках. Адна з форм аднароднага П. — інбрыдзінг (блізкароднаснае спароўванне для атрымання каштоўных племянных жывёл). Гетэрагенны П. служыць для стварэння новага тыпу жывёл (больш якасных), для ліквідацыі ў патомкаў недахопаў, наяўных у бацькоў, узбагачэння спадчыннасці. П. бывае індывід., групавы, індывід.-групавы, у птушкагадоўлі — сямейна-групавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯ́ДЗІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА МЕ́ЛУ І ГЛІН,
у Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Калядзічы. Паклад у выглядзе адорвеняў мелу туронскага і глін палеаген-неагенавага ўзросту залягае ў тоўшчы канцова-марэнных адкладаў сожскага ледавіка. Мел белы, аднародны, шчыльны, месцамі трэшчынаваты, з уключэннямі крэменю, з вохрыстымі плямамі, у верхняй ч. запясочаны. Гліны цёмна-шэрыя, радзей жаўтавата-шэрыя, з тонкімі праслоямі пылаватага пяску, тлустыя, шчыльныя, сярэдне- і высокапластычныя. Разведаныя запасы мелу 49,9 млн.т, перспектыўныя 44 млн.т. Разведаныя запасы глін 0,3 млн.т. Магутнасць карыснай тоўшчы мелу 6,6—50,6 м, ускрышы 0,2—18,8 м. Магутнасць карыснай тоўшчы глін 4,3—13 м, ускрышы 0,4—8 м. Мел і гліны прыдатныя на вытв-сць партландцэменту, мел выкарыстоўваецца таксама як вапнавае ўгнаенне. Радовішча распрацоўваецца АП «Ваўкавыскцэментнашыфер».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКА́Я ВАДА́,
вада мораў і акіянаў. Агульны аб’ём у Сусв.ак. 1370 млн.км³. Уяўляе сабой аднародны раствор, у якім 96,5% вады і 3,5% солей (у т. л. 85% хларыду натрыю, у значнай колькасці хларыду магнію, сульфату магнію і кальцыю і браміду натрыю), а таксама завіслыя цвёрдыя часцінкі, раствораныя газы і арган. рэчывы (1—5 мг/л). Сярэдняя салёнасць (вызначаецца ў праміле — ‰) М.в. ў акіяне блізкая да 35‰ (ад 33,99‰ на 50°паўд. ш. да 35,79‰ на 5°паўн. ш.), на Пн Чырвонага м. павышаецца да 41,5‰. Шчыльнасць мяняецца ў залежнасці ад т-ры і салёнасці. У адрозненне ад прэснай М.в. замярзае пры т-ры найб. шчыльнасці (-1,9 °C). Скорасць гуку ў М.в. і яе электраправоднасць большыя, чым у прэснай вады, і нарастаюць з павышэннем салёнасці і т-ры. З М.в. здабываюць хларыды натрыю, магнію, брому і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДША́ФТ ГЕАГРАФІ́ЧНЫ,
адносна аднародны ўчастак геагр. абалонкі, які адрозніваецца заканамерным спалучэннем яе кампанентаў, а таксама комплексаў ніжэйшага таксанамічнага рангу (урочышчаў, фацый); адзін з відаў геасістэм. Вывучае Л.г. ландшафтазнаўства. Паняцце Л.г. трактуюць: як прыродны тэр. комплекс, незалежна ад яго складанасці і памераў (мясцовасць, фіз.-геагр. раён, прыродная зона); як участак зямной паверхні, індывідуальны і непаўторны ў прасторы і часе (напр., Асінаўскае балота, Асвейская града); як тыпалагічная катэгорыя, комплекс асобных участкаў пэўнай структуры і паходжання (рачныя даліны, лёсава-яравыя плато). Л.г. даследуюць у 3 кірунках: узаемадзеянне сукупнасці кампанентаў прыродных комплексаў па вертыкальных сувязях (горныя пароды, рэльеф, глебы, падземныя і паверхневыя воды, расліннасць, жывёльны свет, клімат); марфалагічная структура (урочышчаў, фацый і інш. дробных узаемазвязаных комплексаў унутры Л.г.) і гарызантальная будова (сістэмы іерархічна супадпарадкаваных ландшафтных комплексаў, якія дазваляюць праводзіць класіфікацыю Л.г. і ландшафтнае раянаванне; паслядоўная змена стану Л.г. ў часе. У наш час большасць прыродных Л.г. трансфармаваны ў антрапагенны ландшафт. Паводле функцыянальнага выкарыстання адрозніваюць Л.г.: с.-г., лесагасп., прамысловыя, гарадскія, рэкрэацыйныя, запаведныя і інш. Л.г. Беларусі адносяцца да аднаго тыпу — усх.-еўрапейскі (мяшана-лясны), унутры якога вылучаюць падтыпы: барэальны падтаежны (мяшана-лясны) і суббарэальны палескі (шыракаліста-лясны). Л. — найбольш агульны цэласны аб’ект аховы прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦІ́НА,
гідратэхнічнае збудаванне, якое перагароджвае раку ці іншы вадацёк для пад’ёму ўзроўню вады, сканцэнтравання напору ў месцы размяшчэння збудавання і стварэння вадасховішча; асн. частка гідравузла. У залежнасці ад напору (рознасці ўзроўняў вады ў верхнім і ніжнім б’ефах) П. падзяляюцца на нізканапорныя (да 10 м), сярэдненапорныя (10—50 м) і высоканапорныя (больш за 50 м). Будуюцца для энергет. мэт (гідраэлектрычных станцый), паляпшэння суднаходства, водазабеспячэння, меліярацыі, рыбнай гаспадаркі і інш.
Бываюць глухія (водазатрымныя, якія не маюць адтулін для пропуску вады і не прыстасаваны для пераліву вады праз грэбень), водаскідныя (прапускаюць залішнюю ваду праз грэбень, а крыгі лёду, наносы і інш. — праз водазліўныя адтуліны) і камбінаваныя. Паводле канструкцыі падзяляюцца на арачныя (пад ціскам вады працуюць як скляпенне, перадаючы нагрузкі на скальныя берагі), гравітацыйныя (масіўныя бетонныя або каменныя П., устойлівасць якіх забяспечваецца ўласнай масай — сіламі трэння па аснове), контрфорсныя (маюць рэбры-апоры — контрфорсы, прамежкі паміж якімі перакрываюцца плоскімі плітамі ці аркамі) і кансольныя (устойлівасць забяспечваецца кансольным замацаваннем іх у грунце з дапамогай анкераў ці паляў). Воданепранікальнасць П. забяспечваецца звычайна экранам, дыяфрагмай ці ядром. Самыя даўнія П. — земляныя (насыпныя і намыўныя), узніклі з развіццём гідратэхнікі ў Стараж. Егіпце, Індыі, Кітаі і інш. У Кіеўскай Русі П. будаваліся для млыноў вадзяных. Найб. пашыраныя сучасныя П. — грунтавыя (напр., 305-метровая Нурэкскай ГЭС у Таджыкістане), бетонныя і жалезабетонныя (арачная Інгурскай ГЭС у Грузіі, выш. 271,5 м), каменныя, якія робяцца накідкай каменняў ці каменнай муроўкай.
На Беларусі ў малой гідраэнергетыцы, меліярацыі, водазабеспячэнні пашыраны нізка- і сярэдненапорныя грунтавыя і бетонныя П. (больш за 900 П. для стварэння вадасховішчаў і сажалак комплекснага выкарыстання).
П.К.Чэрнік.
Будова плаціны: 1 — напорная грань; 2 — грэбень; 3 — нізавая грань; 4 — падэшва; 5 — зуб (выступ); 6 — панур; ВБ, НБ — верхні і ніжні б’ефы; Н — напор.Асноўныя тыпы плацін: а — грунтовая з ядром (1 — аднародны грунт, 2 — ядро з малапранікальнага грунту ці іншага матэрыялу); б — каменнагрунтавая (1 — воданепранікальная частка з малапранікальнага грунту, 2 — прызма каменнага накіду); в — арачная (1 — вадаспуск, 2 — проціфільтрацыйная заслона, П — план); г — контрфорсная масіўная (1 — бетонныя напорныя перакрыцці, 2 — контрфорсы).